Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЗО́ЛЬ,

лакальны балючы ўчастак празмернага патаўшчэння рагавога слоя эпідэрмісу скуры (гіперкератозу) чалавека. Узнікае як ахоўная прыстасавальная рэакцыя скуры на месцы працяглага мех. ўздзеяння, найчасцей на далонях, падэшвах і інш. Мае выгляд шчыльных жаўтаватых, брудна-шэрых ці карычневых патаўшчэнняў. Лячэнне тэрапеўтычнае. М. ёсць таксама ў некат. млекакормячых (вярблюдаў, прыматаў).

М.З.Ягоўдзік.

т. 9, с. 510

МАЗО́Н ((Mazon) Андрэ) (7.9.1881, Парыж — 13.7.1967),

французскі філолаг-славіст. Чл. Акадэміі надпісаў і прыгожага пісьменства (1941). Замежны чл. АН СССР (1928), інш. замежных акадэмій. Вучыўся ў Сарбоне і Пражскім ун-це. Выкладчык франц. мовы Харкаўскага (1905—08), праф. слав. філалогіі Страсбурскага (1919—23) ун-таў, Калеж дэ Франс (1924—51). У 1909—14 працаваў у Ін-це жывых усходніх моў. У 1937—59 ганаровы прэзідэнт Ін-та слав. даследаванняў Парыжскага ун-та. Аўтар прац па слав. філалогіі: «Марфалогія трыванняў рускага дзеяслова» (1908), «Граматыка чэшскай мовы» (1921), «Славянскія казкі паўднёва-заходняй Македоніі» (1923), «Парыжскія рукапісы Івана Тургенева» (1930), «Дакументы, славянскія казкі і песні паўднёвай Албаніі» (1936), «Слова аб палку Ігаравым» (1940), «Граматыка рускай мовы» (1943) і інш. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар час. «Revue des études slaves» («Часопіс славянскіх даследаванняў», з 1921). У 1958—67 віцэ-старшыня Міжнар. камітэта славістаў.

т. 9, с. 510

«МАЗО́ЎША»

(«Mazowsze»),

Дзяржаўны ансамбль песні і танца «Мазоўша» імя Т.Сыгетынскага Рэспублікі Польшча. Створаны ў 1949. Працуе ў в. Каролін каля Варшавы. Арганізатар і першы кіраўнік Т.Сыгетынскі (з 1955 ансамбль яго імя), з 1955 кіраўнік М.Зімінская-Сыгетынская. У складзе калектыву хар. і балетная групы, інстр. ансамбль. У рэпертуары больш за 100 маст. апрацовак польскіх нар. песень і танцаў, пераважна цэнтр. Польшчы, арыгінальныя творы польскіх і інш. кампазітараў, у т.л. песні Сыгетынскага.

Неаднаразова выступаў на Беларусі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 9, с. 510

МА́ЗУР (Вікторыя Мікалаеўна) (н. 4.8.1946, г. Магілёў),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арг. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1998). Скончыла Бел. кансерваторыю (1971). З 1970 салістка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Валодае прыгожым моцным голасам. Творчасці характэрны эмацыянальнасць, выразнасць, артыстызм. Сярод роляў: Ірына, Алімпіяда, Паўлінка («Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання», «Паўлінка» Ю.Семянякі), Сільва, Марыда, Віялета і Мадлен («Сільва», «Марыца», «Фіялка Манмартра» І.Кальмана), Ганна Главары, Зорыка і графіня Ілона, Фраскіта («Вясёлая ўдава», «Цыганскае каханне», «Фраскіта» Ф.Легара), Разалінда, Аніна («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.Штрауса), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.Лоу), Настасся Батманава («Халопка» М.Стрэльнікава), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Феніса («Хітрамудрая закаханая» А.Рабава), Насця («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Пенелопа («Пенелопа» А.Журбіна), Долі («Хэло, Долі!» Дж.Германа).

А.Я.Ракава.

В.М.Мазур.
В.Мазур у ролі Мадлен.

т. 9, с. 510

МА́ЗУР ((Masur) Курт) (н. 18.7.1927, г. Брыг, Швейцарыя),

нямецкі дырыжор. Чл. АМ Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскай вышэйшай муз. школе (1946—48). З 1948 дырыжор оперных т-раў у Гале, Эрфурце, Лейпцыгу. У 1955—72 генерал-музік-дырэктар Дрэздэнскага філарманічнага аркестра, Мекленбургскага т-ра ў Шверыне, т-ра «Комішэопер», з 1970 гал. дырыжор аркестра «Гевандхаўза», з 1991 Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Хары Янаш» З.Кодая, «Рамэо і Юлія» Г.Зутэрмейстара, «З мёртвага дома» Л.Яначака, «Арабела» Р.Штрауса, «Атэла» Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Вядомы як інтэрпрэтатар сімфоній Л.Бетховена, А.Брукнера, Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, П.Чайкоўскага. Нац. прэміі ГДР 1970, 1982. Прэмія імя Шумана 1981.

К.Мазур.

