ГУСЯЛА́ПКА (Alchemilla),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (A. acutiloba Opiz), горная (A. monticola), шызаватая (A. glaucescens), зграбная (A. gracilis), гусялапка балтыйская (A. baltica), голасцябловая (A. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (A. breviloba), хвалісталістая (A. cymatophylla), бугрыстая (A. gibberulosa), голая (A. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.

Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)