ДЗЯЛЯ́ЦІЧЫ вёска ў Любчанскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 30 км на ПнУ ад Навагрудка, 180 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 335 ж., 191 двор (1997).
Вядомы з 2-й пал. 14 ст. як велікакняжацкі двор. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 17—1-й пал. 19 ст. ўласнасць Радзівілаў. У 1652 у Дз. 101 двор, царква, рынак. З 1795 у Рас імперыі, у Навагрудскім пав. У 1897—1509 ж., 229 двароў, 2 школы, 2 царквы, 2 млыны, карчма, крама. У 1921—39 у Польшчы, у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР. У 1940—56 у Любчанскім р-не. З 1956 у Навагрудскім р-не. У 1971—895 ж, 360 двароў. Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква (19 ст.) і жылы дом (19 ст.).
т. 6, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)