Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТРЫЛЕ́СІНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр Першамайскага с/с і саўгаса. За 12 км на ПдЗ ад г.п. Дрыбін, 48 км ад Магілёва, 23 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1317 ж., 411 двароў (2002). Безалкагольных напіткаў і макаронны цэхі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 15, с. 548

ТРЫЛО́ГІЯ (грэч. trilogia),

тры адносна самастойныя творы, якія аб’ядноўваюцца ў адзіны цыкл агульнасцю ідэйнай задумы, галоўных герояў і пераемнасцю сюжэта.

Узнікла ў тэатры Стараж. Грэцыі. У ант. эпоху Т. называлі цыкл з 3 трагедый (напр., «Арэстэя» Эсхіла). У л-ры новага часу побач з драм. Т. развіваецца эпічная; у 20 ст. яна становіцца асн. відам Т. (творы А.​Талстога, М.​Горкага, В.​Васілеўскай, М.​Пуйманавай, У.​Фолкнера).

Мера злучанасці асобных частак паміж сабою тут бывае розная. У Т. «На ростанях» («У Палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях») Я.​Коласа часткі цесна ўзаемазвязаны: вытрымліваецца адзіны кампазіцыйны план; біяграфія гал. героя, яго духоўнае станаўленне паслядоўна праходзяць праз увесь твор, які набывае маст. цэласнасць. У Т. «Шэметы» («На парозе будучыні», «Гарадок Устронь», «Шэметы») М.​Лобана, «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» (не мае агульнай назвы) І.​Навуменкі часткі даволі самастойныя. Тут дзейнічае шэраг герояў буйнога плана, якія ў розных частках займаюць рознае месца ў сюжэце. Т. — разнавіднасць архітэктанічнай формы (гл. Архітэктоніка), якая можа аб’ядноўваць 2, 4, 5 твораў (дылогія, тэтралогія, пенталогія). Расчляненне літ. цэлага на 3 асобныя творы-часткі абумоўліваецца разгорнутасцю задумы, вял. аб’ёмам матэрыялу, своеасаблівасцю сюжэта і кампазіцыі, а таксама імкненнем зрабіць твор больш зручным для ўспрымання чытачом.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 15, с. 548

ТРЫЛЬЁН (франц. trillion),

тысяча мільярдаў, лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 12 нулямі (лік 10​12). У некаторых краінах Т. наз. лік 10​18.

т. 15, с. 548

ТРЫМБЛ (Trimble) Уільям Дэйвід (н. 15.10.1944, г. Белфаст, Вялікабрытанія),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўн. Ірландыі. З 1975 дэп. Паўн.-Ірл. канстытуцыйнага канвента ад пратэстанцкай арг-цыі Авангард юніянісцкай прагрэс. партыі. З 1977 чл. гал. партыі пратэстанцкай большасці Паўн. Ірландыі — Ольстэрскай юніянісцкай партыі, з 1995 яе ген. сакратар. З 1990 дэпутат брыт. парламента. З вер. 1997 вёў перагаворы з гал. арг-цыяй каталіцкай меншасці Паўн. Ірландыі — Шын Фейн і яе лідэрам Дж.​Х’юмам, якія скончыліся ў крас. 1998 падпісаннем мірнага пагаднення аб спыненні паўн.-ірл. міжрэліг. канфлікту. З чэрв. 1998 прэм’ер-міністр урада Паўн. Ірландыі. Нобелеўская прэмія міру 1998 (з Х’юмам).

т. 15, с. 548

ТРЫМЕ́СТР (ад лац. trimestris трохмесячны),

частка вучэбнага года ў навуч. установах шэрагу замежных краін (Вялікабрытанія, часткова ЗША і інш.) працягласцю 10—12 тыдняў.

т. 15, с. 548

ТРЫМУ́РЦІ,

у індуізме праяўленне трыадзінства вярхоўных багоў — Брахмы, Вішну і Шывы. Выяўляецца з адной галавой і трыма тварамі.

т. 15, с. 548

ТРЫНА́ЦЦАТАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КП(б)Б,

гл. Восьмы з’езд КП(б)Б.

