Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРАБРАКО́Ў (Павел Аляксеевіч) (28.2.1909, г. Валгаград, Расія — 17.8.1977),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1962). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930), выкладаў у ёй (з 1939 праф.; у 1938—51 і з 1961 рэктар). Вядомы як інтэрпрэтатар фартэпіяннай музыкі Л.​Бетховена, П.​Чайкоўскага, першы выканаўца шэрагу твораў сав. кампазітараў. Ігра С. была адметная віртуознасцю, маштабнасцю, эмацыянальнасцю.

Літ.:

Растопчина Н. П.​А.​Серебряков. Л., 1970.

т. 14, с. 341

СЕРАБРА́НКА,

вёска ў Доўскім с/с Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рагачоў—Слаўгарад. Цэнтр вытв. с.-г. кааператыва. За 25 км на У ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 96 км ад Гомеля. 547 ж., 207 двароў (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі курганны могільнік (11—12 ст.). У Вял. Айч. вайну у вёсцы дзейнічала Серабранскае камсамольска-маладзёжнае падполле.

т. 14, с. 341

СЕРАБРА́НСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з вер. 1941 да студз. 1944 у в. Серабранка Журавіцкага (цяпер Рагачоўскага) р-на Гомельскай вобл. Аб’ядноўвала 14 чал. (кіраўнікі М.​А.​Дзмітрыеў, Н.​І.​Левянкова, М.​Ц.​Патапенка). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю, разведданыя пра ням. гарнізоны ў Гомелі, Бабруйску, Рагачове, Слаўгарадзе, Карме, прадукты, медыкаменты, праводзілі дыверсіі, двойчы сарвалі вываз у Германію жыхароў вёскі.

т. 14, с. 341

СЕРАБРА́ ГАЛАГЕНІ́ДЫ,

неарганічныя хім. злучэнні серабра з галагенамі. Найб. пашыраны фтарыд AgF, хларыд (у прыродзе мінерал хлораргірыт) AgCl, брамід (бромаргірыт) AgBr, ёдыд (ёдаргірыт) AgJ.

Крышт. рэчывы; AgCl бясколерны, астатнія С.г. жоўтага колеру. Практычна нерастваральныя ў вадзе (за выключэннем AgF). Раствараюцца ў водным аміяку з утварэннем комплексных аміякатаў. Святлоадчувальныя; пад уздзеяннем святла раскладаюцца з вылучэннем метал. серабра. Атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з галагенамі або з канцэнтраванымі растворамі галагенавадародных кіслот, нерастваральныя — абменным узаемадзеяннем серабра нітрату з адпаведнымі растваральнымі галагенідамі. Хларыд, брамід і ёдыд выкарыстоўваюць для вытв-сці святлоадчувальных матэрыялаў (папера фатаграфічная, плёнка кіна- і фатаграфічная); хларыд як дэтэктар касм. выпрамяненняў, для вырабу элементаў аптычнай часткі інфрачырв. спектрометраў; брамід як каталізатар у арган. сінтэзе; ёдыд пры гальванічным серабрэнні, як крыніцу цэнтраў крышталізацыі вады ў воблаках пры барацьбе з градам.

т. 14, с. 340

СЕРАБРА́ НІТРА́Т,

неарганічнае хім. злучэнне, соль серабра, AgNO3. Бясколерныя крышталі, шчыльн. 4350 кг/м³, tпл 209,7 °C. Добра раствараецца ў вадзе, спіртах. Пад уздзеяннем арган. і неарган. аднаўляльнікаў, святла і пры награванні лёгка аднаўляецца да серабра. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем серабра з азотнай к-той. Выкарыстоўваюць для атрымання інш. злучэнняў серабра, для серабрэння люстраў, як вяжучы бактэрыцыдны сродак (ляпіс), у вытв-сці фатагр. эмульсій, аналіт. хіміі (рэагент у аргентаметрыі).

т. 14, с. 340

СЕРАБРО́ (лац. Argentum),

срэбра, Ag, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 47, ат. м. 107,8682; адносіцца да высакародных металаў. Прыроднае С. складаецца з 2 стабільных ізатопаў; ​107Ag (51,35%) і ​109Ag. Самы пашыраны з высакародных металаў; у зямной кары 7∙10​−6% па масе. Трапляецца ў свабодным стане (Серабро самароднае) і ў выглядзе мінералаў (гл. Сярэбраныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці.

