ІЛУРА́Т,
старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г. Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст. н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.
А.В.Іоў.
т. 7, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)