т. 9, с. 511

МАЗУ́РАЎ (Кірыла Трафімавіч) (7.4.1914, в. Рудня-Прыбыткоўская Гомельскага р-на — 19.12.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум (1933), ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1947). З 1933 тэхнік, нач. Камарынскага раённага дарожнага аддзела. У 1936—39 у Чырв. Арміі, палітаддзеле Бел. чыгункі. З 1939 заг. аддзела Гомельскага абкома, сакратар Гомельскага гаркома, 1-ы сакратар Брэсцкага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце: палітрук роты, камандзір батальёна, інструктар палітаддзела 21-й арміі (падпалкоўнік). З вер. 1942 да канца 1943 М. на акупіраванай тэр. Беларусі: прадстаўнік ЦШПР у партыз. злучэннях Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абл., чл. Мінскага падпольнага абкома КП(б)Б, сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1943—47 2-і, 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З кастр. 1947 у апараце ЦК КП(б)Б. З 1949 2-і, 1-ы сакратар Мінскага гаркома, з 1950 1-ы сакратар абкома партыі. З ліп. 1953 Старшыня Савета Міністраў БССР. З ліп. 1956 1-ы сакратар ЦК КПБ. У 1965—78 1-ы нам. Старшыні Савета Міністраў СССР. З 1986 Старшыня Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы, чл. Міжнар. федэрацыі барацьбітоў супраціўлення, з 1987 чл. ВЦСПС. Чл. ЦК у 1949—66, Бюро ЦК у вер. 1952 — снеж. 1962, Прэзідыума ЦК КПБ у снеж. 1962 — крас. 1965. Чл. ЦК у 1956—81, канд. у чл. Прэзідыума ЦК з 1957, чл. Прэзідыума ЦК з 1965, чл. Палітбюро ЦК КПСС у 1966—78. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—67, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1950—53 і 1956—65. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1950—79 і з 1989, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР у 1958—66. У 1956—65 чл. Ваен. савета БВА. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Тв.:

О 20-летии со дня освобождения Советской Белоруссии от немецко-фашистских захватчиков. Мн., 1964;

Незабываемое. 2 изд. Мн., 1987.

К.Т.Мазураў.

т. 9, с. 511

МАЗУ́РКА (польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),

польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула ці , трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер ​3/4 ці ​3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.Ельскія, Ф.Міладоўскі, у 20 ст. А.Багатыроў, Г.Вагнер, Э.Тырманд і інш.

І.Дз.Назіна.

т. 9, с. 511

МАЗУРКЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф Ігнатавіч; 1887, в. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Мінску (1924). Настаўнічаў, выкладаў на Віцебскім вячэрнім рабфаку. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. працаваў у Віцебскім краязнаўчым музеі, у школе. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Віцебскай філіі «Маладняка» і Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1922. Выступаў з апавяданнямі («Здзекі», 1924; «Бранявік», 1925), п’есамі («За калгас», 1930), нарысамі («Сустрэча», 1932), крытычнымі артыкуламі («400 гадоў беларускага друку», 1925; «Літаратурны рух на Віцебшчыне», 1929). Рэпрэсіраваны ў 1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

М.Л.Зуеў.

т. 9, с. 511

МАЗУРО́К (Юрый Антонавіч) (н. 18.7.1931, г. Краснік, Польшча),

расійскі спявак (барытон). Нар. арг. СССР (1976). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960, клас С.Мігая). З 1963 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Яўген Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Андрэй Балконскі («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Валянцін («Фауст» Ш.Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Жэрмон, граф ды Луна, Радрыга, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Дон Карлас», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні). Лаўрэат Міжнар. і Усесаюзнага конкурсаў вакалістаў «Пражская вясна» (1960), імя Дж.Энеску (1961, Бухарэст), імя М.Глінкі (1962, Масква), у Манрэалі (1967).

Ю.А.Мазурок.

т. 9, с. 511

МАЗУ́РСКІЯ АЗЁРЫ,

група азёр на ПнУ Польшчы ў межах Мазурскага Паазер’я. Утвараюць сістэму, злучаную пратокамі і каналамі (19 ст.) з агульнай пл. 302 км², Найб. азёры: Снярдвы (пл. 113,8 км²), Мамры (104,9 км²), Нягоцін (26 км²), Нідскае (17,3 км²). Сцёк у бас. рэк Вісла і Прэголя. Азёры ледавіковага паходжання. Размешчаны ў паніжэннях паміж канцова-марэннымі градамі. Берагі моцна парэзаны, нізкія багністыя, высокія (да 4 м) залесеныя, са шматлікімі затокамі, астравамі і пляжамі. Суднаходства, рыбалоўства, турызм, зоны адпачынку, санаторыі. Шмат геал. (Фуледа), арніталагічных (Лукнайна) і расл. запаведнікаў. На воз. Снярдвы н.-д. станцыя Польскай АН. У час 1-й сусв. вайны 1914—18 у раёне М.а. адбываліся кровапралітныя баі паміж рас. і герм. войскамі.

Т.Каліцкі.

т. 9, с. 511