СЕРАКАРАТНЯ́НКА,
рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Лучоса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 356 км². Выцякае з Дзевінскага воз. (у некат. даведніках за пач. ракі прымаюцца сутокі рэк Добрынка і Зерамнянка за 1 км на У ад в. Добрына, дзе яна вядома пад назвай Серакаротня), цячэ праз воз. Серакаротня. Вусце за 500 м на ПнУ ад в. Шылы.
т. 14, с. 342
СЕРАКАРО́ТНЯ,
возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.
т. 14, с. 342
СЕРАКО́Ў (Іван Сцяпанавіч) (н. 23.8.1946, в. Язычкава Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1998), праф. (1999). Скончыў БСГА (1971), з 1973 працуе ў ёй (у 1993—98 заг. кафедры). Навук. працы па выкарыстанні вітамінаў і інш. біялагічна-актыўных рэчываў у кармавых дабаўках у рацыёнах с.-г. жывёл.
Тв.:
Теоретические и практические аспекты использования витаминов U, В12 и коэнзима В12 в рационах свиней. Горки, 1999;
Племенная работа в пчеловодстве с основами биометрии. Мн., 1999.
т. 14, с. 342
СЕРАКО́ЎСКІ ((Sierakowski) Зыгмунт) (Сігізмунд; псеўд. Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.Р.Шаўчэнкам, Б.Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.А.Дабралюбавым, М.Г.Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.І.Герцэнам, М.П.Агаровым, Дж.Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен. нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс. чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.
Тв.:
Записка З.Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.
Літ.:
Дьяков В.А. Сигизмунд Сераковский. М., 1959;
Смирнов А.Ф. Сигизмунд Сераковский. М., 1959.
Г.В.Кісялёў.
т. 14, с. 343
СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф
(каля 1750—1817),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.—жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.
т. 14, с. 343
СЕРАЛО́ГІЯ (ад лац. serum сываратка + ...логія),
раздзел імуналогіі, які вывучае механізмы сералагічных рэакцый, магчымасці іх выкарыстання ў біялогіі і медыцыне. Сералагічныя рэакцыі пашыраны для дыягностыкі захворванняў, вызначэння антыгенных уласцівасцей біял. тканак (груп крыві, ступені чужароднасці органаў, што перасаджваюцца), гармонаў, лек. сродкаў, вывучэння механізмаў працэсаў жыццядзейнасці і іх парушэнняў. Гл. таксама Серадыягностыка.
Літ.:
Никитин В.М. Справочник серологических реакций. Кишинев, 1977;
Иммунологические методы. М., 1987;
Руководство по инфекционным болезням. СПб., 2000.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 343
СЕРА́М,
востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.
т. 14, с. 343
«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»
(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.А.Гофмана),
літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.Груздзеў, М.Зошчанка, У.Іванаў, В.Каверын, Л.Лунц, М.Нікіцін, Л.Палонская, М.Сланімскі, М.Ціханаў, К.Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш. іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус. псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.
Літ.:
Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;
Каверин В. Освещенные окна. М., 1978. С. 406—544.
т. 14, с. 343
СЕРАПІЁН УЛАДЗІ́МІРСКІ (? — 1275),
старажытнарускі пісьменнік-прапаведнік. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра, з 1274 епіскап Уладзімірскі. З яго «слоў» (пропаведзі, павучанні) дайшло 5 у зб-ках «Залатая чэпь» (14 ст.), «Паісіеўскі» (14 — пач. 15 ст.), «Ізмарагд», «Златавуст». Гал. тэма — пакуты рус. народа ў сувязі з мангола-татарскім нашэсцем. Славіў ратныя подзвігі абаронцаў роднай зямлі, выказваў надзею на вызваленне Русі і дакараў князёў, якія сваімі нязгодамі наклікалі на яе бяду як боскую кару за іх грахі, асуджаў сац. несправядлівасць, выкрываў забабоны, заклікаў да маральнага ўдасканалення. Ім уласцівы актуальнасць зместу, вобразнасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць, дынамічнасць, рытмічнасць. Апрача царк. кніжнасці апіраўся на апокрыфы і нар. легенды, развіваў лепшыя традыцыі аратарскай прозы Іларыёна і Кірылы Тураўскага.
Літ.:
Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.
Л.Л.Кароткая.
т. 14, с. 343