СЕРА́М,
востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.
т. 14, с. 343
«СЕРАПІЁНАВЫ БРАТЫ́»
(па назве гуртка сяброў у аднайм. рамане Э.Т.А.Гофмана),
літаратурная група ў Петраградзе ў 1921—29. Узнікла пры арг-цыі работнікаў мастацтваў «Дом мастацтваў». Уваходзілі — І.Груздзеў, М.Зошчанка, У.Іванаў, В.Каверын, Л.Лунц, М.Нікіцін, Л.Палонская, М.Сланімскі, М.Ціханаў, К.Федзін. У «Партызанскіх аповесцях» Іванава, рамантычных баладах Ціханава, сатыр. апавяданнях Зошчанкі, рамане Федзіна «Гарады і гады» і інш. іх творах самабытна і рознабакова адлюстравана рэв. эпоха. Адзіны сумесны зб. — «Серапіёнавы браты» (1922). Падкрэслівалі сваю апалітычнасць. Шмат увагі аддавалі засваенню тэхналогіі мастацтва ў дыяпазоне ад рус. псіхал. рамана да вострасюжэтнай прозы Захаду. За імкненне да эксперыменту «С.б.» часам абвінавачвалі ў фармалізме.
Літ.:
Горький М. Группа «Серапионовы братья» // Литературное наследство. М., 1963. Т. 70;
Каверин В. Освещенные окна. М., 1978. С. 406—544.
т. 14, с. 343
СЕРАПІЁН УЛАДЗІ́МІРСКІ (? — 1275),
старажытнарускі пісьменнік-прапаведнік. Архімандрыт Кіева-Пячэрскага манастыра, з 1274 епіскап Уладзімірскі. З яго «слоў» (пропаведзі, павучанні) дайшло 5 у зб-ках «Залатая чэпь» (14 ст.), «Паісіеўскі» (14 — пач. 15 ст.), «Ізмарагд», «Златавуст». Гал. тэма — пакуты рус. народа ў сувязі з мангола-татарскім нашэсцем. Славіў ратныя подзвігі абаронцаў роднай зямлі, выказваў надзею на вызваленне Русі і дакараў князёў, якія сваімі нязгодамі наклікалі на яе бяду як боскую кару за іх грахі, асуджаў сац. несправядлівасць, выкрываў забабоны, заклікаў да маральнага ўдасканалення. Ім уласцівы актуальнасць зместу, вобразнасць, паэтычнасць, эмацыянальнасць, дынамічнасць, рытмічнасць. Апрача царк. кніжнасці апіраўся на апокрыфы і нар. легенды, развіваў лепшыя традыцыі аратарскай прозы Іларыёна і Кірылы Тураўскага.
Літ.:
Памятники литературы Древней Руси, XIII в. М., 1981.
Л.Л.Кароткая.
т. 14, с. 343
СЕРА́ПІС, Сарапіс,
божышча, культ якога быў уведзены ў эліністычным Егіпце царом Пталамеем I [305—283 да н.э.]. Егіпцяне атаясамлівалі С. з богам урадлівасці Асірысам, часам са свяшчэнным быком Апісам. Як і Асірыс, ён лічыўся ўладаром мёртвых, падаўцом урадлівасці і богам-лекарам. Грэкі атаясамлівалі яго з Зеўсам. Культ С. быў пашыраны, акрамя Егіпта, ва ўсім эліністычным свеце.
т. 14, с. 343
СЕРАПРАФІЛА́КТЫКА (ад лац. serum сываратка + прафілактыка),
увядзенне ў арганізм антыцел супраць мікраарганізмаў або іх таксінаў для прафілактыкі інфекц. хвароб. Пры С. ўводзяць імунаглабуліны, імунныя сывараткі, у выніку ўзнікае пасіўны імунітэт (да 2—4 тыдняў). Ужываюць пры высокай рызыцы заражэння з мэтай прадухілення батулізму, слупняку, дыфтэрыі, сібірскай язвы і інш. Эфектыўнасць С. тым большая, чым раней яна праведзена. Калі пасля С. чалавек захварэў, хвароба працякае менш цяжка, радзей узнікаюць ускладненні і інш.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 343
СЕРАСКЕ́Р (тур. sarasker),
у Асманскай імперыі першапачаткова галоўнакамандуючы арміяй, якога выбіралі з ліку пашоў; у канцы 19 — пач. 20 ст. — ваен. міністр. Акрамя таго, з канца 16 ст., калі тур. султаны ўхіліліся ад асабістага камандавання войскамі, тытул С. насілі нам. вял. везіра, якія кіравалі войскамі. Тытул С. скасаваны ў пач. 20 ст.
т. 14, с. 343
СЕ́РАС-КАЛАРА́ДАС (Cerros Colorados),
вадасховішча на ПдЗ Аргенціны. Створана на р. Неўкен у 1969—71. Пл. 607 км², аб’ём вады 43,4 км³, даўж. 55 км. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і ірыгацыі.
т. 14, с. 343
СЕРАТАНІ́Н (ад лац. serum сываратка + грэч. tonos напружанне),
біялагічна актыўнае рэчыва, адзін з медыятараў нерв. сістэмы. Удзельнічае ў перадачы нерв. імпульсаў, садзейнічае надыходу сну, прыгнечвае болевую адчувальнасць, зніжае т-ру цела, выклікае скарачэнне гладкіх мышцаў, павялічвае згусальнасць крыві, валодае радыеахоўнымі ўласцівасцямі і інш. Прысутнічае ў тканках большасці жывёл і раслін (шмат у бананах, ананасах).
У млекакормячых і чалавека да 90% С. ўтрымліваецца ў кішэчніку, ёсць таксама ў трамбацытах, гіпаталамусе, эпіфізе. Недахоп С. ў мозгу адзначаецца пры дэпрэсіях, эпілепсіі і інш., лішак прыводзіць да спазмы бронхаў, боляў у жываце. У медыцыне выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 343
СЕРАТЭРАПІ́Я (ад лац. serum сываратка + тэрапія),
метад лячэння шляхам увядзення імунных сываратак або імунаглабулінаў. Распрацаваў Э.А.Берынг. Выкарыстоўваюць пры дыфтэрыі, слупняку, інш. хваробах, таксама пры імунадэфіцытных станах, з мэтай прыгнечання імунітэту ў транспланталогіі і інш. Пры С. бываюць ускладненні — алергічныя рэакцыі (амаль да анафілактычнага шоку, гл. Анафілаксія).
т. 14, с. 343