Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІПАТЭРМІ́Я

(ад гіпа... + грэч. thermē цяпло),

ахаладжэнне, паніжэнне т-ры цела цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку цеплааддачы, якая перавышае цеплапрадукцыю. Памяншае спажыванне кіслароду органамі і тканкамі арганізма, павышае ўстойлівасць яго да гіпаксіі. Штучная гіпатэрмія выкарыстоўваецца ў хірургіі пры аперацыях на сэрцы, вял. сасудах і нейрахірургічных (траўмы ц. н. с., ацёкі, інтаксікацыі). Пры зніжэнні т-ры цела чалавека да 20—23 °C спыняюцца дыханне, дзейнасць сэрца.

т. 5, с. 254

ГІПАТЭ́ТЫКА-ДЭДУКТЫ́ЎНЫ МЕ́ТАД,

метад навуковага пазнання і разважанняў, заснаваны на вывядзенні (дэдукцыі) заключэнняў з гіпотэз і інш. пасылак, сапраўднае значэнне якіх невядома. Выкарыстанне гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду звязана з шэрагам інш. метадалагічных аперацый: супастаўленнем фактаў, пераглядам існуючых паняццяў, утварэннем новых паняццяў, узгадненнем гіпотэз з інш. тэарэт. палажэннямі і г.д. Падобнага роду разважанні ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у ант. філасофіі. У навук. пазнанні гэты метад атрымаў развіццё ў 17—18 ст. Ён выкарыстаны ў механіцы, у даследаваннях Г.Галілея. Тэорыя механікі І.Ньютана — гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма, пасылкамі якой служаць асн. законы руху. Паводле тыпу пасылак гіпатэтыка-дэдуктыўны метад падзяляецца на: разважанні, пасылкамі якіх з’яўляюцца гіпотэзы і эмпірычныя абагульненні; гіпатэтыка-дэдуктыўныя вывады, засн. на пасылках, што супярэчаць дакладна ўстаноўленым фактам ці тэарэт. прынцыпам; разважанні, пасылкамі якіх служаць сцвярджэнні, што супярэчаць прынятым думкам і перакананням. З лагічнага пункту погляду гіпатэтыка-дэдуктыўная сістэма ўяўляе сабой іерархію гіпотэз, ступень абстрактнасці і агульнасці якіх павялічваецца з аддаленнем ад эмпірычнага базісу. Гіпатэтыка-дэдуктыўны метад дае магчымасць даследаваць структуру і ўзаемасувязь не толькі паміж гіпотэзамі рознага ўзроўню, але і характар іх пацвярджэння эмпірычнымі дадзенымі. Разнавіднасцю гіпатэтыка-дэдуктыўнага метаду можна лічыць матэм. гіпотэзу, якая выкарыстоўваецца як эўрыстычны сродак для адкрыцця заканамернасцей у прыродазнаўстве.

Літ.:

Меркулов И.П. Гипотетико-дедуктивная модель и развитие научного знания. М., 1980;

Подкорытов Г.А. О природе научного метода. Л., 1988.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 254

ГІПАФУ́НКЦЫЯ

(ад гіпа... + функцыя),

недастатковая дзейнасць органа, тканкі, сістэмы, якая можа парушыць дзейнасць арганізма. Напр., гіпафункцыя шчытападобнай залозы садзейнічае развіццю мікседэмы.

т. 5, с. 254

ГІПАХЛАРЫ́ТЫ,

гл. ў арт. Хларнавацістая кіслата.

т. 5, с. 254

ГІПАЦЫКЛО́ІДА І ЭПІЦЫКЛО́ІДА,

крывыя, якія апісваюцца адвольным пунктам акружнасці, што коціцца без праслізгвання па нерухомай акружнасці. Пры ўнутраным датыканні акружнасцей крывыя наз. гіпацыклоідамі, пры вонкавым — эпіцыклоідамі; у залежнасці ад суадносін радыусаў рухомай і нерухомай акружнасцей атрымліваюцца розныя віды гіпацыклоіды і эпіцыклоіды, напр. астроіда, кардыёіда. Выкарыстоўваюцца ў тэорыі машын і механізмаў. Гл. таксама Цыклоіда, Эвалюта і эвальвента.

т. 5, с. 254

«ГІПАЦЭНТА́ЎР»,

герб, гл. «Кітаўрас».

т. 5, с. 255

ГІПАЦЭ́НТР

(ад гіпа... + цэнтр) землетрасення, цэнтральны пункт ачага землетрасення ў нетрах Зямлі. У гіпацэнтры раптоўна вызваляецца значная энергія (10​3—10​18 Дж),

якая выклікае каротка-перыядычныя ваганні зямной кары. Глыбіня гіпацэнтра пры звычайных землетрасеннях менш за 70 км, пры прамежкавых — 70—300 км, пры глыбокіх — 300—700 км (гл. таксама Эпіцэнтр).

т. 5, с. 255

ГІПЕР...

(ад грэч. hyper над, звыш),

прыстаўка, што абазначае: які знаходзіцца наверсе, перавышае норму, напр., гіпергенез, гіпертанія.

т. 5, с. 255

ГІПЕ́РБАЛА

(ад грэч. hyperbolē перабольшанне),

мастацкі прыём, заснаваны на рэзкім перабольшанні асобных рыс чалавечага характару, уласцівасцей прадмета ці з’явы з мэтай завастрыць на іх увагу чытача. Пашырана ў фальклоры, асабліва ў казках і легендах. Гіпербалу часта выкарыстоўваюць у творах рамантычнай л-ры з мэтай стварэння незвычайных характараў і падзей, узмацнення іх маст. выразнасці. Процілеглы гіпербале стылістычны прыём — літота.

т. 5, с. 255

ГІПЕ́РБАЛА,

цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x​2/a​2 - y​2/b​2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b​2 = c​2 - a​2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл. Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x​2 - y​2 = a​2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a​2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).

т. 5, с. 255