ВЕЛЯМІ́ЧЫ,

група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)