ВЕЛЬЦАВА́ННЕ
(ад ням. wälzen качаць, перакочваць),
перапрацоўка поліметал. адходаў металургічнай вытв-сці (шлакаў свінцовай, меднай і алавянай вытв-сці, цвёрдых рэшткаў цынкавай вытв-сці) з мэтай дадатковага атрымання металаў. Прадукты вельцавання — узгоны свінцу, цынку, волава і інш. металаў, а таксама клінкер, які мае звычайна медзь.
У працэсе вельцавання адходы змешваюцца са здробненым палівам (коксам, антрацытам і інш.) і награюцца ў гарыз. вярчальных печах да т-ры 1100—1300 °C. Лятучыя металы (перш за ўсё цынк) пад уздзеяннем т-ры аднаўляюцца з вокіслаў, выпараюцца і зноў акісляюцца кіслародам паветра і вуглякіслым газам. Вокіслы ўлоўліваюцца ў фільтрах, пасля чаго з іх вылучаюць металы. Медзь, жалеза і інш. нелятучыя металы, якія застаюцца ў цвёрдым стане, выплаўляюць (на плавільных з-дах).
т. 4, с. 69
ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,
парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.
Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.
Э.Р.Самусенка.
т. 4, с. 69
ВЕЛЬЯМО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Матыкальскім с/с Брэсцкага р-на. Цэнтр калгаса. За 28 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Лышчыцы. 535 ж., 181 двор (1995). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (1899).
т. 4, с. 70
ВЕЛЮ́Р
(ад франц. velours аксаміт),
тканіна, скура і інш. матэрыялы з мяккім ворсавым аксамітным добрым бокам: велюр-драп, велюр-аксаміт і інш. Вырабляюць з воўны (велюр-драп), са скуры свіней ці рагатай жывёлы хромавым дубленнем (хромавая замша). Выкарыстоўваюць на верхняе адзенне, галаўныя ўборы, абутак.
т. 4, с. 70
ВЕЛЯМІ́ЦКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1881 у в. Велямічы (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.) на месцы царквы 1724. У яе архітэктуры адлюстраваны традыцыі мясцовай школы дойлідства. Квадратны ў плане асн. аб’ём, бабінец і 5-гранная апсіда з 2 невял. рызніцамі абапал алтара ўтвараюць 3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асн. аб’ём пры дапамозе ветразяў пераходзіць у 2-ярусны верх (васьмярык на чацверыку), апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы. У 1888 да асн. аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы з васьмерыковымі вярхамі, царква набыла 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны, умацаваны лапаткамі, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі (у апсідзе — у форме крыжа).
т. 4, с. 70
ВЕЛЯМІ́ЧЫ,
група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.
т. 4, с. 70
ВЕЛЯМІ́ЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПнУ ад г. Столін, 295 км ад Брэста, 47 км ад чыг. ст. Гарынь. 2004 ж., 685 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Веляміцкая Ільінская царква. Каля вёскі група археал. помнікаў Велямічы.
т. 4, с. 70
ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл. Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).
А.І.Падлужны.
т. 4, с. 70
ВЕЛЯШКО́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пн ад гар. пасёлка і чыг. ст. Лёзна, 54 км ад Віцебска. 459 ж., 184 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.
т. 4, с. 70