Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЛО́ТЫ,

земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл. Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.

т. 7, с. 198

І́ЛТНЕР ((Iltner) Эдгар Карлавіч) (3.3.1925, хутар Бурыкі Ліепайскага р-на, Латвія — 9.2.1983),

латышскі жывапісец. Засл. дз. маст. Латвіі (1963). Нар. мастак Латвіі (1973). Нар. мастак СССР (1977). Чл.-кар. АМ СССР (1975). Вучыўся ў Латв. АМ (1949—56) і выкладаў там з 1960 (праф. з 1973, рэктар у 1974—76). У творах 1950—60-х г., выкананых у строгай, пластычна выразнай манеры, імкнуўся да абагульненай інтэрпрэтацыі тэмы працы («Мужы вяртаюцца», «Гаспадары зямлі», «Мазолістыя рукі»; за дзве апошнія Дзярж. прэмія Латвіі 1965; «Бессмяротнасць»). У 1970-я г. ствараў пейзажы, карціны на быт. тэмы, якія вылучаліся энергічнай манерай пісьма і святланосным каларытам («Ля мора», «Аратыя» і інш.). Размаляваў столь у Музеі тэатр. т-ва г. Талсы (1973).

Э.Ілтнер. Размалёўка столі ў Музеі тэатральнага таварыства г. Талсы, Латвія. 1973.

т. 7, с. 198

І́ЛУ,

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бажаство, бацька багоў і людзей, творца сусвету і ўсяго існага, які дае людзям патомства. У Старым запавеце выступае пад імем Элахіма як адзіны бог, стваральнік сусвету, жывёл і людзей.

т. 7, с. 198

ІЛУРА́Т,

старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст. н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.

А.В.Іоў.

т. 7, с. 198

ІЛЫМА́НІ (Illimani),

горны масіў у хр. Кардыльера-Рэаль (Цэнтр. Анды) на 3 Балівіі. Выш. да 6462 м. Складзены з гранітаў. На паўн.-ўсх. схілах І. шматгадовыя снягі і ледавікі.

т. 7, с. 199

ІЛЬВІ́НЫ ЗЕЎ, антырынум (Antirrhinum),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Міжземнамор’і. У культуры вырошчваюць І.з. вялікі (A. majus), інтрадукаваны на Беларусі. Вылучаюць сарты высокія (вышэй за 70 см, напр., Гольдмары, Гіянт Вельвет), паўвысокія (45—65 см, напр., Біла Піраміда, Канарыён Фогель), нізкія (15—25 см, напр., Дункель Гранат, Сульфурэум).

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—90 см. Сцябло прамастойнае, восенню каля асновы дравяністае. Лісце ланцэтнае, у верхняй ч. чаргаванае, у ніжняй супраціўнае. Кветкі разнастайныя па афарбоўцы (чырвоныя, жоўтыя, белыя, ружовыя, ёсць двухколерныя), у гронкападобных суквеццях; ёсць махрыстыя. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — каробачка. Дэкар. расліна. Аб’ект генет. даследаванняў.

Ільвіны зеў вялікі.

т. 7, с. 198

І́ЛЬЖА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. Пл. 0,21 км2, даўж. 1 км, найб. шыр. 470 м, даўж. берагавой лініі больш за 2,8 км. Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пераважна разараныя, месцамі на 3 і У пад хмызняком. Злучана ручаём з воз. Прасвята.

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Аляксандр Мікалаевіч) (1893, Масква — 7.5.1919),

удзельнік грамадз. вайны на Палессі. З ліст. 1918 агент ЧК па забеспячэнні Чырв. Арміі ў раёне Лунінец—Сарны—Роўна, дамогся ад ням. акупантаў перадачы рэўкому артыл. складоў і інш. ваен. маёмасці б. царскай арміі. Для абароны раёна ад пятлюраўцаў сфарміраваў з палескіх паўстанцаў 3 палкі (каля 3 тыс. чал.). Старшыня Ваен. савета камуніст. паўстанцкіх войск Беларусі і Зах. Украіны, чл. Палескага рэўкома (гл. Палескае паўстанне 1918—19). Распрацаваў план разгрому пятлюраўцаў, з часцямі Чырв. Арміі вызваліў Сарны, Корасцень. Загінуў у баі пад Шапятоўкай. Пахаваны ў Мінску.

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Віктар Макаравіч) (н. 31.3.1930, в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной электратэхнікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1953), дзе і працаваў. З 1971 у Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1973 рэктар). Навук. працы па тэорыі нелінейных эл. ланцугоў і сістэм. Распрацаваў метад безгістэрэзіснага намагнічвання ферамагн матэрыялаў. Аўтар вучэбных дапаможнікаў па электратэхніцы для ВНУ.

Тв.:

Общая электротехника. 2 изд Мн., 1968 (у сааўт.);

Электротехника. Мн., 1977 (у сааўт).

т. 7, с. 199

ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),

рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.

Тв.:

Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг. Т. 1—2. М., 1992;

Путь к очевидности. М., 1993;

Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

Літ.:

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.

Т.І.Адула.

т. 7, с. 199