Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЗЕ́ПА ((Калядзінскі) Іван Сцяпанавіч) (1644—8.9.1709),

украінскі дзярж. дзеяч. У 1669—73 на службе ў гетмана Правабярэжнай Украіны (у складзе Польшчы) П.Дарашэнкі, у 1674—81 — у гетмана Левабярэжнай Украіны І.Самайловіча. У 1682—86 ген. есаул, у 1687—1708 гетман Левабярэжнай Украіны. Адзін з найбуйнейшых землеўладальнікаў Украіны. У час Паўночнай вайны 1700—21 узначальваў групоўку ўкр. старшыны, якая выношвала планы аддзялення Левабярэжнай Украіны ад Расіі і разлічвала на дапамогу Швецыі. Вёў тайныя перагаворы з каралём Рэчы Паспалітай (стаўленікам шведаў) Станіславам Ляшчынскім, пазней з каралём Швецыі Карлам XII. У 1708 разам з 5 тыс. казакоў перайшоў на бок Карла XII. Пасля паражэння швед. арміі ў Палтаўскай бітве 1709 М. разам з Карлам XII уцёк у тур. крэпасць Бендэр (цяпер у Малдове), дзе неўзабаве памёр.

Літ.:

Костомаров Н.И. Мазепа. М., 1992.

т. 9, с. 509

МА́ЗЕР (ад пач. літар англ. слоў Microwave Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне мікрахваль з дапамогай вымушанага выпрамянення),

квантавы генератар або ўзмацняльнік звышвысокачастотнага дыяпазону, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем узбуджаных часціц. Найб. пашыраны М. сантыметровага і дэцыметровага дыяпазонаў на аснове парамагнітных крышталёў (напр., рубіну; гл. Парамагнітны ўзмацняльнік) і малекулярныя генератары на пучках малекул вадароду, аміяку, атамаў цэзію, рубідыю і інш. Выкарыстоўваюцца ў радыёастраноміі, радыёлакацыі, у якасці стандартаў частаты (гл. Квантавы гадзіннік), узмацняльнікаў і прыёмнікаў з малым узроўнем шуму для сістэм звышдалёкай сувязі, у т.л. касмічнай.

Л.М.Арлоў.

т. 9, с. 509

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см​2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 509

МАЗЖУ́ХІН (Іван Ільіч) (26.9.1889, Масква — 18.1.1939),

расійскі кінаакцёр. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Працаваў у правінцыяльных т-рах, маскоўскім Увядзенскім нар. доме. З 1911 здымаўся ў кіно. Буйнейшы акцёр рас. дарэв. кінематографа. Іграў рамант. герояў у меладрамах, здымаўся ў быт. камедыях, салонных і дэкадэнцкіх драмах. Сярод роляў: гвардзейскі афіцэр Маўрушка («Домік у Каломне» паводле А.Пушкіна, 1913), Стаўрогін («Мікалай Стаўрогін» паводле рамана Ф.Дастаеўскага «Д’яблы», 1915), Герман («Пікавая дама» паводле Пушкіна, 1916), князь Касацкі («Айцец Сергій» паводле Л.Талстога, 1918). З 1920 у эміграцыі, здымаўся пераважна ў Францыі: «Дзіця карнавала» (1921, 1933, сцэнарыст і рэжысёр), «Дом таямніц» (1922), «Касцёр палае» (1923, сцэнарыст і рэжысёр), «Міхаіл Строгаў» (1926) і інш.

Г.В.Ратнікаў.

т. 9, с. 509

МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),

італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).

