Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Бэт) (Рут Элізабет; 5.4.1908, г. Лоўэл, штат Масачусетс, ЗША — 6.10.1989),

амерыканская актрыса. Адукацыю атрымала ў драм. школе. З 1928 выступала ў т-рах Брадвея. З 1931 у кіно. Напачатку выконвала ролі інжэню і «ракавых спакусніц». У 1934 у фільме «Цяжар пачуццяў чалавечых» (паводле У.​С.​Моэма) упершыню паказала складаны, супярэчлівы ўнутр. свет чалавека. Стварала вобразы валявых, незалежных жанчын, здольных выжыць насуперак лёсу. Сярод фільмаў: «Іезавель», «Змрочная перамога», «Лісічкі», «Усё пра Еву», «У цэнтры буры», «Што здарылася з Бэбі Джэйн?», «Жнівеньскія кіты».

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Джон) (каля 1550, Сандрыдж, каля г. Дартмут, Вялікабрытанія — 29.12.1605),

англійскі мараплавец. Здзейсніў 3 плаванні (1585—87) з мэтай адшукання паўн.-зах. праходу з Атлантычнага ак. ў Ціхі, але знайсці гэты шлях ён не змог. Д. адкрыў праліў на З ад Грэнландыі, названы яго імем (Дэйвіса праліў), даследаваў зах. бераг Грэнландыі (да 73° паўн. ш.) і ўсх. бераг п-ва Лабрадор. У 1591—92 камандаваў караблём у экспедыцыі англ. карсара Т.​Кавендыша, у час якой зрабіў пачатак адкрыццю Фалклендскіх а-воў.

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Майлс Дзьюі) (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),

амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.​Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).

Літ.:

Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;

Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІС ((Davies) Пітэр Максвел) (н. 8.9.1934, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія),

англійскі кампазітар. Скончыў муз. каледж (1956) і ун-т (1957) у Манчэстэры. У 1959—62 муз. кіраўнік школы ў г. Сайрэнсестэр, з 1966 выкладаў кампазіцыю ва ун-це г. Адэлаіда (ЗША). З 1985 дырыжор Шатландскага сімф. аркестра Бі-Бі-Сі. У 1967 арганізаваў інстр. ансамбль «Піера-плэерс» у Лондане (з 1970 «Агні Лондана»). Распрацаваў сістэму муз. выхавання дзяцей. Сярод твораў: муз.-сцэн. «Восем песень для звар’яцелага караля» (1969), оперы «Тавернер» (1972), «Маяк» (1980), балет «Саламея» (1978); 2 сімфоніі (1976, 1980); саната для 17 духавых інструментаў «Святы Міхаіл» (1957); камерна-інстр. ансамблі; 5 матэтаў для хору а капэла (1959); музыка для дзяцей, у т. л. «Календары пастухоў» (1965), і інш.

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІС ((Davis) Уільям Морыс) (12.2.1850, г. Філадэльфія, ЗША — 5.2.1934),

амерыканскі геолаг і географ. Скончыў Гарвардскі ун-т (1870) і працаваў у ім з 1876. Праф. (1890). Заснавальнік Асацыяцыі амер. географаў (1904) і прэзідэнт Амерыканскага геал. т-ва (1911), ганаровы чл. многіх геал. і геагр. т-ваў (у т. л. Рускага геагр. т-ва). У 1890—1915 працаваў у Геал. службе ЗША, вёў даследчую работу ў розных раёнах ЗША, у краінах Паўд. Амерыкі і Зах. Еўропы. У 1903 пабываў у пустынных раёнах Туркестана. У 1890-х г. распрацаваў вучэнне аб геагр. цыклах (тэорыя развіцця рэльефу зямной паверхні). Стварыў школу геамарфолагаў. Увёў новы тып адлюстравання рэльефу — блок-дыяграмы, мадэлі.

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІСА МО́РА (Davis Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Усх. Антарктыды. Абмывае Бераг Праўды. Пл. 21 тыс. км². Глыб. да 1369 м. Салёнасць 33—33,5‰. Круглы год укрыта льдамі. На ўзбярэжжы — антарктычная навук. станцыя Мірны (Расія). Названа ў гонар капітана аўстрал. экспедыцыйнага судна «Аўрора» Дж.​К.​Дэйвіса.

т. 6, с. 328

ДЭ́ЙВІСА ПРАЛІ́Ў (Davis Strait),

праліў паміж а-вамі Грэнландыя і Бафінава Зямля (Канада). Злучае м. Бафіна Паўн. Ледавітага ак. і м. Лабрадор Атлантычнага ак. Даўж. 1170 км, найменшая шыр. 360 км, глыб. ад 104 да 466 м. Дрэйфуючыя льды і айсбергі. Названы ў гонар Дж.Дэйвіса.

т. 6, с. 328

ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),

фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.​Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.​Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.​Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.​Дж.​Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.​Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.​Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.​Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.

А ван Дэйк. Конны партрэт Карла I. Каля 1636.

т. 6, с. 328

ДЭЙЛ ((Dale) Генры Халет) (5.6.1875, Лондан — 22.7.1968),

англійскі фізіёлаг і фармаколаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1914). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1898). З 1914 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане (з 1928 дырэктар), у 1940—45 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва, у 1942—46 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі (адначасова ў 1939—59 праф. фізіялогіі Лонданскага ун-та). Навук. працы па вызначэнні механізмаў перадачы нерв. імпульсу. Даследаваў хім. прыроду перадачы нерв. імпульсу праз сінапсы і ролю ў ёй ацэтылхаліну. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з О.Лёві).

Г.Дэйл.

т. 6, с. 329

ДЭ́ЙМАС,

спадарожнік планеты Марс. Адлегласць ад планеты 23,46 тыс. км. Мае няправільную форму, найб. папярочнік каля 16 км. Перыяд абарачэння вакол Марса 30 гадз 18 мін. Адкрыты А.​Холам (1877, ЗША).

т. 6, с. 329