ДЭ-ЛОНГ ((De Long) Джордж Вашынгтон) (22.8.1844, Нью-Йорк — 30.10.1881),

амерыканскі палярны даследчык. Скончыў марскую Акадэмію ЗША (1865). Першае плаванне здзейсніў у Бафінаў зал. (1873). У 1879 узначаліў экспедыцыю на яхце «Жанета», мэтай якой было дасягненне Паўн. полюса і пошукі экспедыцыі Н.​А.​Нордэншэльда. На ПнУ ад в-ва Геральд яхта ўмерзла ў ільды; у час дрэйфу адкрыты а-вы Жанеты і Генрыеты. Пасля гібелі яхты ў чэрв. 1881 экіпаж дрэйфаваў на льдзіне, адкрыў в-аў Бенета. Д.-Л. з часткай спадарожнікаў, калі вызваліўся ад дрэйфу, дасягнуў вусця р. Лена, дзе загінуў ад голаду. Імем Д.-Л. названа група астравоў ва Усх.-Сіб. моры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)