Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕЙШЭ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (Seychelles),

Рэспубліка Сейшэльскія Астравы (Republic of Seychelles), дзяржава ў зах. ч. Індыйскага ак., на ПнУ ад в-ва Мадагаскар. Уваходзяць Сейшэльскія а-вы (пл. каля 250 км², найб. в-аў Маэ, пл. 154 км²), а-вы Альдабра (пл. 145 км²), Аміранцкія, Касмаледа, Фаркуар і інш. Усяго 90 астравоў, агульная іх пл. 455 км². Нас. 79,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы — англійская, французская, крэольская, або сеселва (сфарміравалася на базе франц. мовы і суахілі). Сталіца, найб. горад і порт — Вікторыя на в-ве Маэ. Адм. падзел — 23 дыстрыкты. Нац. свята — Нацыянальны Дзень (18 ліп.).

Дзяржаўны лад. С.А. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Нац. сходу (34 дэпутаты; 25 выбіраюцца ўсеагульным галасаваннем, 9 назначаюцца прэзідэнтам).

Прырода. Уваходзяць 40 гарыстых (да 912 м на в-ве Маэ), складзеных з крышталічных парод, і 50 нізінных каралавых астравоў. Клімат субэкватарыяльны з вельмі вільготным летам і менш вільготнай зімой. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 да 28 °C. Выпадае 2000—4000 мм ападкаў за год. Ва ўнутр. частках астравоў захаваліся трапічныя лясы (11% пл. краіны) з пальмамі, панданусамі, дрэвападобнымі папарацямі. Вял. плошчы пад другаснымі хмызнякамі. Каля ​1/3 расл. відаў эндэмічныя. У жывёльным свеце вылучаюцца вялікія сухапутныя і марскія чарапахі (вагой да 250 кг). Адсутнічаюць мясц. млекакормячыя, няма насякомых, якія лётаюць. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай. Рэзерват а-воў Альдабра і нац. парк Вале-дэ-Маі на в-ве Праслен уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; марскі нац. парк Сент-Ан, на в-ве Кузен птушыны запаведнік і інш.

Насельніцтва. Асн. народ сейшэльцы, або крэолы С.А., — нашчадкі афрыканцаў, малагасійцаў, французаў, выхадцаў з краін Азіі, складаюць каля 90% насельніцтва. Жывуць таксама індзійцы, малагасійцы, кітайцы і англічане. Вернікі пераважна католікі (90%) і англікане (8%). Сярэднегадавы прырост 0,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 174,3 чал. на 1 км. Населены толькі 33 найб. астравы, на в-ве Маэ каля 65 тыс. чал., у т. л. у г. Вікторыя — каля 25 тыс. ж. (2000). Гар. насельніцтва 63%. У прам-сці занята 19% працаздольных, у абслуговых галінах — 57%, у кіраванні — 14%, у сельскай гаспадарцы, рыбалоўстве і лясной гаспадарцы — 10%.

Гісторыя С.А. былі вядомы араб. і інд. мараплаўцам. Адкрыты партугальцамі ў пач. 16 ст. У 1609 тут высадзіліся англ. маракі; у 1756 французы стварылі на С.А. першыя пасяленні. З 1794 — уладанне Вялікабрытаніі, з 1903 — асобная брыт. калонія. У 1970 створана Заканад. асамблея, а Сейшэлы атрымалі самакіраванне. 29.6.1976 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Сейшэльскіх Астравоў, яе прэзідэнтам стаў лідэр Дэмакр. партыі Дж.​Менчэм, прэм’ер-міністрам — кіраўнік Аб’яднанай партыі Сейшэлаў (АПС, з 1978 Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў, ПФНС) Ф.​А.​Рэнэ. У чэрв. 1977 АПС здзейсніла дзярж. пераварот, прэзідэнтам краіны стаў Рэнэ. У 1979 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла краіну «суверэннай сацыяліст. рэспублікай», а адзінай дазволенай партыяй — ПФНС. З пач. 1990-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця. Канстытуцыя 1993 замацавала шматпартыйнасць. На выбарах 1993 і 1998 перамог ПФНС, а Рэнэ двойчы абраны прэзідэнтам краіны. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў кастр. 2001. На С.А. дзейнічаюць паліт. партыі: Прагрэсіўны фронт народа Сейшэлаў; Новая дэмакр. партыя. С.А. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства.

Гаспадарка. С.А. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для яе эканомікі маюць рыбалоўства і замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае каля 7000 дол. за год. 4% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 15% — у прам-сці, 81% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.А — краіна развітога міжнар. турызму (штогод астравы наведваюць каля 150 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—111 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 8 тыс. га зямлі, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 7 тыс. га, пад пашай каля 1 тыс. га. Экспартныя культуры вырошчваюць пераважна на плантацыях, ёсць дробныя сялянскія гаспадаркі. Гал. культуры: какосавая пальма (збор копры каля 4 тыс. т штогод), карыца, ваніль, гваздзіка, чай. Культывуюць таксама маніёк, батат, бананы, хлебнае дрэва, тытунь, манга, ананасы, каву, цукр. трыснёг, агародніну. Плантацыі араматычных культур на а-вах Маэ, Праслен, Ла-Дыг. На Пн в-ва Маэ плантацыі чаю. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 2 тыс. галоў) і свіней (каля 3 тыс. галоў). Птушкагадоўля (540 тыс. курэй, 1997). Рыбалоўства (каля 10 тыс. т штогод, пераважна тунец) і промысел марскіх чарапах. Існуюць рыбалавецкія кааператывы. Збор гуана. Прам-сць заснавана на с.-г. сыравіне. Есць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы какосавых арэхаў, вытв-сці вяровак з іх валакна, карычнага алею, апрацоўцы і расфасоўцы ванілі, чаю, рыбамаразільнікі і рамонтныя майстэрні. Вытв-сць мыла, піва, безалкагольных напіткаў, тытунёвых вырабаў. Буд-ва дробных суднаў і суднарамонт. У г. Вікторыя прадпрыемствы харчасмакавай, мэблевай, радыёэлектроннай, рыбаперапр. прам-сці. Вытв-сць электраэнергіі 125 млн. кВтгадз (1998). Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, сувеніраў, вырабаў з валокнаў пальмаў і панцыраў чарапах. Транспарт марскі і аўтамабільны. На астравах 280 км аўтадарог, у т. л. 176 км з цвёрдым пакрыццём, 6,6 тыс. легкавых аўтамабіляў, 1,9 тыс. грузавых і аўтобусаў; 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт на в-ве Маэ. Асн. астравы звязаны рэйсамі невял. суднаў. У 1998 экспарт склаў 53 млн. дол., імпарт — 340 млн. дол. У экспарце пераважаюць копра (45% па кошце), карыца, ваніль і гваздзіка (каля 20%), рыба і рыбапрадукты (каля 20%), чай (каля 7%); у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя, Вялікабрытанія, Германія, Кітай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — сейшэльская рупія.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сейшэльскіх Астравоў.
Да арт. Сейшэльскія Астравы. Узбярэжжа вострава Праслен.

т. 14, с. 299