ТРЫПУ́ТНІК (Plantago),

род кветкавых раслін сям. трыпутнікавых. Каля 260 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмерана цёплых зонах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 5 відаў Т.: вялікі (P. major), ланцэтны (P.lanceolata), стэпавы (P. stepposa), сярэдні (P. media), шурпаты (P. scabra). Трапляюцца каля жылля, уздоўж дарог (адсюль назва), на пустках, лугах.

Адна- ці шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і кусцікі. Лісце звычайна чаргаванае, часта збліжанае ў прыкаранёвую разетку, простае, вузкалінейнае або шырокаланцэтнае, суцэльнакрайняе, хвалістае ці зубчастае. Кветкі дробныя, у галоўках або каласах на верхавінках бязлістых стрэлак. Плод — каробачка. Насенне некат. відаў Т. (т.зв. блошнае семя) выкарыстоўваюць у медыцыне, тэкст. і папяровай прам-сці. Лек., тэхн., кармавыя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Трыпутнік: 1 — вялікі; 2 — шурпаты; 3 — ланцэтны.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)