Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕСТ-І́НДСКАЯ КАМПА́НІЯ Французская

(франц. Compagnie des Indes orientales),

гандлёвая кампанія ў 1664—74. Створана па ініцыятыве фінансіста Ж.Б.Кальбера з мэтай падтрымкі франц. гандлю і каланізацыі Паўн. Амерыкі і Зах. Афрыкі. Садзейнічала засяленню Канады. Не вытрымала канкурэнцыі з англічанамі і галандцамі.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-І́НДЫЯ

(West Indies),

агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс. км². Нас. больш як 35 млн. чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб.в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.

т. 4, с. 117

ВЕСТ-ФІЁРД

(Vest Fjord),

праліў паміж берагамі Скандынаўскага п-ва і Лафотэнскімі а-вамі. Даўж. 203 км., шыр. ад 11 км на Пн да 71 км на Пд. Лоўля траскі і селядцоў.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 119

«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,

навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн. Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г. Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім. Навук. з 1968 — фізіка-энергет. навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук. жыццё АН Беларусі.

М.Н.Крыўко.

т. 4, с. 120

ВЕСЬ,

прыбалтыйска-фінскае племя. Упершыню ўпамінаецца гоцкім гісторыкам Іарданам у 6 ст. Паводле стараж.-рус. летапісаў, жыло на Белым воз. (Валагодская вобл., Расія), паводле тапанімічных даных, займала тэр. ад усх. Прыладажжа да Белаазер’я. Белаазерская весь з 9 ст. ў складзе Кіеўскай Русі, паступова абрусела. Нашчадкамі весі з’яўляюцца сучасныя вепсы і, верагодна, карэлы-людзікі.

т. 4, с. 120

ВЕСЯЛО́ВА,

вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярэзіна. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнЗ ад Барысава, 96 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Барысаў. 387 ж., 140 двароў (1996). Крухмальны з-д, раённае аддз. «Сельгасхіміі». Пач. школа, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. Сувязі.

т. 4, с. 120

ВЕСЯЛО́ЎСКІ Аляксандр Мікалаевіч

(16.2.1838, Масква — 23.10.1906),

рускі філолаг. Акад. Пецярб. АН (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858). Праф. Пецярб. ун-та (1872). Пачынальнік параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Заснавальнік т.зв. школы запазычанняў у рус. філал. навуцы. Перагледзеў прынцыпы міфалагічнай школы («Славянскія сказанні пра Саламона і Кітаўраса і заходнія легенды пра Марольфа і Мерліна», 1872). У «Даследаваннях у галіне рускага духоўнага верша» (вып. 1—6, 1879—91) упершыню раскрыў ролю апокрыфаў. Распрацаваў прынцыпы гіст. вывучэння міфалогіі («Параўнальная міфалогія і яе метад», 1873), нар. эпасу («Паўднёва-рускія быліны», 1881—84), літ. жанраў («Тэорыя паэтычных родаў у іх гістарычным развіцці», ч. 1—3, 1883—86). Даследаваў пытанні бел. культуры: пашырэнне былін на Беларусі [арт. «Рускія і вільціны ў сазе пра Тыдрэка Бернскага (Веронскага)», 1906], творчую гісторыю перакладаў аповесцей на бел. мову з сербскай (арт. «Беларускія аповесці пра Трышчана, Баву і Атылу ў Пазнанскім рукапісе канца XVI стагоддзя», 1887 і 1888), упершыню апублікаваў тэксты гэтых помнікаў. Вывучаў бел. фальклор (арт. «Гетэрызм, пабрацімства і кумаўство ў купальскай абраднасці», 1894).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6, 8, 16. СПб.; М.; Л., 1908—38;

Историческая поэтика. Л., 1940.

т. 4, с. 120

ВЕСЯЛО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч

(2.9.1795, г. Магілёў — 16.4.1867),

вучоны-фізік. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (з 1803), скончыў Магілёўскую гімназію (1812), філас. (1816) і мед. (1823) ф-ты Маскоўскага ун-та. З 1825 ад’юнкт-праф. Маскоўскага аддзялення мед.-хірург. акадэміі, чытаў курс лекцый па фізіцы і матэматыцы. У 1833—38 ардынарны праф. фізікі акадэміі, з 1836 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па даследаванні электрычнасці, гал. чынам удакладненні прыроды т.зв. жыццёвай і атм. электрычнасці, правёў шэраг эксперыментаў па тоеснасці абодвух відаў электрычнасці.

В.А.Гапоненка.

т. 4, с. 120

ВЕСЯЛО́ЎСКІ Мікалай Іванавіч

(ліст. 1848, Масква — 12.4.1918),

рускі археолаг. Праф. (1890). Вывучаў гісторыю і археалогію Сярэдняй Азіі, дзе рабіў раскопкі стараж. гарадоў, у т. л. Афрасіяба. Раскапаў сотні курганоў на Пд і ПдУ Расіі, сярод якіх найбагацейшыя курганы Салоха і Майкопскі. Падрыхтаваў выданне альбома стараж. мячэцей і помнікаў Самарканда. Працаваў у галіне гісторыі рус. навукі.

Тв.:

Памятники дипломатических и торговых сношений Московской Руси с Персией. Т. 1—3. СПб., 1890—98;

Мечети Самарканда. Вып. 1. СПб., 1905.

Літ.:

Записки Восточного отделения Русского археологического обшества. Пг., 1921. Т. 25. С. 337—398.

т. 4, с. 121