Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІХАЧО́Ў (Дзмітрый Сяргеевіч) (28.11. 1906, С.-Пецярбург—30.9.1999),

расійскі літаратуразнавец і гісторык культуры. Акад. АН Расіі (1970; чл.-кар. з 1953). Чл. шэрагу замежных АН і ганаровы доктар ун-таў. Скончыў Ленінградскі ун-т (1928). У 1928—32 быў рэпрэсіраваны. З 1938 у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом; з 1954 заг. сектара стараж.-рус. л-ры). Работы Л. вызначаюцца комплексным падыходам да праблем літ.-знаўства, якія стаяць на стыку розных галін культуры (самабытнасць л-р усх. славян, узаемадзеянне са сферамі грамадскага жыцця, узаемасувязі з выяўл. мастацтвам, дойлідствам, метад, стыль, сістэма жанраў). Яго кнігі «Рускія летапісы і іх культурна-гістарычнае значэнне» (1947), «Узнікненне рускай літаратуры» (1952), цыкл работ пра «Слова аб палку Ігаравым» (1950—85), «Чалавек у літаратуры старажытнай Русі» (1958), «Тэксталогія. На матэрыяле рускай літаратуры X—XII ст.» (1962), «Паэтыка старажытнарускай літаратуры» (1967), «Развіццё рускай літаратуры X—XII стст. Эпохі і стылі» (1973) маюць важнае значэнне ў пастаноўцы і вырашэнні тэарэт. і гісторыка-літ. пытанняў. Даследаваў «Аповесць мінулых гадоў», Аўрамкі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс, Наўгародскія летапісы, творчасць Кірылы Тураўскага, Сімяона Полацкага, Клімента Смаляціча і падкрэсліваў непадзельнасць, а з 13 ст. цесную ўзаемасувязь літ. традыцый рус. і бел. л-р. Дзярж. прэміі СССР 1952, 1969. Міжнар. прэмія імя братоў Кірылы і Мяфодзія 1979. Дзярж. прэмія Расіі 1993.

Тв.:

Избр. работы. Т. 1—3. Л., 1987;

Книга беспокойств: Воспоминания, статьи, беседы. М., 1991;

Статьи ранних лет. Тверь, 1993.

Л.Л.Кароткая.

Дз.С.Ліхачоў.

т. 9, с. 321

ЛІХАЧО́Ў (Мікалай Пятровіч) (24.4.1862, г. Чыстапаль, Татарстан — 14.4.1936),

расійскі гісторык і мастацтвазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902), акад. АН СССР (1925). Д-р гіст. н. (1892). Скончыў Казанскі ун-т (1884). З 1894 чл. Археаграфічнай камісіі, праф. Пецярбургскага археал. ін-та. З 1902 пам. дырэктара Публічнай б-кі ў Пецярбургу. Працы Л. па крыніцазнаўстве і дапаможных гіст. дысцыплінах (сфрагістыцы, палеаграфіі, генеалогіі і інш.), гісторыі кнігі, стараж.-рус. і візант. мастацтва вызначаюцца багаццем фактычнага матэрыялу. Даследаванні Л. ў галіне ўсх., візант. і асабліва стараж.-рус. сфрагістыкі («З лекцый па сфрагістыцы», 1899; «Найстаражытнейшая сфрагістыка», 1906; «Матэрыялы для гісторыі візантыйскай і рускай сфрагістыкі», вып. 1, 1928) дазваляюць лічыць яго заснавальнікам рас. сфрагістыкі. У 1925 перадаў АН СССР створаны ім унікальны Музей палеаграфіі, у т.л. больш як 600 стараж.-рус. пячатак.

т. 9, с. 321

ЛІХАЧО́Ў (Сяргей Аляксеевіч) (н. 2.9.1952, г. Екацярынбург, Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед. н. (1995). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1975). З 1984 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Навук. працы па клінічнай неўралогіі, вестыбулярнай дысфункцыі ў клініцы нерв. хвароб.

