Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІНЕ́ЙНА-СТУ́ЖАЧНАЙ КЕРА́МІКІ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дуная ў эпоху неаліту. Гл. Дунайская культура.

т. 9, с. 266

ЛІНЕ́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

дыферэнцыяльныя ўраўненні, у якіх невядомая функцыя і яе вытворныя ўваходзяць у першай ступені — лінейна.

т. 9, с. 268

ЛІНЕ́ЙНЫ АПЕРА́ТАР,

абагульненне паняцця лінейнага пераўтварэння на лінейныя прасторы. Л.а. F на лінейнай прасторы E наз. функцыя F(x), вызначаная для элементаў x гэтай прасторы, значэнні якой ёсць элементы лінейнай прасторы E1 і якая мае ўласцівасць лінейнасці: F(ax+by) = aF(x) + bF(y), дзе x, y — любыя элементы з E; a, b — адвольныя лікі. Прыклады Л.а. ў функцыянальнай прасторы — дыферэнцыяльны і інтэгральны аператар, Лапласа аператар. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,

1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст. вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс. т, экіпаж да 800 чал. (гл. іл. да арт. Карабель ваенны).

2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст. вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.

З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл. Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс. т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л. к. пабудовы 1940-х г. тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).

Літ.:

Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;

Давилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.

У.Я.Калаткоў.

Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».

т. 9, с. 267

ЛІНЕ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,

паскаральнік зараджаных часціц (электронаў, пазітронаў, пратонаў, іонаў), у якім траекторыі часціц блізкія да прамых ліній. Адрозніваюць Л.п. высакавольтныя (электрастатычныя), індукцыйныя, рэзанансныя і калектыўныя. Найб. пашыраны Л.п. электронаў з энергіяй 45 ГэВ. Л.п. электронаў і пазітронаў дазваляюць эфектыўна пераўтвараць пачатковую энергію пры сутыкненні 2 пучкоў у т. зв. калайдэры. Выкарыстоўваюцца для фіз. даследаванняў, у дэфектаскапіі, матэрыялазнаўстве, медыцыне, для іоннай імплантацыі, пры радыяцыйна-хім. апрацоўцы матэрыялаў, стэрылізацыі прадуктаў і інш.

У высакавольтных Л.п. часціцы паскараюцца пастаянным эл. полем паміж электродамі, крыніцай напружання служаць высакавольтныя выпрамнікі, Ван-дэ-Граафа генератары і інш.; у індукцыйных — эрс электрамагнітнай індукцыі, якая ствараецца кольцападобным імпульсным магн. полем; у рэзанансных — пераменным эл. ВЧ-полем; у калектыўных — уласнымі эл.-магн. палямі часціц, што ўзнікаюць пры ўзаемадзеянні адной групы зарадаў з другой або з эл.-магн. хваляй, з плазмай. Л.п. ў параўнанні з цыклічнымі адрозніваюцца магчымасцю атрымання пучкоў паскораных часціц павышанай інтэнсіўнасці і шчыльнасці, прастатой вываду пучка, адсутнасцю тармазнога выпрамянення часціц. Апошняе асабліва важна для паскарэння электронаў і пазітронаў да вельмі высокіх энергій. Таму паскаральнікі гэтых часціц для фіз. даследаванняў праектуюцца толькі лінейныя. У цыклічных паскаральніках цяжкіх часціц (пратонаў, іонаў) Л.п. выкарыстоўваюцца як інжэктары-перадпаскаральнікі.

І.С.Сацункевіч.

т. 9, с. 267

ЛІНЕ́ЙНЫ ФУНКЦЫЯНА́Л,

абагульненне паняцця лінейнай формы на лінейныя прасторы Л.ф. f на лінейнай наміраванай прасторы E наз. лікавая функцыя f(x), якая вызначана для ўсіх x з E і мае ўласцівасці неперарыўнасці і лінейнасці. Сукупнасць усіх Л.ф. дадзенай прасторы пераўтвараецца ў лінейную нарміраваную прастору, калі вызначыць натуральным чынам складанне Л.ф. і іх множанне на лікі. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,

разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.

У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.

Лінейны электрарухавік: 1 — абмотка электрамагніта; 2 — рэактыўная рэйка (ротар); 3 — статарная абмотка; 4 — электрамагніт; 5 — накіравальная рэйка; 6 — каркас дарогі.

т. 9, с. 267

ЛІНЕ́ЙЧАСТАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, якая ўтвараецца сукупнасцю прамых, залежных ад аднаго параметра. Яе можна апісаць рухам прамой (утваральнай) па некаторай лініі (накіроўнай).

Л.п. падзяляюцца на разгортвальныя (з’яўляюцца цыліндрам, конусам або паверхняй, што складаецца з датычных да нейкай прасторавай крывой) і касыя (у іх датычныя плоскасці ў розных пунктах адной і той жа ўтваральнай розныя). Прыклады Л.п. — аднаполасцевы гіпербалоід, гіпербалічны парабалоід. Уласцівасці Л.п. выкарыстоўваюцца ў тэорыі механізмаў.

Лінейчастая паверхня: а — разгортвальная, з датычных да прасторавай крывой L (P — плоскасць, якая ўтварае ў сячэнні з паверхняй крывую ABC з пунктам звароту B; S1 S2 — поласці); б — касая (O — цэнтр утваральнай, p і p′ — датычныя плоскасці да паверхні ў пунктах O і O′).

т. 9, с. 268

ЛІНЕ́ЙЧАСТЫ СПЕКТР,

аптычны спектр выпрамянення ці паглынання, які складаецца з асобных спектральных ліній. Л.с. з’яўляюцца атамныя спектры, спектры зорных атмасфер, спектры арган. малекул пры нізкіх т-рах. Гл. таксама Спектральныя лініі.

т. 9, с. 268

ЛІ́НЕН ((Lynen) Феадор Фелікс Конрад) (6.4.1911, г. Мюнхен, Германія — 6.8.1979),

нямецкі біяхімік. Чл. Герм. акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна» (1959) і Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1937). З 1945 дырэктар Ін-та хіміі клеткі імя М.Планка ў Мюнхене. Навук. працы па біяхіміі абмену рэчываў, акісленні тлустых кіслот у арганізме, актываванні ацэтату. Нобелеўская прэмія 1964 (разам з К.Блохам).

Ф.Лінен.

т. 9, с. 268