МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),
італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).
т. 9, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)