Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́РЫЯ ў мастацтве,

шэраг твораў (больш за 3) станковага мастацтва, звязаных адзінствам задумы. Работы адной С. часцей выконваюцца ў адным стылі і маштабе. З часоў імпрэсіянізму С. — група станковых работ, звязаных адзінствам прадмета выяўлення, напр., колеравае вырашэнне, асвятленне або дынаміка прасторавага ўспрыняцця. Гэта ідэя перанята ў яп. мастакоў (К.​Утамара, К.​Хакусай і інш.). У мастацтве постмадэрнізму і сучасным, асабліва ў графіцы, папулярныя С., якія складаюцца з блізкіх варыянтаў адной тэмы. С. — больш вузкае паняцце цыкла.

т. 14, с. 354

СЕРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ, серыялізм (ад ням. serielle Musik),

у музыцы — від серыйнай тэхнікі, пры якім серыйны прынцып распаўсюджваецца больш чым на 1 параметр муз. кампазіцыі: вышыню, рытм, агогіку, тэмп і інш. Звязана з новай арганізацыяй муз. «прасторы-часу». Элементы С. сустракаюцца ў творах Л.​Берыо, А.​Веберна, Э.​Дзянісава, Л.​Нона, К.​Штокгаўзена.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 14, с. 354

СЕ́РЫЯ ГЕАЛАГІ́ЧНАЯ,

буйное падраздзяленне мясц. і рэгіянальных стратыграфічных схем; стратыграфічная адзінка. Уключае магутныя і складана пабудаваныя асадкавыя, вулканічныя, вулканагенна-асадкавыя, метамарфізаваныя тоўшчы, якія фарміраваліся на працягу адзінага буйнога седыментацыйнага этапа і адпаведнага яму вулкана-магматычнага або тэктанічнага цыкла. Складаецца з некалькіх (дзвюх і больш) світ геалагічных. Паводле аб’ёму можа адпавядаць аддзелу адзінай стратыграф. шкалы або быць большай ці меншай за яго. Межамі серыі ў платформавых абласцях з’яўляюцца паверхні вял. рэгіянальных нязгоднасцей і стратыграф. перарываў, у геасінклінальных — вулканагенныя або інтрузіўна-магматычныя ўтварэнні. На Беларусі С.г. вылучаны ў крышт. фундаменце і платформавым чахле. Напр., складанапабудаваныя тоўшчы метамарфічных парод архейска-раннепратэразойскага фундамента падзяляюцца на шчучынскую, кулажынскую, аколаўскую і жыткавіцкую серыі; у адкладах платформавага чахла вылучаюцца; бабруйская, шаровіцкая і беларуская (палеская) серыі ў рыфеі; вільчанская, валынская і валдайская ў вендзе; балтыйская і высокаўская ў кембрыі, беліцкая ў неагене.

С.​А.​Кручак.

т. 14, с. 354

СЕ́РЫ АКСІ́ДЫ,

хімічныя злучэнні серы з кіслародам. Найб. пашыраныя аксіды серы (IV), ці серы дыаксід SO2, і аксід серы (VI), ці серы трыаксід SO3.

Серы дыаксід (сярністы ангідрыд, сярністы газ) — бясколерны газ з рэзкім пахам, шчыльн. 2,926 кг/м³, tпл -75,46 °C, tкіп -10,6 °C. Добра раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Водны раствор SO2сярністая кіслата H2SO3: моцная двухасноўная к-та, якая існуе толькі ў растворы, утварае солі — сульфіты і гідрасульфіты. Уваходзіць у склад вулканічных газаў. У прам-сці атрымліваюць абпальваннем пірыту. Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці сернай к-ты, а таксама як аднаўляльнік, антыаксідант, для адбельвання шэрсці, шоўку і інш., кансервавання агародніны, садавіны; вадкі — як холадагент. Серы трыаксід (серны ангідрыд) — бясколерная вадкасць (пры пакаёвай т-ры), tкіп 44,7 °C; пры т-ры ніжэй за 16,8 °C — празрыстыя крышталі (α=SO3). У прысутнасці вельмі нязначнай колькасці вільгаці (1 моль вады на 10​6 моль SO3) полімерызуецца і цвярдзее; цвёрды існуе ў β-, γ- і δ-мадыфікацыях (tпл 32,5, 62,2 і 95 °C адпаведна). Бурна (з вылучэннем вял. колькасці цяпла) узаемадзейнічае з вадой, утварае серную кіслату. У вільготным паветры «дыміць». Раствараецца ў канцэнтраванай сернай кіслаце (раствор наз. алеумам). Моцны акісляльнік. Атрымліваюць каталітычным акісленнем SO2. Выкарыстоўваюць для вытв-сці сернай к-ты, олеума, сінтэзу шматлікіх арган. рэчываў, для гідратацыі пры вытв-сці азотнай к-ты. С.а. атрутныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі органаў дыхання, серны ангідрыд выклікае цяжкія апёкі скуры. SO2 — адзін з асн. ядаў, што атручваюць навакольнае асяроддзе, ГДК у атм. паветры 0,5 мг/м³.

