Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГУСЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.

т. 5, с. 548

ГУСЬКО́Ў Валерый Уладзіміравіч

(н. 12.3.1932, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтамабіле- і трактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. навукі і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1953). З 1963 у БПА. Навук. працы па сістэмным аналізе і сінтэзе параметраў мабільных машын. Распрацаваў асновы тэорыі ўзаемадзеяння рухачоў мабільных машын з апорнай паверхняй і аптымізацыі параметраў аўтамабіляў і трактароў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптимальные параметры сельскохозяйственных тракторов. М., 1966;

Тракторы: Теория. М., 1988 (у сааўт.).

А.І.Болсун.

т. 5, с. 548

ГУСЬ-ХРУСТА́ЛЬНЫ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл., на р. Гусь. Узнік у сярэдзіне 18 ст. 80,7 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Цэнтр шкляной прам-сці [вытв-сць хрусталю (гл. Гусеўскі хрусталёвы завод), асабліва чыстага кварцу, шкла, шкловалакна]; лёгкая прам-сць. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка; музей хрусталю.

т. 5, с. 548

ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ

(Anser albifrons),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.ліст.) пралётах.

Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.

т. 5, с. 547

ГУСЬ ШЭ́РАЯ

(Anser anser),

птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.

Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.

т. 5, с. 548

ГУСЯЛА́ПКА

(Alchemilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (А. acutiloba Opiz), горная (А. monticola), шызаватая (А. glaucescens), зграбная (А. gracilis), гусялапка балтыйская (А. baltica), голасцябловая (А. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (А. breviloba), хвалісталістая (А. cymatophylla), бугрыстая (А. gibberulosa), голая (А. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.

Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 548