Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЗЯЛЕ́ННЕ,

арыфметычнае дзеянне, адваротнае множанню. Падзяліць лік a (дзеліва) на b (дзельнік адрозны ад нуля) — значыць знайсці такі лік x (дзель), што здабытак bx = a (або xb = a). Для абазначэння Дз. выкарыстоўваюць знакі двукроп’я (a:b), гарыз. (ab) або нахільнай (a/b) рысы.

Для рацыянальных лікаў (цэлых, дробных і нуля) Дз. адназначнае і заўсёды магчымае (акрамя Дз. на нуль, што немагчыма). У межах цэлых лікаў — адназначнае, але не заўсёды магчымае, напр., 6 дзеліцца на 2 і 3, але не дзеліцца на 5. Абагульненнем звычайнага Дз. з’яўляецца Дз. з астачай. Падзяліць цэлыя неадмоўныя лікі a на b — знайсці такія цэлыя неадмоўныя лікі x і y, якія задавальнялі б патрабаванні a = bx + y, y < b, дзе x — няпоўная дзель (пры y ≠ 0) ці дзель (пры y = 0); y — астача. Гл. таксама Падзельнасць.

т. 6, с. 138

ДЗЯЛЕ́ННЕ Я́ДРАЎ,

працэс, пры якім ядро атамнае дзеліцца на 2 і больш частак (асколкаў) з блізкімі масамі; суправаджаецца вылучэннем γ-квантаў і нейтронаў. Можа адбывацца самаадвольна (спантанна) або пры ўзаемадзеянні ядра з часціцамі і γ-квантамі. Пры Дз.я. урану, плутонію і інш. ствараюцца ўмовы для развіцця ланцуговай ядзернай рэакцыі, якая выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы.

Пачатковая стадыя Дз.я. — павольная змена формы ядра, пры якой утвараецца шыйка, што злучае 2 яшчэ не сфарміраваныя асколкі (час праходжання гэтай стадыі залежыць ад энергіі ўзбуджэння ядра); паступова шыйка патанчаецца і ў некаторы момант часу адбываецца яе разрыў і асколкі разлятаюцца ў процілеглыя бакі. У 1938 ням. вучоныя О.​Ган і Ф.​Штрасман устанавілі, што пры бамбардзіроўцы урану нейтронамі ўтвараюцца ядры шчолачназямельных элементаў (напр., барыю). Спантаннае Дз.я. адкрыта эксперыментальна Г.​М.​Флёравым і К.​А.​Петржакам (1940).

А.​В.​Берастаў.

Паслядоўныя стадыі дзялення ядра.

т. 6, с. 138

ДЗЯЛІ́ЛЬНІК,

1) Дз. напружання — электратэхнічная прылада для дзялення напружання пастаяннага (ці пераменнага) току на часткі. Складаецца з актыўных або рэактыўных электрычных супраціўленняў. Пры нізкіх напружаннях выкарыстоўваюць актыўныя (амічныя) Дз., для пераменнага току, акрамя таго, рэактыўныя (ёмістыя, індуктыўныя) Дз., для высокіх напружанняў — ёмістыя (на пераменным току) і актыўныя (на пастаянным току). З дапамогай Дз. адбіраюць невял. магутнасці ад лініі электраперадачы, вымяраюць напружанне і інш. Гл. таксама Атэнюатар, Рэастат.

2) Дз. частаты — радыёэлектронная прылада для змяншэння частаты падведзеных эл.магн. ваганняў у цэлую колькасць разоў. Для дзялення частаты выкарыстоўваюць нелінейныя прылады: электронныя лічыльнікі, імпульсныя генератары (напр., блокінг-генератары, мультывібратары), генератары з самаўзбуджэннем і інш. Выкарыстоўваюць у сінтэзатарах частот, хранізатарах, кварцавых гадзінніках, радыё- і вымяральнай тэхніцы, электрасувязі, радыёлакацыі, тэлебачанні і інш.

Нізкавольтныя дзялільнікі напружання: 1 — амічны; 2 — ёмістасны; 3 — індуктыўны; U1 — уваходнае напружанне; U2 — выхадное напружанне.

т. 6, с. 138

ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.

Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш. Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш. Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.

т. 6, с. 138

ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).

Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.​Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).

т. 6, с. 138

ДЗЯМА́РЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 15.3.1938, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966), выкладаў у ім (1969—78). Арыгінальнасцю кампазіцыі, тонкім адчуваннем псіхалогіі вобразаў вылучаюцца серыі станковых работ «Не забудзе Беларусь» (1970), «Камвольшчыцы» (1974—77), «На сюжэты з рускай класікі» (1980—88), «Калектывізацыя на Палессі» (1982), трыпціх «Нараджэнне тканіны» (1978). Выканаў іл. да кніг Я.​Коласа «На ростанях» (1968), М.​Лынькова «Векапомныя дні» (1969), І.​Мележа «Мінскі напрамак» (1974), І.​Шамякіна «Сцягі над штыкамі» (1976) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: «Пераправа, 1944 г.» (1985), «29-ы год. Палессе» (1987) і інш.

А.Дзямарын. Дыспут. Паводле рамана І.​С.​Тургенева «Бацькі і дзеці». Серыя «На сюжэты з рускай класікі». 1988. Каляровая аўталітаграфія.

т. 6, с. 138

ДЗЯМЕ́НЦЬЕВА (Людміла Сяргееўна) (н. 4.5.1938, с. Чарноўскія Копі Чыцінскай вобл., Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1959). Працавала ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (да 1963), Т-ры Паўн. флоту (1963—68). З 1968 у Гродзенскім абл. драм. т-ры. Характарная актрыса. Яе творчай манеры ўласцівы тонкае разуменне характару, глыбокае пранікненне ў яго сутнасць, выразны сцэн. малюнак.

Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Альжбета («Паўлінка» Я.​Купалы), Клаўдзія («Мілы чалавек» К.​Крапівы), Міхаліна Матулевіч («Трывога» А.​Петрашкевіча), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава), Адрыяна («Ноч памылак» У.​Шэкспіра).

т. 6, с. 138

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Андрэй Дзмітрыевіч) (н. 16.7.1928, г. Цвер, Расія),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1952). У 1981—92 гал. рэдактар час. «Юность». У лірыцы Дз. (зб-кі «Лірычныя вершы», 1955, «Роднае», 1958, «Сам-насам з сумленнем», 1965, «Побач ты і каханне», 1976, «Нараджэнне дня». 1978, «Азарт», 1983, Дзярж. прэмія СССР, 1985), «Характар» (1986) і паэмах («Мужнасць», 1958, «Дарога ў заўтра», 1960, «Расія», 1964) апявае духоўнае багацце чалавека, гучаць тэмы кахання і прыроды.

т. 6, с. 138

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Васіль Аляксеевіч) (4.4.1908, с. Судбішча Арлоўскай вобл., Расія — 12.12.1974),

бел. географ. Праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1940 у БДУ. З 1962 прэзідэнт Геагр. т-ва Беларусі. Аўтар сістэмы фіз.-геагр. і геамарфал. раянавання Беларусі, прац па ландшафтах, праблемах Бел. Палесся, гісторыі геаграфіі. Удзельнічаў у складанні Атласа БССР.

Тв.:

Прырода Беларусі: (Фізіка-геагр. агляд). Мн., 1959 (разам з А.​Х.​Шклярам, В.​П.​Якушка);

Система физико-географических районов Белоруссии // Физическая и экономическая география. Мн., 1960;

География Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977 (у сааўт.).

В.А.Дзяменцьеў.

т. 6, с. 138

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.​Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.​Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.​Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).

т. 6, с. 139