Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІВА́НСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1944,

міжгрэчаскае паліт. пагадненне, падпісанае 20 мая ў Ліване ў 2-ю сусв. вайну прадстаўнікамі эмігранцкага ўрада, паліт. партый, Паліт. к-та нац. вызвалення, Нац.-вызв. фронту, Грэч. нар.-вызв. арміі, ваен.-паліт. нацыяналіст. арг-цый. Прадугледжвала роспуск усіх ўзбр. атрадаў і стварэнне адзінай арміі, правядзенне плебісцыту аб будучым дзярж. ладзе краіны, фарміраванне ўрада нац. адзінства. Л.п. не ліквідавала прынцыповых рознагалоссяў паміж левымі і правымі паліт. сіламі, што пасля вызвалення Грэцыі (кастр. 1944) прывяло да вострай барацьбы за ўладу і грамадз. вайны 1946—49.

т. 9, с. 240

ЛІВА́НЦЫ, ліванскія арабы,

народ, асноўнае насельніцтва Лівана (2,25 млн. чал.). Агульная колькасць 2,36 млн. чал. (1992). Гавораць на сіраліванскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — хрысціяне (мараніты, грэка-праваслаўныя і інш.) і мусульмане (суніты, шыіты).

т. 9, с. 240

ЛІ́ВЕНЦАВА (Надзея Віктараўна) (н. 21.10.1952, Мінск),

бел. жывапісец. Дачка В.Х.Лівенцава. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). У 1978—80 выкладала ў гэтым ін-це. Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны і кампазіцыі. Творам уласціва пастознасць мазка, перавага чыстых колераў у гарманічна-кантрастных спалучэннях. Сярод работ «Волечка» (1976), «Бацьку і маці — партызанам Беларусі — прысвячаецца» (1977), «У краіне сініх птушак» (1987), «Бег», «Сон у месячную ноч» (абедзве 1988), «Людміла» (1993), «На вяршыні» (1995), «Аляксандра», «Анёлы», «Саната» (усе 1996), «Прадчуванне», «Водаварот» (абедзве 1997), «Лета ўцякае» (1998), «Аўтапартрэт з сініцай у руках» (1999).

т. 9, с. 240

ЛІ́ВЕНЦАЎ (Віктар Ільіч) (н. 21.4.1918, г.п. Давыдаўка Варонежскай вобл., Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944), парт. і дзярж. дзеяч БССР. Засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Гродзенскае ваен.-паліт. вучылішча (1941), Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1952), Мінскі пед. ін-т (1955). У жн.ліст. 1941 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Бабруйскага патрыятычнага падполля, затым камандзір партыз. атрада, з лютага 1943—1-й Бабруйскай партыз. брыгады. У 1944—50 заг. аддзела, сакратар, 2-і сакратар ЦК ЛКСМБ. З 1958 старшыня К-та па фіз. культуры і спорце пры СМ Беларусі. У 1978—86 кіраўнік спраў ЦК КПБ. Чл. ЦК КПБ у 1981—86. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1959—89. Аўтар кн. «Партызанскі край» (4-е выд. 1983).

Літ.:

Люди легенд. М., 1968. Вып. 3. С. 211—234.

В.І.Лівенцаў.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВЕНЬ,

моцны, звычайна кароткачасовы дождж канвектыўнага паходжання, або шквалісты дождж пры праходжанні халоднага фронту ў цыклонах умераных шырот. Інтэнсіўнасць Л. — колькасць ападкаў за 1 мін. Пры працягласці 5 мін Л. лічаць дождж з сярэдняй інтэнсіўнасцю 0,5 мм/мін, 30 мін — 0,23 мм/мін і г.д. У кожным пункце Беларусі ў сярэднім за год бывае 8 Л. Найбольшы адзначаны 6.8.1970 (г. Бабруйск), дзе за 3 гадз 35 мін выпала 128 мм ападкаў.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВЕРПУЛ (Liverpool),

горад на 3 Вялікабрытаніі, пры ўпадзенні р. Мерсі ў Ірландскае мора. Адм. ц. метрапалітэнскага графства Ліверпул і гал. горад канурбацыі Мерсісайд. 475 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з буйнейшых партоў краіны. Прам-сць звязана з абслугоўваннем порта і знешнегандл. аперацыямі. У Л. і яго прыгарадах — суднабудаванне і суднарамонт, аўта- і авіябудаванне, эл.-тэхн., гумавая, хім., папяровая, харч. прам-сць. Фондавая і таварная біржы. Ун-т. Музеі. Маст. галерэя Уокера. Арх. помнікі 18—20 ст. (шпіталь, ратуша, дзелавыя і гандл. будынкі).

