МАЗУ́РКА
(польск. mazurek, mazur ад назвы жыхароў Мазовіі),
польскі нар. танец. Мае своеасаблівую харэаграфічную (асн. элементы — хуткі бег пар з падскокам на 1-ю долю такта і вярчэнне) і метрарытмічную (тыповая рытмаформула
ці
, трохдольнасць, капрызная акцэнтуацыя, рубатнасць) арганізацыю. Муз. памер 3/4 ці 3/8. Тэмп ад умеранага да хуткага. Найб. раннія запісы з мазуркавымі рытмамі (т.зв. польскі танец) выяўлены ў табулатурах і канцыяналах пач. 17 ст. З 2-й чвэрці 19 ст. пашырана ў еўрап. краінах як бальны танец. Як муз. жанр дасягнула росквіту ў творчасці Ф.Шапэна. На Беларусі вядома з сярэдзіны 19 ст. напачатку пры дварах знаці, у гарадах, потым і ў вясковым побыце. Захоўваецца ў рэпертуары сучасных музыкантаў. У прафес. бел. музыцы жанр М. распрацоўвалі ў 19 ст. Н.Орда, Міхал Клеафас Агінскі, М. і А.Ельскія, Ф.Міладоўскі, у 20 ст. А.Багатыроў, Г.Вагнер, Э.Тырманд і інш.
І.Дз.Назіна.
т. 9, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)