т. 9, с. 509

МАЗІ́НІ ((Masini) Анджэла) (28.11.1844, Тэра-дэль-Соле, Італія — 29.9.1926),

італьянскі спявак (тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў стылю бельканта 19 ст. З 1867 выступаў на сцэнах буйнейшых т-раў Італіі і інш. еўрап. краін, у т.л. ў 1879—1903 у Італьян. оперы ў Пецярбургу. У 1905 пакінуў сцэну. Валодаў голасам прыгожага тэмбру, бліскучай каларатурнай тэхнікай. Сярод партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Джэнара («Любоўны напітак», «Лукрэцыя Борджа» Г.Даніцэці), Радамес («Аіда» Дж.Вердзі), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага) і інш.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

т. 9, с. 509

МАЗЛУ́МАЎ (Авядзікт Лук’янавіч) (12.12.1896, г. Сімферопаль, Украіна — 30.9.1972),

расійскі біёлаг-селекцыянер. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1923, Расія). З 1922 ва Усерас. НДІ цукр. буракоў і цукру (Варонежская вобл.). Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы цукр. буракоў. Вывеў 52 сарты і гібрыды цукр. буракоў. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1952. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Селекция сахарной свеклы. М., 1950;

Методы селекции, создание высокопродуктивных сортов и гибридов сахарной свеклы и их внедрение в производство // Тр. Всесоюз. НИИ сахарной свеклы. 1965. Т. 2, вып. 2.

т. 9, с. 510

МАЗО́ (Рахіль Эфраімаўна) (н. 6.2.1910, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыла Маскоўскі ун-т (1930) і Мінскі мед. ін-т (1940). У 1949—80 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па кардыялогіі дзіцячага ўзросту.

Тв.:

Пособие по педиатрии для врачей. Мн., 1969 (разам з І.Н.Усавым);

Пневмония у детей раннего возраста. Мн., 1977.

т. 9, с. 510

МАЗО́ВІЯ (Mazowsze),

гістарычная вобласць Польшчы, у сярэднім цячэнні Віслы і ніжнім цячэнні Нарава і Буга. У раннім сярэдневякоўі тэр. рассялення польскага племя мазаўшан. У склад польскай дзяржавы ўключана, верагодна, у час панавання Мешкі 7, у 10 ст. цэнтр М. — г. Плоцк. У выніку падзелу ў 1138 Польшчы на ўдзелы (паводле завяшчання Баляслава III Крывавустага) узнікла Мазавецкае княства, якое ў 13 ст. распалася на больш дробныя ўдзелы. У 1351—70 і 1388—1526 мазавецкія князі ў леннай залежнасці ад Польшчы. У выніку вымірання мясц. княжацкіх родаў асобныя ўдзелы М. ўключаны ў склад Кароны ў якасці ваяводстваў — Раўскага (1462), Плоцкага (1495), Мазавецкага (1526, цэнтр — г. Варшава). Да 1540 М. захоўвала ўласны сейм, да 1577 — асобнае заканадаўства. У 14—17 ст. дробная шляхта і сяляне каланізавалі суседнія тэр. Прусіі (гл. Мазуры) і Падляшша, заснавалі пасяленні на бел., літ. і ўкр. землях. У выніку Люблінскай уніі 1569 М. стала цэнтр. рэгіёнам Рэчы Паспалітай, Варшава — месцам правядзення агульных сеймаў, з 1569 — сталіцай дзяржавы. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) б.ч. М. адышла да Прусіі, меншая — да Аўстрыі. У 1807 і 1809 М. ў межах Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1918 увайшла ў склад адноўленай Польскай дзяржавы ў межах Варшаўскага, часткова Беластоцкага і Люблінскага ваяводстваў, з 1999 — у межах Мазавецкага ваяводства.

Літ.:

Dzieje Mazowsza do 1526 roku. Warszawa, 1994.

Н.К.Мазоўка.

т. 9, с. 510

МАЗО́ЛІСТАЕ ЦЕ́ЛА сукупнасць нервовых валокнаў, участак белага рэчыва галаўнога мозга плацэнтарных млекакормячых і чалавека. Размешчана ў глыбіні падоўжнай шчыліны паміж паўшар’ямі галаўнога мозга. Даўж. 7—9 см. Уяўляе сабой сукупнасць папярочна размешчаных камісуральных нерв. валокнаў (колькасцю 200—350 млн.), якія злучаюць сіметрычныя, рознаіменныя звіліны ці зоны новай кары абодвух паўшар’яў. Ажыццяўляе абмен нерв. імпульсацыяй паміж паўшар’ямі, што забяспечвае іх каардынаваную дзейнасць; з’яўляецца важнай сістэмай перапрацоўкі інфармацыі пры абучэнні.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 510