ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),

набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)