ДЭНАМІНА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. nominatio найменне),
узбуйненне грашовай адзінкі краіны (без яе перайменавання) з мэтай упарадкавання грашовага абарачэння і надання большай паўнацэннасці нац. валюце. Часта прычынай Д. бываюць складанасці тэхн. забеспячэння (друкаванне грашовых знакаў, захаванне неабходных суадносін паміж рознымі купюрамі, выраб разменнай манеты буйных наміналаў і да т.п.) грашовага абарачэння ва ўмовах інфляцыі. У Рэспубліцы Беларусь апошняя Д. нац. валюты адбылася ў 1994.
т. 6, с. 350
ДЭНАНСА́ЦЫЯ (ад франц. dénoncer абвяшчаць, касаваць),
адмова аднаго з бакоў міжнароднага дагавора ад яго выканання. Звычайна права Д., яе формы і тэрміны прадугледжваюцца ў самім дагаворы. Д. шматбаковых дагавораў мае сілу толькі для той дзяржавы, якая яго дэнансавала; паміж яго інш. ўдзельнікамі дагавор працягвае дзейнічаць. Д. міжнар. дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Палатай прадстаўнікоў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь.
т. 6, с. 350
ДЭНА́РЫЙ (ад лац. denarius які складаецца з дзесяці),
1) сярэбраная манета Стараж. Рыма, чаканілася ў 269 да н.э. — 1-й пал. 3 ст. 2) Сярэбраная манета герм. дзяржаў у 5 — сярэдзіне 8 ст., якая імітавала рымскі Д.
3) Сярэбраная манета дзяржаў Зах. Еўропы ў сярэдзіне 8—1-й пал. 12 ст. У Беларусі абарачалася ў канцы 10 ст. — сярэдзіне 1060-х г. 4) Сярэбраная, потым білонная і медная разменная манета ў дзяржавах Зах. Еўропы ў 13—17 ст. 5) Сярэбраная манета ВКЛ у 14—15 ст., білонная — у 16 ст. У 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. вядомы білонны двайны Д.
6) Сучасная назва разменнай манеты ў Іраку, Босніі і Герцагавіне, Македоніі, Югаславіі.
т. 6, с. 350
ДЭНАТУРАВА́НЫ СПІРТ, дэнатурат,
этылавы спірт-сырэц з дабаўкамі фарбавальніку, які надае яму сіне-фіялетавы колер, а таксама спец. рэчываў (пераважна пірыдзінавых асноў) з непрыемным пахам і смакам. Мае сівушнае масла, метанол і інш. шкодныя для арганізма прымесі, якія нельга вылучыць перагонкай, вымарожваннем і інш. найпрасцейшымі фізіка-хім. метадамі. Выкарыстоўваюць як растваральнік лакаў і палітур. Таксічны.
т. 6, с. 350
ДЭНАТУРА́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. natura прыродныя ўласцівасці, сутнасць) у біяхіміі, страта біяпалімерамі прыроднай (натыўнай) канфігурацыі і біял. уласцівасцей у выніку разбурэння іх другаснай і трацічнай структуры пад уплывам фіз. і хім. фактараў. Пры Д. з малекул бялкоў, нуклеінавых к-т і інш. біяпалімераў утвараецца сумесь неўпарадкаваных ланцугоў поліпептыдаў, полінуклеідаў і інш. біяпалімераў, якія могуць выпадаць у асадак. Асн. фактары, што выклікаюць Д., — т-ра, змены pH (пры дабаўленні к-т і шчолачаў), арган. растваральнікі, іоны цяжкіх металаў, хаатропныя рэагенты тыпу дэтэргентаў. З’ява Д. выкарыстоўваецца пры выпечцы хлеба, у кандытарскай, кансервавай і інш. галінах прам-сці.
