РЫВЕ́РА ((Rivera) Дыега) (8.12.1886, г. Гуанахуата, Мексіка — 25.11.1957),

мексіканскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў нац. школы манум. жывапісу. Вучыўся ў АМ у Мехіка (1896—1902) і ў Мадрыдзе (1907). З 1909 працаваў у Парыжы, дзе зазнаў уплыў кубізму, у 1920—21 у Італіі вывучаў насценныя размалёўкі, у 1930—34 і ў 1940 у ЗША. У эпічных манум.-агітацыйных размалёўках спалучаў традыцыі італьян. Адраджэння і мастацтва стараж. Мексікі, адлюстроўваў вобразы нац. гісторыі, рэвалюцыі і барацьбы супраць дыктатуры. Творы вызначаюцца публіцыстычнасцю, філасофска-апавядальным пачаткам, сімвалічнасцю выяў, пластычнай магутнасцю фігур, плоскаснасцю кампазіцыі, арнаментальным рытмам ліній і колеравых плям: энкаўстыка ў Нац. падрыхтоўчай школе ў Мехіка (1922—23), фрэскі ў мін-вах асветы (1923—29) і аховы здароўя (1929—30), Нац. палацы (1929—50-я г.), атэлі «Прада» (1947—48) у Мехіка, Нац. с.-г. школе ў Чапінга (1926—27), палацы Картэса ў г. Куэрнавака (1929—30), Ін-це мастацтваў у Дэтройце (ЗША, 1932—33) і інш. У позніх работах спалучаў жывапіс з мазаікай і рэльефам, насычанасць матываў падпарадкоўвалася агульнай дэкар. задуме: аздабленне т-ра «Інсурхентэс» (1951—53), Алімпійскага стадыёна (1952—53) у Мехіка, водаразмеркавальнай камеры р. Лерма (1951—53).

Я.​Ф.​Шунейка.

Д.Рывера. Чалавек на раздарожжы. Размалёўка Нацыянальнага палаца ў Мехіка. 1934.

т. 13, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)