ДЭІАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + іанізацыя),
знікненне іонаў у газе пасля спынення знешняга ўздзеяння, якое прыводзіць да іанізацыі. Выклікаецца працэсамі дыфузіі на сценкі, што абмяжоўваюць аб’ём з газам, і рэкамбінацыяй іонаў і электронаў.
т. 6, с. 328
ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),
1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.
2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.
В.І.Боўш.
т. 6, с. 328
ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ. філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.Толанд, Дж.А.Колінз, А.Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.Ж.Русо (Францыя), Г.Лейбніц, Г.Лесінг, І.Кант (Германія), Т.Джэферсан (ЗША), І.П.Пнін, А.С.Лубкін, А.М.Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел. асветнік І.Страйноўскі, праф. Гал. школы ВКЛ К.Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.
Т.І.Адула.
т. 6, с. 328