т. 15, с. 548

ТРЫНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 30.5—12.6.1930 у Мінску. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 286 з дарадчым голасам ад 46 805 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 39 256 чл. і канд. у чл. КП(б)Б). Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК ВКП(б) (Дз.​З.​Мануільскі), ЦКК ВКП(б) (М.​А.​Трылісер); паліт. справаздача ЦК КП(б)Б (К.​В.​Гей); арганізац. справаздача ЦК КП(б)Б (І.​А.​Васілевіч); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.​Я.​Калнін); даклады аб ходзе выканання 5-гадовага плана развіцця прам-сці (К.​Ф.​Бенек); аб калгасным руху і ўздыме сельскай гаспадаркі (М.​М.​Галадзед); аб задачах прафсаюзаў у рэканструкцыйны перыяд (І.​П.​Рыжоў); выбары кіруючых органаў партыі. З’езд прапанаваў ЦК і парт. арг-цыям: працягваць курс на індустрыялізацыю; умацоўваць калгасы і няўхільна павялічваць іх колькасць; выпраўляць памылкі і скрыўленні, дапушчаныя ў калгасным буд-ве; аднавіць разбураную нізавую сетку с.-г. кааперацыі; знайсці дадатковыя крыніцы забеспячэння прац. насельніцтва прадуктамі харчавання і рацыянальна выкарыстоўваць харч. рэсурсы. Умовамі паспяховага выканання намечанага курсу павінны былі стаць «бязлітасная барацьба» супраць правага апартунізму як гал. небяспекі на тым этапе развіцця, «левых» трацкісцкіх перагібаў, прымірэнства, усякіх ваганняў у нац. пытанні. Асаблівы акцэнт з’езд зрабіў на вынікі ідэолага-паліт. кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму і правага ўхілу, якая разгарнулася пасля праверкі ў маі—чэрв. 1929 камісіяй ЦКК ВКП(б) на чале з У.​П.​Затонскім практыкі нац. работы ў БССР. Многія дэлегаты ў сваіх прамовах заяўлялі, што настаў час разглядаць бел. нацыянал-дэмакратызм як гал.небяспеку для партыі. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 112 чл. і 62 канд., ЦКК КП(б)Б з 89 чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 9 чл.

Літ.:

XIII з’езд Камуністычнай партыі (6.) Беларусі: Стэнагр. справаздача, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г. Мн., 1931;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

Р.​П.​Платонаў.

т. 15, с. 548

ТРЫНАЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1454—66,

вайна паміж Тэўтонскім ордэнам і Польскім каралеўствам. Пачалася ў лют. 1454 паўстаннем супраць ордэна, падрыхтаваным т.зв. Прускім саюзам (створаны ў 1440, аб’ядноўваў апазіцыйныя ордэну гарады, дробных рыцараў Памор’я Прусіі). З-пад улады ордэна былі вызвалены Гданьск, Торунь, Эльбланг, Кралявец (Кёнігсберг). У сак. 1454 польскі кароль Казімір IV абвясціў пра ўключэнне зямель ордэна ў склад Польшчы. Польскае апалчэнне ўступіла ва ўладанні ордэна, аднак у вер. 1454 пацярпела паражэнне каля Хайніцаў. Вайна прыняла зацяжны характар, ордэн атрымаў падтрымку Брандэнбурга і інш. герм. княстваў. Паваротным пунктам у вайне стала перамога польскіх войск у 1462 у бітве каля Жарноўца; шэраг паражэнняў войскі ордэна пацярпелі ў 1465—66. Скончылася вайна Тарунскім мірам 1466, паводле якога Польскае каралеўства зноў атрымала выхад да Балт. м.; вярнула сабе Усх. Памор’е з г. Гданьск, Хэлмскую і Міхалоўскую землі з г. Торунь, зах. частку Прусіі і Вармію. Тэўтонскі ордэн, пад уладай якога засталася Усх. Прусія, прызнаў сябе васалам польскага караля.

т. 15, с. 549

ТРЫНАЦЦАЦІСКЛАДО́ВІК,

у польскім. бел. і рус. сілабічным вершаскладанні памер у 13 складоў з цэзурай пасля 7-га склада.

Развіўся з сярэдневяковага лац. «ваганцкага верша» (6-стопны харэй з дактылічнай цэзурай), перапрацаванага ў адпаведнасці з асаблівасцямі польскай мовы (націск на перадапошнім складзе).

Т. лічыўся «высокім» памерам. Ім напісаны панегірыкі А.​Рымшы, многія ананімныя вершы 16—17 ст. Сімяон Полацкі пашырыў сферу ўжывання Т., ён пісаў элегіі, дэкламацыі, алегорыі. У бел. л-ры 19 ст. сустракаецца рэдка, ім напісаны некаторыя рамансы ў «Сялянцы» В.​Дуніна-Марцінкевіча, верш Я.​Лучыны «Стары ляснік» і інш.

А.​А.​Майсейчык.

т. 15, с. 549