Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫПАНАСО́МЫ (Trypanosoma),

род жгуціканосцаў атр. кінетапластыд. Некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў краінах з цёплым кліматам. Паразіты крыві, спіннамазгавой вадкасці і інш. тканак пазваночных. Узбуджальнікі цяжкіх захворванняў чалавека і свойскіх жывёл — трыпанасамозаў.

Цела верацёнападобнае (звычайна 1,4—2,4 × 15—40 мкм). Ядро адно. Ёсць жгуцік, які пачынаецца ў задняй трэці цела, уздоўж яго зрастаецца з пелікулай і ўтварае хвалепадобную перапонку. Размнажэнне бясполае (прадольнае падоўжнае* дзяленне). Кормяцца асматычна, некат. Т. выдзяляюць у кроў таксіны, якія разбураюць эрытрацыты. Пераносчыкі Т. — розныя крывасосныя насякомыя.

Трыпанасома гамбіенс.

т. 16, с. 5

ТРЫ́ПЛЕКС (ад лац. triplex трайны),

1) трохслойнае безасколачнае шкло. Складаецца з 2 пласцін (лістоў) арган. ці сілікатнага шкла і злучальнага (клеявога) слоя. Выкарыстоўваецца для шклення сродкаў транспарту, скафандраў і інш. 2) Сістэма з 3 артыл. гармат. Мела уніфікаваны лафет, а ствалы рознага калібру, напр., сав. Т. уключаў 152-мм пушку Бр-2, 203-мм гаўбіцу Б-4 і 280-мм марціру Бр-5.

т. 16, с. 6

ТРЫПЛЕ́Т,

элементарная адзінка генет. кода, тое, што кадон.

т. 16, с. 6

ТРЫ́ПЛІН (Tripplin) Тэадор (1813, г. Каліш, Польшча — 25.1.1881),

польскі пісьменнік, падарожнік, лекар; удзельнік паўстання 1830—31. У 1831—40 вывучаў медыцыну ва універсітэтах у Кёнігсбергу і Манпелье. Д-р медыцыны (1840). Падарожнічаў па Еўропе і Паўн. Афрыцы. У 1849—56 жыў у Варшаве. Атрымаў вядомасць як аўтар аповесці «Пан Зыгмунт у Іспаніі» (т. 1—4, 1852) і «Успамінаў аб падарожжы ў Данію, Нарвегію, Англію, Партугалію і ў дзяржаву мараканскую» (1844) і інш. У 1856 наведаў Беларусь. Па дарозе з Беластока ў Вільню спыняўся ў Гродне; жыў у доме кн. Чацвяртынскага, наведваў прыватны музей у горадзе, у якім захоўваліся карціны, малюнкі, стараж. зброя. У 1858 у Вільні выйшаў яго дзённік падарожжа па Беларусі і Жамойці.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 16, с. 6

ТРЫПО́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура энеалітычных плямён, якія ў сярэдзіне 4—3-м тыс. да н.э. насялялі правабярэжжа Дняпра, бас. Паўд. Буга, Днястра і Прута. Назва ад паселішча каля с. Трыполле пад Кіевам. Вылучаюць этапы: ранні (сярэдзіна 4-га тыс. да н.э.), сярэдні (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.) і позні (3-е тыс. да н.э.). Насельніцтва жыло на паселішчах у зямлянках, паўзямлянках і глінабітных наземных жытлах прадаўгаватай формы, падзеленых на некалькі асобных памяшканняў; ужывала крамянёвыя, каменныя, касцяныя і рагавыя прылады працы, а таксама медныя прылады працы і ўпрыгожанні (сякеры, шылы, кінжалы, бранзалеты, падвескі, пацеркі); вырабляла пласкадонны сталовы і кухонны посуд, упрыгожаны крывалінейным і спіральным арнаментам, які пакрываўся белай, чырвонай і чорнай фарбай. Сярод знаходак Т.к. гліняныя фігуркі жывёл і жаночыя статуэткі. Пахавальны абрад трупапалажэнне і трупаспаленне на бескурганных могільніках, пазней трапляюцца курганы. Плямёны Т.к. займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, на раннім этапе вял. ролю адыгрывалі паляванне і рыбалоўства. На познім этапе Т.к. мела лакальныя варыянты, якія часам вылучаюцца ў асобныя культуры. На тэр. Беларусі рэшткі посуду Т.к. выяўлены на паселішчах Аравічы і Краснаселле (Хойніцкі р-н).

