Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭЭМУЛЬГАВА́ННЕ (ад дэ... + эмульсія),

разбурэнне (расслаенне) эмульсій. Ажыццяўляюць мех. (цэнтрыфугаванне), тэрмічнымі (награванне ці вымарожванне), эл. (уздзеянне эл. поля) і хім. метадамі (у т. л. ўвядзеннем дээмульгатараў — паверхнева-актыўных рэчываў, якія ўзаемадзейнічаюць з эмульгатарамі і нейтралізуюць іх уздзеянне). Выкарыстоўваюць у нафтапрамысловасці (абязводжванне і абяссольванне сырой нафты), харч. прам-сці (выраб сметанковага масла), гідраметалургіі і інш.

т. 6, с. 366

ДЭЭТНІЗА́ЦЫЯ,

страта нацыянальна-спецыфічнага ў культуры, мове і побыце этнасу; згортванне або выцясненне нац. форм грамадскага жыцця. З’яўляецца вынікам змяненняў, якія адбываюцца ў ходзе этнічных працэсаў, укаранення або добраахвотнага засваення адным народам мовы, культуры і інш. этнічных прыкмет другога народа. Гіст. прыклады Д. — пашырэнне грэч. культуры на краіны Усх. Міжземнамор’я ў эпоху элінізму, насаджэнне Рымам сваіх законаў і звычаяў на падуладных тэрыторыях Зах., Паўд.-Усх. Еўропы і М.Азіі, асіміляцыя немцамі зах.-слав. плямён у бас. Эльбы і Одэра ў 10—12 ст.; слав. каланізацыя і асіміляцыя балцкага насельніцтва ў 6—8 ст., польскае культ.-моўнае ўздзеянне на бел. этнас у Рэчы Паспалітай і рускае — у Рас. імперыі і СССР. Суправаджаецца ўпадкам нац. культуры, дэфармацыямі менталітэту, самасвядомасці нацыі, аслабленнем механізмаў яе самазахавання як самаст. этнасу. У гэтым сэнсе Д. азначае адмаўленне ад нац. моў і культур, традыцый, звычаяў і нац. самабытнасці ў цэлым. Д. нельга атаясамліваць з аб’ектыўным працэсам інтэрнацыяналізацыі, які мае на мэце не адмову ад нацыянальнага, а яго захаванне і развіццё, уздым да ўзроўню інтэрнацыянальнага.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 366