1) Дз. напружання — электратэхнічная прылада для дзялення напружання пастаяннага (ці пераменнага) току на часткі. Складаецца з актыўных або рэактыўных электрычных супраціўленняў. Пры нізкіх напружаннях выкарыстоўваюць актыўныя (амічныя) Дз., для пераменнага току, акрамя таго, рэактыўныя (ёмістыя, індуктыўныя) Дз., для высокіх напружанняў — ёмістыя (на пераменным току) і актыўныя (на пастаянным току). З дапамогай Дз. адбіраюць невял. магутнасці ад лініі электраперадачы, вымяраюць напружанне і інш.Гл. таксама Атэнюатар, Рэастат.
2) Дз. частаты — радыёэлектронная прылада для змяншэння частаты падведзеных эл.магн. ваганняў у цэлую колькасць разоў. Для дзялення частаты выкарыстоўваюць нелінейныя прылады: электронныя лічыльнікі, імпульсныя генератары (напр., блокінг-генератары, мультывібратары), генератары з самаўзбуджэннем і інш. Выкарыстоўваюць у сінтэзатарах частот, хранізатарах, кварцавых гадзінніках, радыё- і вымяральнай тэхніцы, электрасувязі, радыёлакацыі, тэлебачанні і інш.