Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́БНЫЯ ГАСПАДА́РКІ, рыбгасы,

гаспадаркі, якія гадуюць рыбу ў штучных сажалках ці прыстасаваных натуральных вадаёмах (гл. Сажалкавая рыбная гаспадарка), у тэрмальных водах ДРЭС (гл. Садковая рыбная гаспадарка), у рыбагадавальніках, здабываюць у натуральных вадаёмах (гл. Азёрна-таварная рыбная гаспадарка), перапрацоўваюць рыбу. Да функцый Р.г. таксама адносяць тэхн. і біял. меліярацыю вадаёмаў, штучнае зарыбленне вадаёмаў гасп.-каштоўнымі відамі рыб (карп, белы амур, таўсталобікі, сырок і інш.), пабудову рыбаахоўных збудаванняў, узнаўленне і паляпшэнне якасці рыбных запасаў. Паводле структуры Р.г. падзяляюць на поўнасістэмныя (здзяйсняюць поўны цыкл развядзення рыбы: атрыманне спелых вытворнікаў і палавых прадуктаў ад іх, апладненне ікры і яе інкубацыя, вытрымліванне лічынак, вырошчванне моладзі, выпуск ў вадаёмы ці дарошчванне яе да таварнага стану ў сажалках) і няпоўнасістэмныя (адрозніваюцца адсутнасцю аднаго ці некалькіх звёнаў у гасп. працэсе вырошчвання рыбы). Р.г. вядуцца з рознымі абаротамі (перыяд часу, неабходны для вырошчвання рыбы ад ікрынкі да таварнай вагі).

На Беларусі 26 Р.г., якія ўваходзяць у сістэму Мінсельгасхарчу, таксама ў структуры нац. паркаў Нарачанскі, Браслаўскія азёры. Найб. буйныя: «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў і інш. Большасць Р.г. (18) з’яўляюцца поўнасістэмнымі сажалкавымі гаспадаркамі, якія вырошчваюць рыбу па 2- і 3-гадовым абаротах.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбныя гаспадаркі: 1 — адлоў рыбы са спушчаных сажалак у рыбгасе «Лактышы»; 2 — адлоў рыбы ў рыбгасе «Лахва».

т. 13, с. 486

РЫ́БНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

харчовыя, медыцынскія, кармавыя і тэхнічныя прадукты перапрацоўкі рыбы. Найб. важны харч. прадукт — мяса рыб (складае 35—69% ад масы рыбы), якое мае шмат паўнацэнных бялкоў (16—20%), поліненасычаных тлушчаў, вітамінаў E і групы B, мінер. рэчываў. У залежнасці ад колькасці тлушчаў у мясе рыба падзяляецца на катэгорыі: посная (тлушчаў да 2%), сярэдняй тлустасці (2—5%), тлустая (больш за 5%). Асн. віды прамысл. перапрацоўкі — замарожванне, вэнджанне, вяленне і кансерваванне. Да харч. Р.п. належаць таксама ганады (ікра, малокі), печань. Сыравіна для атрымання мед. Р.п. (тлушчы, вітамінныя прэпараты) — печань рыб сям. трасковых і інш. Кармавыя і тэхн. Р.п. (рыбная мука, рыбны клей, гуанін, жамчужны пат) атрымліваюць з адходаў перапрацоўкі рыбы (галовы, плаўнікі, луска, вантробы) і малакаштоўнай рыбы.

Т.​М.​Шаўцова.

Да арт. Рыбныя прадукты: паўфабрыкаты свежай рыбы.

т. 13, с. 486

РЫБО́ЗА,

монацукрыд з групы альдапентоз, C5H10O5. Існуе ў выглядзе аптычна актыўных D- і L-формах. Уваходзіць у састаў рыбануклеінавых к-т, нуклеатыдаў, нуклеазідаў, некат. каферментаў, бактэрыяльных поліцукрыдаў, вітаміну B12.

Бясколерны парашок, добра раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў эфіры. Пры ўзнаўленні Р. ўтвараецца 5-атамны спірт рыбітол, які ўваходзіць у састаў рыбафлавіну і некат. каферментаў. Свабодная Р., што ёсць у ежы, не засвойваецца арганізмам чалавека і большасці млекакормячых. Манафосфарны эфір Р.-5-фасфат з’яўляецца прамежкавым прадуктам пентозафасфатнага цыкла абмену вугляводаў, сінтэзуецца ў цытаплазме жывёльных клетак і выкарыстоўваецца ў сінтэзе нуклеатыдаў. У раслінах Р.-5-фасфат удзельнічае ў рэакцыях фотасінтэзу.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 487

РЫБУЛО́ЗА,

монацукрыд з групы кетапентоз (пяцівугляродны цукар). Фосфарныя эфіры Р. (рыбулоза-5-фасфат і рыбулоза-1,5-дыфасфат) — прамежкавыя прадукты абмену вугляводаў у жывёльных і расл. арганізмах. Р.-5-фасфат удзельнічае ў пентозафасфатным цыкле. Р.-1,5-дыфасфат неабходны для фотасінтэзу ў раслінах, дзе ён удзельнічае ў звязванні і пераводзе вуглякіслага газу ў арган. форму — 3-фосфагліцэрат, які пераўтвараецца ў глюкозу, цукрозу, крухмал, цэлюлозу.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 487

РЫБЧА́НКА,

рака ў Маладзечанскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Ілія (бас. р. Вілія). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 518 км². Утвараецца ад зліцця рэк Вязынка і Гуйка ў г.п. Радашковічы, цячэ пераважна на паўн. схілах Мінскага ўзв., упадае ў Ілію за 1,4 км на ПнЗ ад в. Беражок. Даліна ў верхнім і ніжнім цячэнні трапецападобная, шыр. 3—4 км, у сярэднім цячэнні не выражана. Пойма на вялікім працягу двухбаковая (шыр. 0,5—1 км), парасла хмызняком, забалочаная. Рэчышча звілістае, у межах г.п. Радашковічы (1,5 км) каналізаванае, шыр. ў межань 15—17 км. Каля в. Раёўка сажалка (пл. 0,15 км²). У маляўнічай мясціне на рацэ зона адпачынку Рыбчанка.

