ДЭ́ЙВІС ((Davis) Майлс Дзьюі) (25.5.1926, г. Олтан, штат Ілінойс, ЗША — 28.9.1991),
амерыканскі джазіст, трубач, кампазітар; адзін з вядучых прадстаўнікоў і наватараў сучаснага джаза. Выступаў з 1941 у Сент-Луісе, з 1945 у Нью-Йорку. Кіраваў многімі ансамблямі. Першы (разам з Ч.Паркерам) эксперыментаваў у стылях бібоп (1945), кул-джаз (1950-я г.), джаз-рок (з канца 1960-х г.). Звяртаўся да стылю дыска, поп-музыкі, запрашаў у ансамбль рок-музыкантаў. У 1968 пачаў іграць на электраінструментах, дадаў электроннае прыстасаванне да сваёй трубы, павялічыў колькасць ударных інструментаў у ансамблі. Сярод альбомаў Д.: «Нараджэнне кула» (1957), «Іспанскія замалёўкі» (1959), «Заваруха» (1970), «Балетная пачка» (1985). Аўтар музыкі да кінафільма «Ліфт на эшафот» (1958).
Літ.:
Симоненко В.С. Лексикон джаза. Киев, 1981;
Конен В.Д. Пути американской музыки. 3 изд. М., 1977.
т. 6, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)