У.​Ф.​Ісаенка.

т. 16, с. 6

ТРЫПСІ́Н,

стрававальны фермент пазваночных жывёл і чалавека. Сінтэзуецца клеткамі падстраўнікавай залозы ў форме неактыўнага папярэдніка — трыпсінагену. Удзельнічае ў расшчапленні бялкоў і прадуктаў іх частковага гідролізу.

Поліпептыд (складаецца з 223 амінакіслотных астаткаў). валодае процізапаленчым дзеяннем, паскарае зажыўленне гнойных ран, актывуе згусальнасць крыві, разбурае амярцвелыя тканкі. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 6

ТРЫ́ПСЫ,

атрад насякомых, гл. Пузыраногія.

т. 16, с. 6

ТРЫПТАФА́Н,

C11H12N2O2, незаменная амінакіслата. Уваходзіць у састаў многіх бялкоў. У арганізме чалавека і жывёл не сінтэзуецца, паступае з бялкамі ежы. Т. багатыя печань, мяса, малако, яйкі.

Бясколерныя крышталі, малекулярная маса 204,22, tпл 293 °C. Удзельнічае ў сінтэзе бялку, фарміраванні яго другаснай структуры, папярэднік нікацінавай к-ты, сератаніну. Пад уплывам мікрафлоры ў тоўстым кішэчніку Т. ператвараецца ў таксічныя рэчывы — індол, скатол і інш. Сутачная патрэба дарослага чалавека 7 мг/кг. Ад нястачы ў ежы Т. развіваецца пелагра.

І.​М.​Семяненя.

т. 16, с. 6

ТРЫПУ́РА,

штат на У Індыі. На ПнЗ і Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 10,4 тыс. км². Нас. каля 3 млн. чал. (2001), пераважна бенгальцы. У гарадах жыве каля 10% насельніцтва. Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Агартала. Паўд. і цэнтр. частку займаюць невысокія горы (выш. да 523 м), на Пн ускраіна Гангскай раўніны. Клімат трапічны мусонны. У гарах — вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы. Развіта земляробства. Гал. культуры: рыс, джут, бавоўнік, чай, цукр. трыснёг. Лесараспрацоўкі. Пераважае дробная прам-сць і саматужныя промыслы па перапрацоўцы с.-г. прадуктаў і апрацоўцы драўніны.

т. 16, с. 6

ТРЫПУ́ТНІК (Plantago),

род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. Каля 260 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых зонах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 5 відаў Т.: вялікі (P. major), ланцэтны (P.lanceolata), стэпавы (P. stepposa), сярэдні (P. media), шурпаты (P. scabra). Трапляюцца каля жылля, уздоўж дарог (адсюль назва), на пустках, лугах.

Адна- ці шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і кусцікі. Лісце звычайна чаргаванае, часта збліжанае ў прыкаранёвую разетку, простае, вузкалінейнае або шырокаланцэтнае, суцэльнакрайняе, хвалістае ці зубчастае. Кветкі дробныя, у галоўках або каласах на верхавінках бязлістых стрэлак. Плод — каробачка. Насенне некат. відаў Т. (т.зв. блошнае семя) выкарыстоўваюць у медыцыне, тэкст. і папяровай прам-сці. Лек., тэхн., кармавыя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Трыпутнік: 1 — вялікі; 2 — шурпаты; 3 — ланцэтны.

т. 16, с. 6