РЫ́БЫ (Pisces),

падклас сківічнаротых водных пазваночных. Вядомы з дэвону (каля 410 млн. г. назад). 5 кл.: 3 выкапнёвыя — акантоды, плакадэрмы і крылапанцырныя (Pterichthyes) і 2 сучасныя — храстковыя рыбы і касцявыя рыбы. Больш за 25 тыс. відаў (сучасных больш за 20 тыс. — каля 50% усіх відаў пазваночных), з якіх большасць (96%) складаюць касцявыя рыбы. Кісцяпёрыя Р., магчыма, далі пачатак наземным пазваночным. Пашыраны Р. паўсюдна ў марскіх і прэсных водах. Жывуць у разнастайных экалагічных умовах: пры дыяпазоне т-р ад -2,1 °C (антарктычныя воды) да 50 °C (тэрмальныя крыніцы), вытрымліваюць салёнасць да 70%. Многія Р. робяць міграцыі дзеля размнажэння, адкорму і зімоўкі. На Беларусі адзначана 58 (59) відаў з 17 сям. Р. з атр. акунепадобных, асетрападобных, вугрападобных, карпападобных, ласосепадобных, траскападобных; з іх 46 (47) відаў мясцовыя, 12 завезены з мэтай акліматызацыі і рыбагадоўлі. У Чырв. кнігу МСАП занесены 194 віды і падвіды Р., у Чырв. кнігу Беларусі — 5 відаў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 20 м і больш, маса ад 1,5 г да 14 тон. Цела двухбакова-сім. (акрамя камбалападобных), разнастайнай формы. Канечнасці ў выглядзе няпарных і парных плаўнікоў (часам адсутнічаюць). Скура ўкрыта лускою, зрэдку з касцявымі пласцінкамі або голая. Шкілет храстковы або касцявы. Сэрца двухкамернае, адзін круг кровазвароту. Дыхаюць жабрамі, некат. (дваякадыхальныя) маюць дадатковыя органы дыхання, т.зв. «лёгкія». Галаўны мозг невял., прымітыўны. Кішэчнік слаба дыферэнцыраваны на аддзелы, часта ёсць піларычныя прыдаткі — сляпыя вырасты, якія адкрываюцца ў сярэднюю кішку; у іх ідзе дадатковае ператраўліванне корму. Большасць Р. мае плавальны пузыр. У многіх відаў добра развіты нюх, дотык, зрок, слых. Некат. маюць эл. органы. Спецыфічныя для Р. органы бакавой лініі ўспрымаюць водныя ваганні. У глыбакаводных Р. ёсць органы свячэння. Паводле спосабу жыўлення Р. — планктафагі, бентафагі, дэтрытафагі, фітафагі і драпежнікі. Размнажэнне — пераважна шляхам адкладвання ікры, ёсць жывародныя (сярод храстковых). Р. — адна з асн. крыніц харч. бялку, займаюць важнае месца ў харчаванні чалавека і яго гасп. дзейнасці. Агульны гадавы адлоў Р. ў свеце складае каля 75 млн. т (з прэсных вод — каля 10 млн. т). Узнаўленне некат. Р. падтрымліваецца развядзеннем на рыбаводных заводах, у сажалках і рыбагадавальніках. У многіх краінах вядзецца аквакультура і марыкультура. Пашырана акварыумнае рыбаводства (гл. Акварыум, Акварыумныя рыбы), аматарскі лоў і рыбалоўны спорт. Навука аб Р. — іхтыялогія.

Літ.:

Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;

Яго ж. Экология рыб. 3 изд. М., 1974;

Жизнь животных. Т. 4. 2 изд. М., 1983;

Wheeler A. The World encyclopedia of fïshes. London, 1985;

Рыбы: Попул. энцикл. справ. Мн., 1989.

А.​М.​Петрыкаў.

Рыбы: 1 — псяфур; 2 — акула селядцовая; 3 — сабака-рыба; 4 — скат-бычанос; 5 — беларыбіца; 6 — вугор-афіхт; 7 — шэд; 8 — паўрыл акіянскі; 9 — каларынх; 10 — сом браняк; 11 — лінафрына; 12 — трыгла-прыянот амерыканскі.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)