т. 6, с. 351
ДЭНАЦЫФІКА́ЦЫЯ,
комплекс мерапрыемстваў дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па ліквідацыі наступстваў нацыянал-сацыялісцкага рэжыму ў Германіі і Аўстрыі пасля 2-й сусв. вайны. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 прадугледжвалася знішчыць фаш. нацыянал-сацыялісцкую рабочую партыю Германіі, яе філіялы і падкантрольныя арг-цыі; распусціць усе нацысцкія ўстановы і не дапусціць іх адраджэння ў любой форме; прыцягнуць да адказнасці злачынцаў супраць міру і чалавечнасці і інш. На Нюрнбергскім працэсе асуджаны гал. ням. ваен. злачынцы, абвешчаны злачыннымі кіраўніцтва нацыянал-сацыялісцкай партыі, гестапа, СД і СС. Найб. актыўна і паслядоўна Д. праводзілася ў сав. акупац. зоне (Усх. Германія), дзе яна завяршылася ў сак. 1948 (напр., да жн. 1947 з розных органаў кіравання звольнена каля 500 тыс. актыўных нацыстаў). На З Германіі ва ўмовах «халоднай вайны» Д. з 1949 па даручэнні амер., брыт. і франц. акупац. адміністрацый працягвалі ўлады навастворанай ФРГ (да сярэдзіны 1950-х г. да адказнасці прыцягваліся 6,08 млн. чал., з іх большасць апраўдана). У Аўстрыі Д. завершана паміж 1948 (частковая амністыя) і 1957 (агульная амністыя б. нацыстаў).
т. 6, с. 351
ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),
1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).
2) У этнічным сэнсе — тое, што дээтнізацыя.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 351
ДЭ́НБІ (Denbigh),
Крамянёвы комплекс Дэнбі, даэскімоская археал. культура Паўн. Амерыкі. Адкрыта ў 1948 у эскімоскім паселішчы Аятэет на мысе Дэнбі у зал. Нортан (Аляска). Блізкія да Д. культуры выяўлены на мысе ў зал. Кацэбу, на Арктычным узбярэжжы Аляскі, у Канадзе і ПнУ Грэнландыі. Для Д. характэрны дробныя ножападобныя пласцінкі, маленькія абабітыя бакавыя і канцавыя лёзы-ўкладышы, разцы, скрабкі і нажы, вастрыі стараж. амер. тыпаў. Датуецца часам больш за 2500 гадоў да н.э.
т. 6, с. 351
ДЭ́НВЕР (Denver),
горад на З ЗША, каля ўсх. падножжа Скалістых гор, на р. Саўт-Плат. Адм. ц. штата Каларада. Засн. ў 1858 золаташукальнікамі. 467,6 тыс. ж., з горадам Боўлдэр і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (1990). Гал. прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Горных штатаў. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр вял. с.-г. (жывёлагадоўля, цукр. буракі) і горнапрамысл. (каштоўныя і рэдкія металы, уран) раёна. Прам-сць: авіяракетная, радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ і інш.), маш.-буд. (прылада- і аўтабудаванне, вытв-сць дарожна-буд. машын, горнага і інш. прамысл. абсталявання), харчасмакавая (мясная, малочная, мукамольная, цукр., піваварная), металаапр., паліграф., цэм., хім., гумава-тэхн., гарбарна-абутковая. Вытв-сць спарт. інвентару. 2 ун-ты. Музеі. Турызм, цэнтр зімовага спорту. Каля Д. нац. парк Рокі-Маўнтын.
т. 6, с. 351
ДЭ́НГАФЫ,
шляхецкі род герба «Дзік» у Рэчы Паспалітай. Найб. вядомыя:
Герард (каля 1632—5.1.1685), харужы надворны каронны (1661), чашнік. ВКЛ (1661), падстолі ВКЛ (1666). Тэадор (?—1684), ваявода дорпцкі, падстолі ВКЛ (1655), крайчы ВКЛ (1656), падскарбі надворны (1658), падкаморы каронны (1661). Эрнест (? — жн. 1693), ген.-м. (1670), лоўчы ВКЛ (1676), кашталян віленскі (1683), ваявода мальбаркскі (1685). Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, укр. казакамі, Рас. дзяржавай. Фрэдэрык Юзаф (? — 1723), палкоўнік гаспадарскі, падчашы ВКЛ (1712). Станіслаў Міхал Эрнест (каля 1673—2.8.1728), лоўчы ВКЛ (1697), мечнік каронны (1704), гетман польны ВКЛ (1709), ваявода полацкі (1723), староста мазырскі, у 1702—17 маршалак Сандамірскай канфедэрацыі. Удзельнічаў у бітвах са шведамі пад Варшавай (1705) і прыхільнікамі Ляшчынскага пад Калішам (1706). У канцы жыцця ў апазіцыі да Аўгуста II. Багуслаў Эрнест (? — 1734), падкаморы ВКЛ (1702), ген.-л. (1705), ген. артылерыі ВКЛ (1710—25).
т. 6, с. 351