МАЗУРКЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф Ігнатавіч; 1887, в. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 1937),

бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Мінску (1924). Настаўнічаў, выкладаў на Віцебскім вячэрнім рабфаку. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. працаваў у Віцебскім краязнаўчым музеі, у школе. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Віцебскай філіі «Маладняка» і Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1922. Выступаў з апавяданнямі («Здзекі», 1924; «Бранявік», 1925), п’есамі («За калгас», 1930), нарысамі («Сустрэча», 1932), крытычнымі артыкуламі («400 гадоў беларускага друку», 1925; «Літаратурны рух на Віцебшчыне», 1929). Рэпрэсіраваны ў 1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

М.Л.Зуеў.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)