Бліскучы метал белага колеру, мяккі і пластычны, tпл 961,93 °C, 2167 °C, шчыльн. 10491 кг/м³. Мае найб. з усіх металаў цепла- і электраправоднасць, высокую адбівальную здольнасць (С., асаджанае ў вакууме на шкло, адбівае 95% бачнага святла). Хімічна мала актыўнае. У паветры не акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ў прысутнасці кіслароду ўзаемадзейнічае з серавадародам з утварэннем чорнага сульфіду Ag2S (вырабы з С. ў паветры цямнеюць). Раствараецца ў азотнай (утвараецца серабра нітрат AgNO3) і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах. З галагенамі ўтварае серабра галагеніды. Пры награванні ўзаемадзейнічае з халькагенамі, фосфарам, мыш’яком і вугляродам. Вядомы шматлікія комплексныя злучэнні С., у якіх каардынацыйны лік С. роўны 2, 3 і 4, напр., комплексныя цыяніды шчолачных металаў M​I(Ag(CN)2]. З інш. металамі ўтварае сплавы і шматлікія штэрметаліды. Атрымліваюць пераважна як пабочны прадукт пры перапрацоўцы свінцовых, цынкавых і медных руд. Выкарыстоўваюць у асн. для вырабу фота- і кінаматэрыялаў (30—40% усяго С., якое вырабляецца), сярэбрана-цынкавых акумулятараў для касм. і абароннай тэхнікі, люстраў (гл. Серабрэнне), як каталізатар у арган. сінтэзе; сплавы для вырабу прыпояў, кантактаў, элементаў рале і інш. у электратэхніцы і электроніцы, манет, ювелірных вырабаў, сталовага і хім. посуду, пламбіравання і пратэзавання ў стаматалогіі; калоідны раствор С. як бактэрыцыдны прэпарат (каларгол, пратаргол).

Літ.:

Малышев В.М., Румянцев Д.В. Серебро. 2 изд. М., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 341

СЕРАБРО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 15.2.1944, Масква),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982). Лётчык-касманаўт СССР (1982). Канд. тэхн. н. (1974). Скончыў Маскоўскі фіз.-тэхн. ін-т (1967). З 1976 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.​П.​Каралёва, адначасова ў 1978—95 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.​А.​Гагарына. 19—27.8.1982 з Л.​І.​Паповым і С.​Я.​Савіцкай здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз Т-7» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-7» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз Т-5»); 20—22.4.1983 (як касманаўт-даследчык) з У.​Г.​Цітовым і Г.​М.​Стракалавым — на КК «Саюз Т-8»; 6.9.1989—19.2.1990 (як бортінжынер) з А.​С.​Віктарэнкам — на КК «Саюз ТМ-8» і АС «Мір»; 1.7.1993—14.1.1994 (як бортінжынер) з В.​В.​Цыбліевым і Ж.​П.​Эньерэ (Францыя) — на КК «Саюз ТМ-17» і АС «Мір». Правёў у космасе 372,95 сут. Здзейсніў 10 выхадаў у адкрыты космас.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 14, с. 341

СЕРАБРО́ЎСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (18.2.1892, г. Курск, Расія — 26.6.1948),

рускі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1933), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). У 1929 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю генетыкі ў Біял. ін-це імя К.​А.​Ціміразева, у 1931 — сектар генетыкі і селекцыі ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Арганізатар і з 1930 заг. кафедры генетыкі Маскоўскага ун-та. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, гібрыдызацыі с.-г. жывёл і раслін. Прапанаваў і эксперым. пацвердзіў схему будовы гена, выказаў ідэю пра яго дыскрэтнасць, сфармуляваў тэорыю паходжання новых генаў шляхам дуплікацыі. Стварыў новы кірунак эвалюц. вучэння — генагеаграфію.

Унёс уклад у распрацоўку асноў селекцыі і гібрыдызацыі, метадаў генет. аналізу і ўвядзенне навук. распрацовак у с.-г. практыку.

А.С.Сераброўскі.

т. 14, с. 341

СЕРАБРО́ САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Ag. Колькасць серабра ў С.с. 99%. Мае прымесі вісмуту, медзі, жалеза, цынку, мыш’яку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае выгнутыя і скручаныя воласападобныя, дротавыя (да 10 см), пласціністыя, шкілетныя і дэндрытавыя выдзяленні, тонкія ўкрапванні ў сульфідах. Колер серабрыста-белы. Бляск моцны металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 10,5 г/см³. Вельмі коўкі. Праваднік цяпла і электрычнасці. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Трапляецца ў поліметалічных і сульфідных радовішчах. Гал. кампанент сярэбраных руд.

т. 14, с. 341

СЕРАБРЫ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ,

светлыя, празрыстыя воблакі, якія часам з’яўляюцца ў верхняй частцы мезасферы на выш. 70—90 км. Паводле структуры нагадваюць лёгкія перыстыя воблакі. Уяўляюць сабой скопішча часцінак (ледзяныя крышталікі, вулканічны і касм. пыл) памерам 10​−4—10​−5 см, якія добра рассейваюць сонечнае святло. Існуюць ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін.

Назіраюцца ў Паўн. паўшар’і на шыротах 45—70° ад мая да жн., у Паўд. — на шыротах 40—65° у цёплы час года. Гл. таксама Воблакі, Воблачнасць.

т. 14, с. 341