МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см​2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)