Упершыню згадваецца ў 1191. У 1207 атрымаў гар. правы. Да 17 ст. невял. порт. Росту горада і порта з 17 ст. паспрыялі гандаль рабамі, якіх вывозілі ў ісп. калоніі ў Амерыцы, а пасля 1840 — масавая эміграцыя ірландцаў у ЗША. У 19 ст. Л.гал. англ. порт па ўвозе бавоўны і вывазе баваўняных вырабаў. У 2-ю сусв. вайну моцна разбураны ў выніку ням. бамбардзіровак. У 1956 у Л. створаны муз. квартэт «Бітлз».

Адна з вуліц горада Ліверпул.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВІЙ (Ціт) (Titus Livius; 59 да н.э., Патавія, цяпер г. Падуя, Італія — 17 н.э.),

старажытнарымскі гісторык. Вывучаў рыторыку і філасофію. Жыў і працаваў у Рыме, карыстаўся апекай імператара Аўгуста. Пісаў дыялогі філас. зместу. Аўтар «Рымскай гісторыі ад заснавання горада» ў 142 кнігах (захаваліся 35), у якой пагадова апісана гісторыя Рыма ад заснавання да 9 г. да н.э. Ідэалізаваў Рым і, выкарыстоўваючы матэрыялы ранейшых рым. аўтараў, пераносіў у старажытнасць рысы сучаснага яму рым. ладу. Сучасиікі і наступныя пакаленні лічылі яго гіст. працу ўзорнай, а самога аўтара — «рымскім Герадотам».

Тв.:

Рус. пер. — История Рима от основания города. Т. 1—3. М., 1989—93.

т. 9, с. 241

ЛІВІ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У Афрыцы, на 3 ад р. Ніл, у межах Лівіі, Егіпта і Судана; паўн.-ўсх. ч. Сахары. Пл. каля 2 млн. км2. Паўн. ч. нізінная, укрыта пяскамі, які ўтвараюць дзюны выш. да 300 м; на ПнУ — глыбокія тэктанічныя ўпадзіны (Катара, 133 м ніжэй узр. м., Сіва, Бахарыя, Фаюм і інш.). Паўд. ч. — камяністае або пясчанікавае плато выш. 400—500 м з асобнымі астанцовымі масівамі выш. да 1934 м (г. Эль-Увейнат). Клімат трапічны, пустынны, на Пн — субтрапічны міжземнаморскі, паўпустынны. Ападкаў месцамі менш за 25 мм за год (выпадаюць не штогод), на Пн — 50—100 мм. Расліннасць вельмі бедная — пустынная акацыя, тамарыск, палыны. Каля калодзежаў і выхадаў грунтавых вод рэдкія аазісы: Сіва, Фаюм, Джалу, Дахла, Куфра, Фарафра. Аазісы Фаюм і Харга звязаны чыгункай з далінай Ніла.

т. 9, с. 241

ЛІВІ́ЙЦЫ,

лівійскія арабы, народ, асноўнае насельніцтва Лівіі (4,16 млн. чал.). Агульная колькасць 4,18 млн. чал. (1992). Гавораць на лівійскім дыялекце арабскай мовы. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 9, с. 241

ЛІ́ВІНГСТАН ((Livingstone) Давід) (19.3. 1813, Блантайр, каля г. Глазга, Вялікабрытанія — 1.5.1873),

англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. Па адукацыі медык. У 1840 пасланы Лонданскім місіянерскім т-вам у Паўд. Афрыку. З 1840 зрабіў некалькі працяглых падарожжаў па Паўд. і Цэнтр. Афрыцы і даследаваў вял. тэрыторыю ад Кейптаўна амаль да экватара і ад Атлантычнага да Індыйскага ак. Перайшоў пустыню Калахары і адкрыў воз. Нгамі; абследаваў бас. р. Замбезі, адкрыў р. Луалаба, вадаспад Вікторыя, азёры Бангвеулу, Шырва, Ньяса і інш. Разам з Г.Стэнлі даследаваў воз. Танганьіка. Усе маршруты нанёс на каргу. Сабраў вял. навук. матэрыял аб прыродзе і насельніцтве Паўд. Афрыкі. Імем Л. названы горад у Замбіі, вадаспад на р. Конга і горы ў Афрыцы.

Д.Лівінгстан.

т. 9, с. 241