Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕ́СЦІК,

асноўная частка кветкі (жаночы орган), якая прымае ўдзел ва ўтварэнні плода. Мае завязь, слупок і рыльца. Фарміруецца адным або некалькімі пладалісцікамі. У кветцы бывае адзін (напр., вішня) ці некалькі (напр., півоня) простых песцікаў. Пасля апылення і апладнення ў семязавязі П. пераўтвараецца ў плод.

т. 12, с. 330

ПЕ́СЦІС (Вітольд Казіміравіч) (н. 22.2.1949, в. Парэчча Гродзенскага р-на),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Чл.-кар. Акад. агр. навук Беларусі (1999). Д-р с.-г. н., праф. (1998). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1971). З 1976 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі, з 1982 у Гродзенскім с.-г. ін-це (з 1987 заг. кафедры, з 1991 прарэктар, з 1995 рэктар). Навук. працы па распрацоўцы рэцэптуры кармоў і кармавых дабавак для с.-г. жывёл, тэхналогіі вытв-сці комплексных кармавых дабавак, атрыманні мясц. натуральнай крыніцы бялковай, мінер. і вітаміннай сыравіны, павышэнні эфектыўнасці вытв-сці прадуктаў жывёлагадоўлі.

Тв.:

Эффективность использования новой кормовой добавки в рационах свиней // Актуальные проблемы интенсивного развития животноводства. Горки, 1996;

Аммонизированный сапропель в рационах молодняка крупного рогатого скота // Зоотехническая наука Беларуси. Мн., 1996. Т. 32;

Озерные сапропели — в кормопроизводство // Животноводство Беларуси. 1998. №1.

В.К.Песціс.

т. 12, с. 330

ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),

набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 330