Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭ́АК ((Deák) Ферэнц) (17.10.1803, с. Шэйцёр, медзье Зала, Венгрыя — 29.1.1876),

венгерскі паліт. дзеяч. У 1833—47 адзін з лідэраў парламенцкай апазіцыі, якая падтрымлівала Л.Хошута. У 1848 міністр юстыцыі ва ўрадзе Л.​Бацяні. Пасля паражэння рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі выступаў за пасіўнае супраціўленне Габсбургам. У 1861 лідэр парламенцкай т.зв. партыі петыцыі, якая выступала за аднаўленне рэв. законаў 1848 шляхам падачы прашэнняў Габсбургам. У 1865 заснаваў і ўзначаліў паліт. партыю (партыя Д.), якая адыграла вядучую ролю ў падрыхтоўцы і заключэнні аўстра-венг. пагаднення 1867.

т. 6, с. 319

ДЭА́Н ((Dehaene) Жан Люк) (н. 7.8.1940, г. Манпелье, Францыя),

бельгійскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст і эканаміст. Член фламандскай Хрысц. нар. партыі. З 1971 працаваў у шэрагу мін-ваў. З 1979 шэф кабінета ў першым урадзе В.​Мартэнса. З 1981 міністр сац. палітыкі, міністр транспарту. З 1992 прэм’ер-міністр Бельгіі. Урад Д. завяршыў пераўтварэнне Каралеўства Бельгіі ў федэратыўную дзяржаву (1993).

т. 6, с. 319

ДЭАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. deon (deontos) патрэбнае, належнае + ...логія],

раздзел этыкі, які разглядае праблемы абавязку і належнага (таго, што адлюстроўвае патрабаванні маралі ў форме прадпісанняў). Тэрмін уведзены англ. філосафам-утылітарыстам І.Бентамам, які ўжыў яго для абазначэння тэорыі маральнасці. З уяўлення аб належным (што «павінна быць») складваюцца маральныя патрабаванні, уяўленні пра тое, якія ўчынкі людзі павінны рабіць. У дачыненні да чалавека гэтыя патрабаванні з’яўляюцца яго абавязкамі, якія ў абагульненай форме правіл, што ў аднолькавай ступені датычаць усіх, фармулююцца ў маральных нормах, прадпісаннях, запаведзях. Усе гэтыя этычныя катэгорыі — прадмет вывучэння Д.

т. 6, с. 319

ДЭАНТАЛО́ГІЯ медыцынская, сукупнасць маральных норм прафесійных паводзін мед. работнікаў.

Тэрмін прапанаваў у пач. 19 ст. англ. філосаф Дж.​Бентам для абазначэння тэорыі маральнасці. Асновы Д. вядомы яшчэ ў медыцыне стараж. свету. У кожную гіст. эпоху ў адпаведнасці з пануючай у грамадстве мараллю прынцыпы Д. мелі характэрныя асаблівасці, але заставаліся непарушнымі агульначалавечыя, пазакласавыя этычныя нормы мед. прафесіі — аблягчыць пакуты і дапамагчы хвораму чалавеку. Асабліва важная роля ў вызначэнні маральных пачаткаў мед. Дзейнасці належыць Гіпакрату. Дэанталагічныя прынцыпы, выказаныя ў яго «Клятве», актуальныя і цяпер.

Д. фарміруе прынцыпы паводзін мед. персаналу, накіраваныя на стварэнне максімальна спрыяльных умоў для эфектыўнага лячэння хворых. Яна ўключае ў сябе розныя аспекты працы ўрача — ад этычных, маральных прынцыпаў да прававых пытанняў у канфліктных сітуацыях. У сферу Д. ўваходзяць пытанні, звязаныя з лячэбнай тактыкай, узаемаадносінамі ўрача з хворым, яго сваякамі, з паняццем урачэбнай тайны, калегіяльнасцю, памылкамі і адказнасцю ўрачоў, паводзінамі ўрача ў быце і інш. Д. стала абавязковай састаўной часткай падрыхтоўкі і выхавання мед. персаналу.

т. 6, с. 319

ДЭАЭРА́ТАР (ад дэ... + грэч. aer паветра),

апарат для выдалення з вады раствораных у ёй газаў (пераважна кіслароду і дыаксіду вугляроду). Звычайна ўстанаўліваюцца на цеплавых і атамных электрастанцыях для дэаэрацыі вады, якая падаецца ў парагенератары і цеплавую сетку, з мэтай недапушчэння карозіі тэхнал. абсталявання. Бываюць тэрмічныя (газы выдаляюцца падагрэвам вады), хім. (з сульфітам натрыю), сталястружачныя (кісларод паглынаецца пры акісленні металу). У струменных тэрмічных Д. вада падаецца ў верхнюю яго частку, дзе распырскваецца, сцякае ўніз і награецца сустрэчнай парай да кіпення; газы і лішкі пары (выпар) выдаляюцца ў атмасферу.

Схема струменнага дэаэратара.

т. 6, с. 319