Тв.:

Клинические и теоретические аспекты изучения некоторых вестибулоокулярных механизмов головного мозга // Лікарська справа. 1993. № 10—12;

Дифференциальная диагностика вестибулярной дисфункции по реакции подавления вестибулоокулярного рефлекса // Здравоохранение Беларуси. 1994. № 10.

т. 9, с. 321

ЛІ́ХВІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ,

тое, што александрыйскае міжледавікоўе.

т. 9, с. 321

ЛІХВЯ́РСКІ КАПІТА́Л,

першая гіст. форма капіталу. Прыносіў яго ўладальніку даход у выглядзе працэнта. Уласцівы дакапіталіст. спосабу вытв-сці, папярэднік пазыковага капіталу. Ліхвяры спаганялі за грашовыя пазыкі вял. працэнты, даводзячы дробных вытворцаў да галечы.

т. 9, с. 321

ЛІХВЯ́РСТВА,

дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял. кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.

Г.А.Маслыка.

т. 9, с. 321

ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),

метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.

Літ.:

Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;

Биоиндикация и биомониторинг. М., 1991.

У.У.Галубкоў.

т. 9, с. 321

ЛІХЕНАЛО́ГІЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + ... логія),

навука пра лішайнікі; раздзел батанікі. Вывучае відавую разнастайнасць лішайнікаў (сістэматыка), іх будову (марфалогія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), роднасныя сувязі (філагенія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), геагр. пашырэнне і гасп. значэнне. Звязана з экалогіяй, медыцынай, прам-сцю. Першыя звесткі пра лішайнікі трапляюцца ў Тэафраста (4—3 ст. да н. э.). Заснавальнік Л. — Э.Ахарыус. На Беларусі першыя апісанні лішайнікаў зроблены С.Б.Юндзілам і Ф.Блонскім у 19 ст. Планамерна вывучаць ліхенафлору пачалі з 1930-х г. у АН Беларусі і БДУ пад кіраўніцтвам М.П.Таміна, які сабраў багаты гербарны матэрыял, выдаў вызначальнікі лішайнікаў Беларусі (1936—38). Даследаванні па Л. (пераважна фларыстычныя і фітацэнатычныя) вядуцца ў Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі (У.У.Галубкоў, Н.М.Кобзар). Даследуюцца антрапагенныя змены ліхенафлоры і груповак лішайнікаў, вядуцца работы па ліхенаіндыкацыі стану навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Горбач Н.В. Лихенологические исследования в Белоруссии и перспективы их развития // Экология и биология низших растений: Тез. докл. Мн., 1982;

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995.

У.У.Галубкоў.

т. 9, с. 321

ЛІ́ХНІС,

кветкавая расліна, тое, што зорка.

т. 9, с. 322

ЛІХТА́Р (ад ням. Licht святло) у архітэктуры, 1) круглая або шматгранная ў сячэнні надбудова-барабан (з вял. аконнымі праёмамі) над дахам, купалам ці інш. пакрыццём.

2) Зашклёны выступ у сцяне будынка на вышыню 1, 2 і больш паверхаў; тое, што эркер.

3) Зашклёная частка дахавага пакрыцця, прызначаная для натур. верхняга асвятлення памяшканняў. Пашыраны ў архітэктуры стыляў барока і класіцызму.

Адыгрывалі ролю аднаго з гал. элементаў кампазіцыі ў завяршэнні бельведэра, барабана, купала. Звычайна завяршаліся скульптурай, крыжам, шпілем ці інш. дэкар. формай. У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюцца ў прамысл. і інш. збудаваннях (залах выставак, музеях, гандл. збудаваннях, будынках ВНУ) для асвятлення памяшканняў і натуральнай вентыляцыі.

А.М.Кулагін.

Ліхтар касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна.

т. 9, с. 322