А.​Л.​Чарнякова.

т. 14, с. 353

СЕ́РЫ ФТАРЫ́ДЫ,

неарганічныя бінарныя злучэнні серы з фторам. Найб. пашыраны серы гексафтарыд SF6 і тэтрафтарыд SF4. Вядомы таксама дытыядэкафтарыд S2F10 і дытыядыфтарыд S2F2, якія раскладаюцца пры награванні.

Серы гексафтарыд — бясколерны газ без паху, tпл -50,8 °C, пры т-ры -64 °C узганяецца. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Тэрмічна ўстойлівы да 700 °C. Хімічна інертны; не ўзаемадзейнічае з к-тамі і шчолачамі. Мае нізкую цеплаправоднасць, добры дыэлектрык. Выкарыстоўваюць як ізалятар, холадагент (тэхн. назва — элегаз) у трансфарматарах, высакавольтнай апаратуры, рабочае цела ў газавых хім. лазерах і інш. Серы тэтрафтарыд — бясколерны газ з рэзкім пахам, tпл -121 °C, tкіп -38 °C. Раствараецца ў бензоле; вадой і яе парай раскладаецца. Выкарыстоўваюць для селектыўнага фтарыравання кіслародзмяшчальных арган. злучэнняў, атрымання SF6. С.ф. таксічныя; пашкоджваюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі; ГДК у атм. паветры для SF4 0,5 мг/м³, для SF6 0,001 мг/м³.

т. 14, с. 353

СЕ́РЫ ХЛАРЫ́ДЫ,

неарганічныя бінарныя злучэнні серы з хлорам. Практычна найб. важны — дытыядыхларыд S2Cl2, ці серы хларыд.

Серы хларыд — масляністая вадкасць з непрыемным пахам; чысты S2Cl2 — бясколерны, тэхн. — зеленавата-жоўты, tпл -80 °C, tкіп 137 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1678 кг/м³. Раствараецца ў этаноле, бензоле, дыэтылавым эфіры. Вадой гідралізуецца (раскладаецца). Пры хлараванні S2Cl2 атрымліваюць серы дыхларыд SCl2 — чырвоная вадкасць, шчыльн. 1621 кг/м³ (15 °C). Выкарыстоўваюць S2Cl2 для халоднай вулканізацыі каўчуку, сінтэзу хларыдаў, у вытв-сці інсектыцыдаў; SCl2 для атрымання тэтрафтарыду серы (гл. Серы фтарыды). С.х. таксічныя, пашкоджваюць слізістыя абалонкі, дыхальныя шляхі; ГДК у атм. паветры для S2Cl2 0,3 мг/м³.

т. 14, с. 353

СЕРЭМБА́Н (Seremban),

горад у Малайзіі, на ПдЗ п-ва Малака. Адм. ц. штата Негры-Сембілан. Каля 150 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., дрэваапр., гумава-тэхн., харчовая. У наваколлі — здабыча волава.

т. 14, с. 354

СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),

1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.​Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.​Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.​Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.​Шуберта.

2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.​А.​Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.​Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 354

СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),

нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл. каля 13 тыс. км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, які ўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар. НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.​Гржымека.

Да арт. Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.

т. 14, с. 354

СЕ́СІЯ (ад лац. sessio пасяджэнне),

1) арганізацыйная форма работы прадстаўнічага органа, суда, міжнар., навук. ці грамадскай арганізацыі і інш. 2) Перыяд здачы экзаменаў у сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. установах, дзе прынята прадметна-курсавая ці курсавая форма адукацыі. У навуч. годзе (дзённая і вячэрняя форма адукацыі) 2 С.: зімовая і веснавая.

т. 14, с. 354