ВЕСЯЛО́ЎСКІ Аляксандр Мікалаевіч
(16.2.1838, Масква — 23.10.1906),
рускі філолаг. Акад. Пецярб. АН (1880). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858). Праф. Пецярб. ун-та (1872). Пачынальнік параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Заснавальнік т.зв. школы запазычанняў у рус. філал. навуцы. Перагледзеў прынцыпы міфалагічнай школы («Славянскія сказанні пра Саламона і Кітаўраса і заходнія легенды пра Марольфа і Мерліна», 1872). У «Даследаваннях у галіне рускага духоўнага верша» (вып. 1—6, 1879—91) упершыню раскрыў ролю апокрыфаў. Распрацаваў прынцыпы гіст. вывучэння міфалогіі («Параўнальная міфалогія і яе метад», 1873), нар. эпасу («Паўднёва-рускія быліны», 1881—84), літ. жанраў («Тэорыя паэтычных родаў у іх гістарычным развіцці», ч. 1—3, 1883—86). Даследаваў пытанні бел. культуры: пашырэнне былін на Беларусі [арт. «Рускія і вільціны ў сазе пра Тыдрэка Бернскага (Веронскага)», 1906], творчую гісторыю перакладаў аповесцей на бел. мову з сербскай (арт. «Беларускія аповесці пра Трышчана, Баву і Атылу ў Пазнанскім рукапісе канца XVI стагоддзя», 1887 і 1888), упершыню апублікаваў тэксты гэтых помнікаў. Вывучаў бел. фальклор (арт. «Гетэрызм, пабрацімства і кумаўство ў купальскай абраднасці», 1894).
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—6, 8, 16. СПб.; М.; Л., 1908—38;
Историческая поэтика. Л., 1940.
т. 4, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)