ДЭШЫФРАВА́ННЕ аэрафотаздымкаў,
метад даследавання мясцовасцей і атм. з’яў па іх касмічных і аэрафотаадлюстраваннях. Заключаецца ў выяўленні, распазнаванні аб’ектаў, вызначэнні іх якаснай і колькаснай характарыстык па дэшыфравальных прыкметах (прамых і ўскосных) і паказе іх умоўнымі знакамі на картах, схемах. Адрозніваюць комплекснае (агульнагеагр., ландшафтнае і інш.) і галіновае Д., якое выкарыстоўваецца ў ваен. справе, тапаграфіі, картаграфіі, геалогіі, пры пошуках карысных выкапняў, землеўпарадкаванні, акіянаграфіі (прыбярэжныя часткі дна мораў), метэаралогіі і інш. Праводзіцца ў 3 этапы: папярэдняе (зняцце першаснай інфармацыі са здымкаў і нанясенне яе на папярэднія схемы); палявое (праверка першаснай інфармацыі на мясцовасці, выяўленне індыкатараў аб’екта, які даследуецца) і канчатковае — камеральнае (складанне канчатковых карт па ўдакладненых даных). Гл. таксама Аэрафотаздымка і Аэракасмічныя метады.
т. 6, с. 366
ДЭШЫФРА́ТАР (ад франц. dēchiffrer разбіраць, разгадваць),
прылада для аўтам. расшыфроўкі кода (дэкадзіравання) паведамленняў. Пераўтварае даныя ў зыходную форму, якую яны мелі да кадзіравання (шыфравання).
Інфармацыя. што паступае на ўваходы Д., пераўтвараецца і на адпаведным выхадзе (ці групе выхадаў) вылучаецца сігнал, які паказвае прыкмету (або змест) уваходнага сігналу, напр. код прынятага ліку пераўтварае ў сігнал кіравання пэўным каналам сувязі (калі лік мае n двайковых разрадаў, Д. можа мець да 2n выхадаў), код аперацыі — у кіроўны сігнал, код адраса — у сігнал выбаркі адпаведнай ячэйкі памяці запамінальнага прыстасавання ЭВМ і інш. Бываюць патэнцыяльныя, імпульсныя і патэнцыяльна-імпульсныя; паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць паралельныя, паслядоўныя і паралельна-паслядоўныя, паводле будовы — лінейныя, пірамідальныя і прамавугольныя. Выкарыстоўваюцца ў радыё-, выліч. і вымяральнай тэхніцы, тэлеф. і тэлегр. сувязі, тэлекіраванні і інш. Гл. таксама Дэкодэр, Дэтэктар.
М.П.Савік.
т. 6, с. 366
ДЭШЭЛЕ́Т ((Dēchelette) Жазеф) (8.1.1862, г. Руан, Францыя — 4.10.1914),
французскі археолаг. Вывучаў сярэдневяковы жывапіс, гала-рымскую рэльефную чырваналакавую кераміку. У 1897—1901 кіраваў раскопкамі гарадзішча Мон-Бёўрэ (гл. Бібракта). Аўтар шматтомнай працы «Кіраўніцтва па археалогіі першабытнай, кельцкай і гала-рымскай» (т. 1—6, 1908—34), складзенай у асн. на франц. матэрыяле, якая дае класіфікацыю і храналогію шырокага кола археал. помнікаў Зах. Еўропы.
т. 6, с. 366
ДЭЭМУЛЬГАВА́ННЕ (ад дэ... + эмульсія),
разбурэнне (расслаенне) эмульсій. Ажыццяўляюць мех. (цэнтрыфугаванне), тэрмічнымі (награванне ці вымарожванне), эл. (уздзеянне эл. поля) і хім. метадамі (у т. л. ўвядзеннем дээмульгатараў — паверхнева-актыўных рэчываў, якія ўзаемадзейнічаюць з эмульгатарамі і нейтралізуюць іх уздзеянне). Выкарыстоўваюць у нафтапрамысловасці (абязводжванне і абяссольванне сырой нафты), харч. прам-сці (выраб сметанковага масла), гідраметалургіі і інш.
т. 6, с. 366
ДЭЭТНІЗА́ЦЫЯ,
страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове і побыце этнасу; згортванне або выцясненне нац. форм грамадскага жыцця. З’яўляецца вынікам змяненняў, якія адбываюцца ў ходзе этнічных працэсаў, укаранення або добраахвотнага засваення адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет другога народа. Гіст. прыклады Д. — пашырэнне грэч. культуры на краіны Усх. Міжземнамор’я ў эпоху элінізму, насаджэнне Рымам сваіх законаў і звычаяў на падуладных тэрыторыях Зах., Паўд.-Усх. Еўропы і М.Азіі, асіміляцыя немцамі зах.-слав. плямён у бас. Эльбы і Одэра ў 10—12 ст.; слав. каланізацыя і асіміляцыя балцкага насельніцтва ў 6—8 ст., польскае культ.-моўнае ўздзеянне на бел. этнас у Рэчы Паспалітай і рускае — у Рас. імперыі і СССР. Суправаджаецца ўпадкам нац. культуры, дэфармацыямі менталітэту, самасвядомасці нацыі, аслабленнем механізмаў яе самазахавання як самаст. этнасу. У гэтым сэнсе Д. азначае адмаўленне ад нац. моў і культур, традыцый, звычаяў і нац. самабытнасці ў цэлым. Д. нельга атаясамліваць з аб’ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі, які мае на мэце не адмову ад нацыянальнага, а яго захаванне і развіццё, уздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 366
ДЭ-ФА́КТА (лац. de facto літар. на справе),
у міжнародным праве адна з форм прызнання дзяржавы або ўрада, якая азначае афіцыйнае, але не канчатковае прызнанне. Звычайна прызнанне дэ-факта мае на ўвазе наступленне пэўных прававых вынікаў, але яно мае часовы характар і з’яўляецца пераходным этапам да прызнання дэ-юрэ.
т. 6, с. 363
ДЭ-Ю́РЭ (лац. de jure літар. паводле права),
у міжнародным праве поўнае, афіцыйнае і канчатковае прызнанне дзяржавы або ўрада. Гл. таксама Дэ-факта.
т. 6, с. 367