РЫБО́ЗА,

монацукрыд з групы альдапентоз, C5H10O5. Існуе ў выглядзе аптычна актыўных D- і L-формах. Уваходзіць у састаў рыбануклеінавых к-т, нуклеатыдаў, нуклеазідаў, некат. каферментаў, бактэрыяльных поліцукрыдаў, вітаміну B12.

Бясколерны парашок, добра раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў эфіры. Пры ўзнаўленні Р. ўтвараецца 5-атамны спірт рыбітол, які ўваходзіць у састаў рыбафлавіну і некат. каферментаў. Свабодная Р., што ёсць у ежы, не засвойваецца арганізмам чалавека і большасці млекакормячых. Манафосфарны эфір Р.-5-фасфат з’яўляецца прамежкавым прадуктам пентозафасфатнага цыкла абмену вугляводаў, сінтэзуецца ў цытаплазме жывёльных клетак і выкарыстоўваецца ў сінтэзе нуклеатыдаў. У раслінах Р.-5-фасфат удзельнічае ў рэакцыях фотасінтэзу.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)