ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),
рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.
Тв.:
Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг. Т. 1—2. М., 1992;
Путь к очевидности. М., 1993;
Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.
Т.І.Адула.
т. 7, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)