Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́РНЫ КАЛЧАДА́Н,

другая назва мінералу пірыт.

т. 14, с. 352

СЕ́РНЫ ЭФІ́Р,

тое, што дыэтылавы эфір.

т. 14, с. 352

СЕРО́ЗНАЯ АБАЛО́НКА,

абалонка, якая высцілае сценкі поласцей цела, укрывае размешчаныя ў іх органы. Складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі, пакрытай эпітэліем. У залежнасці ад месца размяшчэння С.а. наз. брушынай, плеўрай, перыкардам. Выконвае ахоўную функцыю ў якасці серозна-гематалімфатычнага бар’ера. Пры паталаг. працэсах можа ўтвараць спайкі, прадуцыраваць залішнюю колькасць серознай вадкасці (напр., пры асцыце, гідраперыкардзе). Запаленне С.а. — серазіт (перытаніт, плеўрыт, перыкардыт).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 352

СЕРПАНЦІ́Н [франц. serpentin ад лац. serpens (serpentis) змяя],

скрутак вузкай доўгай каляровай папяровай стужкі, якую кідаюць у публіку на карнавалах, маскарадах, балях. У пераносным значэнні С. наз. участкі звілістай горнай дарогі.

т. 14, с. 352

СЕРПЕНТА́РЫЙ [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

памяшканне для масавага ўтрымання змей з мэтай атрымання ад іх яду; разнавіднасць тэрарыума. Бываюць таксама дэкар. і дэманстрацыйныя (у заапарках). Першы С. створаны ў Парыжы (1895), потым у Бразіліі (1899). На Беларусі С. існуюць у в. Шчытоўка Сенненскага р-на (з 1987), у пас. Бараўляны пад Мінскам (1988). С. Туркменіі і Азербайджана спецыялізуюцца на атрыманні яду гюрзы, кобры, эфы; Бішкекскі (Таджыкістан), Падмаскоўны (Расія), на Беларусі С. працуюць з гадзюкай звычайнай. Змяіны яд выкарыстоўваецца пераважна ў фармацэўтычнай і біяхім. прам-сці (вырабляецца больш за 30 лек. прэпаратаў).

т. 14, с. 352

СЕРПЕНЦІ́Н [ад лац. serpens (serpentis) змяя],

мінерал падкласа слаістых сілікатаў, Mg3[Si2O5](OH)4. Змяшчае аксід магнію MgO да 43%, прымесі жалеза, алюмінію, нікелю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скрытакрышт. шчыльныя масы, агрэгаты зблытана-валакністыя, паралельна-валакністыя, лускавінкавыя і інш. Гал. структурныя разнавіднасці С. — антыгарыт (мікралускаватая, пласціністая), лізардыт (тонказярністая) і хрызатыл (тонкавалакністая). Колер зялёны розных адценняў, зрэдку белы, жоўты, блакітны і лілова-сіні (хрызатыл-азбест). Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,55 г/см³. Утвараецца пры метасаматычных працэсах з удзелам гідратэрмальных раствораў за кошт змены ультраасн. парод. С. — частка пароды серпенцініт. Крыніца здабычы нікелю; выкарыстоўваецца як абліцовачны і вырабны камень. Гл. таксама Азбест.

Серпенцін.

т. 14, с. 352

СЕРПЕНЦІНІ́Т, змеявік,

метамарфічная горная парода, якая складаецца з мінералаў групы серпенціну. Утвараецца пры гідратэрмальным змяненні пераважна ультраасноўных парод (гіпербазітаў), у выніку чаго іх бязводныя сілікаты магнію гідралізуюцца і пераўтвараюцца ў мінералы групы серпенціну, а самі горныя пароды ў С. З працэсам серпенцінізацыі звязана ўтварэнне большасці радовішчаў хрызатыл-азбесту (гл. Азбест). Выкарыстоўваецца ў буд-ве (абліцовачны матэрыял) і ювелірнай справе (паўпразрыстыя разнавіднасці — офікальцыт).

т. 14, с. 352

СЕ́РПУХАЎ,

горад у Маскоўскай вобл. Расіі. Прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Нара. Вядомы з 1339. 132 тыс. ж. (1999). Чыг. станцыя. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., харч., тэкстыльная; вытв-сць буд. матэрыялаў. Гіст.маст. музей. Серпухаўскі крэмль, ансамблі Уладычнага (16—17 ст.) і Высоцкага (16—18 ст.) манастыроў, цэрквы (17—18 ст.), жылыя асабнякі (18—19 ст.). Каля С. — Прыокска-тэрасны запаведнік. Каля С. ў г. Пушчына радыёастранамічная абсерваторыя і рас. інавацыйны біятэхнал. цэнтр «Пушчына»; у г. Протвіна — навук. комплекс Ін-та фізікі высокіх энергій, у т. л. Серпухаўскі сінхрафазатрон.

т. 14, с. 352

«СЕРП І МО́ЛАТ»,

залаты медаль у СССР, устаноўлены ў 1940 як знак асаблівай адзнакі Героя Сацыялістычнай Працы.

т. 14, с. 352

СЕРТО́РЫЙ (Квінт) (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),

рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог над рым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.

т. 14, с. 352