Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ЧАНАЎ (Іван Міхайлавіч) (13.8.1829, с. Сечанава Ніжагародскай вобл., Расія — 15.11.1905),

расійскі фізіёлаг; заснавальнік расійскай фізіял. школы. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1904, чл.-кар. 1869). Скончыў Маскоўскі ун-т (1856). У 1860—70 праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу, з 1871 — Новарасійскага ў Адэсе, у 1876—88 Пецярбургскага, у 1891—1901 Маскоўскага ун-таў. Асн. працы па фізіялогіі нерв. дзейнасці. Адкрыў існаванне цэнтр. тармажэння ў нерв. сістэме (сечанаўскае тармажэнне), абгрунтаваў адзінства псіхічных і фізіял. з’яў, рэфлекторны характар складаных псіхічных рэакцый, падуладнасць псіхікі аб’ектыўнаму вывучэнню. Выявіў эфект сумацыі ў нерв. цэнтрах, адзначыў ролю рухаў і рухальных адчуванняў у пачуццёвым і разумовым пазнанні, аналізаваў прыроду мысліцельных працэсаў. Адкрыў перыяд. біяэлектрычныя з’явы ў нерв. сістэме, увёў паняцце сігнальнай рэгуляцыі нервова-псіхічнай дзейнасці. Стваральнік аб’ектыўнай псіхалогіі паводзін, заклаў асновы фізіялогіі працы, узроставай і эвалюц. фізіялогіі, прапанаваў ідэю «актыўнага адпачынку».

Тв.:

Элементы мысли: Сб. избр. ст. М.; Л., 1943;

Рефлексы головного мозга. М., 1952.

Літ.:

Яновская М.И. Сеченов М., 1959;

Ярошевский М.Г. И.​М.​Сеченов, 1829—1905. Л., 1968.

І.М.Сечанаў.

т. 14, с. 358

СЕ́ЧНА, Сешня,

рака ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 166 км². Выцякае з Дабееўскага воз. за 500 м на ПдУ ад в. Ільінцы, вусце каля в. Ярашова. Рэчышча ад вытоку на працягу 7 км каналізаванае.

т. 14, с. 358

СЕ́ЧЭНЫ ((Széchenyi) Іштван) (21.9.1791, Вена — 8.4.1860),

венгерскі паліт. і грамадскі дзеяч. Граф. У 1820—30-я г. кіраўнік барацьбы ліберальнага венг. дваранства за рэформы. Прыхільнік паступовых рэформ, праціўнік радыкальных дзеячаў венг. нац.-вызв. руху на чале з Л.​Кошутам. У пач. рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі ўвайшоў ва ўрад Л.​Бацяні як міністр шляхоў зносін (крас. 1848), але ў вер. 1848 адышоў ад паліт. дзейнасці. Выступаў супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Венгрыі пасля паражэння рэвалюцыі. Скончыў самагубствам.

т. 14, с. 358

СЕ́ЯЛКА,

машына для высявання насення с.-г. і лясных культур, а таксама для ўнясення мінер. угнаенняў. Бываюць трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), конныя і ручныя.

Паводле спосабу сеяння адрозніваюць С.: радковыя — для высявання насення звычайным радковым, вузкарадковым, шырокарадковым і стужачным спосабамі; гнездавыя — для сяўбы групамі (гнёздамі); пункцірныя (дакладнага высявання) — для высявання насення на аднолькавай адлегласці ў радку; пункцірна-гнездавыя — для размяшчэння насення гнёздамі на аднолькавай адлегласці; раскідныя — размяркоўваюць насенне траў і ўгнаенне па плошчы поля. Паводле прызначэння бываюць С.: для сяўбы збожжавых культур (у т. л. камбінаваныя зернетукавыя для адначасовага высявання асн. культуры, мінер. угнаенняў і падсявання насення траў); сяўбы прапашных культур (кукурузныя, цукровабураковыя, бавоўнавыя); ільняныя і агароднінныя; спец. прызначэння (лясныя, парніковыя, плодагадавальнікавыя і інш.). У раёнах з ветравой эрозіяй пашыраны камбінаваныя сеялкі-культыватары для сяўбы на глебах, апрацаваных безадвальнымі прыладамі. Пры сяўбе яны рыхляць глебу, падразаюць пустазелле, высяваюць мінер. ўгнаенні і прыкачваюць засеяныя радкі.

На Беларусі фірма «Лідаграпраммаш» выпускае разнастайныя С. для сяўбы збожжавых, зернебабовых і травяных культур, Брэсцкі электрамех. з-д — сеялкі СПУ-6 «Бярэсце» для сяўбы збожжавых культур і травасумесей.

В.​М.​Кандрацьеў.

Сеялка: 1 — радковая англійскага вынаходніка Дж.​Тула (пач. 18 ст.); 2 — пнеўматычная універсальная СПУ-6 «Бярэсце» (Брэсцкі электрамеханічны завод).
Сеялка: а — прычапная радковая зернятукавая (1 — гідрацыліндр для пад’ёму сашнікоў; 2 — бункер для насення і ўгнаенняў; 3 — высейвальнае прыстасаванне; 4 — падножная дошка; 5 — закладвальныя рабочыя органы; 6 — сашнікі; 7 — насеннеправоды); б — пнеўматычная універсальная (1 — вентылятар; 2 — інжэктарны шлюз; 3 — шахтавая труба; 4 — размеркавальнікі; 5 — насеннеправоды; 6 — бункер; 7 — дазіравальнае прыстасаванне; 8 і 9 — высявальныя лемяшы); в — сашнікі (1 і 2 — радковы і вузкарадковы двухдыскавыя; 3 — аднадыскавы; 4 — анкерны; 5 — кілепадобны).

т. 14, с. 358

СЕЯ́МСКІ ЗАЛІ́Ў У Паўднёва-Кітайскім м., паміж п-вам Малака і паўд.-ўсх. ч. п-ва Індакітай. Даўж. 720 км, шыр. каля ўвахода 400 км, глыб. да 70 м. Прылівы сутачныя (да 4 м). Упадае р. Менам-Чао-Прая. Порт Бангкок (Тайланд).

т. 14, с. 429

СЕ́ЯНЕЦ,

маладая расліна, атрыманая з насення ў пасяўным аддзяленні пладовага ці ляснога гадавальніка без перасадкі. С. пладовых раслін (1—2-гадовыя) выкарыстоўваюць у якасці прышчэпаў для размнажэння сартоў; часта іх наз. дзічкамі. С. лясных культур (1—3-гадовыя хвойных і 1—2-гадовыя лісцевых парод) выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.

т. 14, с. 359

СЕ ХЭ,

кітайскі жывапісец і тэарэтык 5 ст. Аўтар трактата «Катэгорыі класічнага жывапісу», у якім акрэсліў 6 правіл пабудовы жывапіснага твора: рытм душы — рух жыцця; валоданне малюнкам, валоданне пэндзлем; адпаведнасць з аб’ектам, дасягненне знешняга падабенства; увядзенне фарбаў у адпаведнасці з натурай; увядзенне парадку, размеркаванне мас; выкарыстанне традыцый, прапрацоўка ўзораў. Працаваў у жанры «людзі». Творы не захаваліся.

т. 14, с. 358