ДЭШЫФРАВА́ННЕ аэрафотаздымкаў,

метад даследавання мясцовасцей і атм. з’яў па іх касмічных і аэрафотаадлюстраваннях. Заключаецца ў выяўленні, распазнаванні аб’ектаў, вызначэнні іх якаснай і колькаснай характарыстык па дэшыфравальных прыкметах (прамых і ўскосных) і паказе іх умоўнымі знакамі на картах, схемах. Адрозніваюць комплекснае (агульнагеагр., ландшафтнае і інш.) і галіновае Д., якое выкарыстоўваецца ў ваен. справе, тапаграфіі, картаграфіі, геалогіі, пры пошуках карысных выкапняў, землеўпарадкаванні, акіянаграфіі (прыбярэжныя часткі дна мораў), метэаралогіі і інш. Праводзіцца ў 3 этапы: папярэдняе (зняцце першаснай інфармацыі са здымкаў і нанясенне яе на папярэднія схемы); палявое (праверка першаснай інфармацыі на мясцовасці, выяўленне індыкатараў аб’екта, які даследуецца) і канчатковае — камеральнае (складанне канчатковых карт па ўдакладненых даных). Гл. таксама Аэрафотаздымка і Аэракасмічныя метады.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)