т. 13, с. 487

РЫ́БЫ (Pisces),

падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн. г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр. акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн. т (з прэсных вод — каля 10 млн. т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл. Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.

Літ.:

Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;

Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;

Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;

Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;

Рыбы: Попул. энцикл. справ. Мн., 1989.

А.​М.​Петрыкаў.

Рыбы: 1 — псяфур; 2 — акула селядцовая; 3 — сабака-рыба; 4 — скат-бычанос; 5 — беларыбіца; 6 — вугор-афіхт; 7 — шэд; 8 — паўрыл акіянскі; 9 — каларынх; 10 — сом браняк; 11 — лінафрына; 12 — трыгла-прыянот амерыканскі.

т. 13, с. 487

РЫ́БЫ (лац. Pisces),

адно з 12 сузор’яў задыяка. Найб. яркія зоркі 3,6; 3,7 і 3,8 візуальнай зорнай велічыні; 75 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. У сузор’і Р. знаходзіцца пункт вясенняга раўнадзенства. З тэр. Беларусі відаць летам, увосень і ў пач. зімы. Гл. Зорнае неба.

Сузор’е Рыбы.

т. 13, с. 488

РЫВАДА́ВІЯ ((Rivadavia) Бернардзіна) (20.5.1780, Буэнас-Айрэс — 2.9.1845),

палітычны і дзярж. дзеяч Аргенціны. У 1810 адзін з кіраўнікоў Патрыят. хунты — першага ўрада Аргенціны. У 1811—12 чл. кіруючага Трыумвірата, потым ваен. міністр, міністр унутр. і замежных спраў. У 1815—20 у Еўропе з дыпламат. місіяй. Лідэр унітарыстаў, якія стаялі за стварэнне цэнтралізаванай аргенцінскай дзяржавы. У 1821—24 міністр унутр. і замежных спраў, правёў шэраг эканам. і паліт. рэформ; агр., банкаўскую, ваен., дамагаўся аддзялення царквы ад дзяржавы. У лют. 1826 абраны прэзідэнтам Аб’яднаных правінцый Ла-Платы (са снеж. 1826 — Федэратыўная Рэспубліка Аргенціна). У чэрв. 1927 пад націскам паліт. праціўнікаў падаў у адстаўку і эмігрыраваў.

т. 13, с. 488

РЫВЕ́РА ((Rivera) Дыега) (8.12.1886, г. Гуанахуата, Мексіка — 25.11.1957),

мексіканскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1896—1902) і ў Мадрыдзе (1907). З 1909 працаваў у Парыжы, дзе зазнаў уплыў кубізму, у 1920—21 у Італіі вывучаў насценныя размалёўкі, у 1930—34 і ў 1940 у ЗША. У эпічных манум.-агітацыйных размалёўках спалучаў традыцыі італьян. Адраджэння і мастацтва стараж. Мексікі, адлюстроўваў вобразы нац. гісторыі, рэвалюцыі і барацьбы супраць дыктатуры. Творы вызначаюцца публіцыстычнасцю, філасофска-апавядальным пачаткам, сімвалічнасцю выяў, пластычнай магутнасцю фігур, плоскаснасцю кампазіцыі, арнаментальным рытмам ліній і колеравых плям: энкаўстыка ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—23), фрэскі ў мін-вах асветы (1923—29) і аховы здароўя (1929—30), Нац. палацы (1929—50-я г.), атэлі «Прада» (1947—48) у Мехіка, Нац. с.-г. школе ў Чапінга (1926—27), палацы Картэса ў г. Куэрнавака (1929—30), Ін-це мастацтваў у Дэтройце (ЗША, 1932—33) і інш. У позніх работах спалучаў жывапіс з мазаікай і рэльефам, насычанасць матываў падпарадкоўвалася агульнай дэкар. задуме: аздабленне т-ра «Інсурхентэс» (1951—53), Алімпійскага стадыёна (1952—53) у Мехіка, водаразмеркавальнай камеры р. Лерма (1951—53).

Я.​Ф.​Шунейка.

Д.Рывера. Чалавек на раздарожжы. Размалёўка Нацыянальнага палаца ў Мехіка. 1934.

т. 13, с. 488

РЫВЕРА́ЙНА (Riverina),

нізінная раўніна на ПдУ Аўстраліі, у міжрэччы рэк Мурэй і Марамбіджы (стараж. дэльта зліцця абедзвюх рэк). Выш. каля 100 м. Складзена з глін і пяскоў. Клімат субтрапічны, кантынентальны. Ападкаў каля 250—500 мм за год. Травяністыя саванны, уздоўж р. Мурэй — эўкаліптавыя лясы. Паліўное земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, рыс; вінаграднікі, фруктовыя сады, пашы.

т. 13, с. 488