Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Лідзія Аляксандраўна) (10.3.1871, в. Лапцева Краснахолмскага р-на Цвярской вобл., Расія — 18.11.1950),

савецкі батанік, адзін з першых даследчыкаў мікалагічнай флоры на Беларусі. Д-р біял. н. (1937), праф. (1946). Працавала ў Ленінградзе: з 1930 ва Усесаюзным ін-це раслінаводства, з 1938 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па геабат. даследаваннях грыбных харч. рэсурсаў Беларусі.

Тв.:

Первый список грибов и миксомицетов Белоруссии;

Второй список грибов и миксомицетов Белоруссии // Зап. Бел. гос. ин-та сельского и лесного хозяйства. 1925. Вып. 4, 9;

Третий список грибов миксомицетов Белоруссии // Тр. Ботанического ин-та АН СССР. Сер. 2. Споровые растения. 1935. Вып. 2.

т. 9, с. 172

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Наталля Іванаўна) (18.7. 1894, г. Разань, Расія — 19.3.1978),

расійскі этнограф. Канд. гіст. н. (1928). Вучылася на Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсах. Працавала ў Разанскім краязнаўчым музеі, Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры, 1-м Маскоўскім ун-це. Даследавала матэрыяльную культуру беларусаў (экспедыцыі ўздоўж Прыпяці ў 1927 і 1930). Аўтар першых фундаментальных прац пра бел. нар. жыллё («Жыллё і гаспадарчыя пабудовы Беларускай ССР», 1929), прадзенне і ткацтва, якія разглядаліся ў сувязі з матэрыяльнай культурай рускіх і ўкраінцаў («Прадзенне і ткацтва ўсходніх славян у XIX — пачатку XX ст.», 1956).

В.​К.​Бандарчык.

т. 9, с. 173

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ніна Цімафееўна) (н. 6.4.1925, г. Кіраў, Расія),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гігіены. Д-р мед. н. (1974), праф. (1976). Скончыла Ленінградскі сан.-гігіенічны ін-т (1949). У 1967—95 у Мінскім мед. ін-це (у 1975—89 заг. кафедры), з 1997 у Рэсп. дыспансеры спарт. медыцыны. Навук. працы па біял. заканамернасцях рухальнай актыўнасці і рэзервах здароўя дзяцей, аптымізацыі фіз. і гігіенічнага выхавання, асаблівасцях развіцця і здароўя школьнікаў у забруджаных радыенуклідамі зонах і дзяцей-інвалідаў.

Тв.:

Профилактическая и оздоровительная работа педиатра. Мн., 1982 (у сааўт.);

Школа и здоровье учащихся. Мн., 1998.

т. 9, с. 173

ЛЕ́БЕДЗЕВА (Сара Дзмітрыеўна) (23.12. 1892, С.-Пецярбург — 7.3.1967),

расійскі скульптар-партрэтыст. Засл. дз. маст. Расіі (1945). Чл.-кар. АМ СССР (1958). У 1910—15 вучылася ў майстэрні Л.​Шэрвуда і інш. З 1926 чл. Т-ва рус. скульптараў. У ранні перыяд зазнала ўплывы імпрэсіянізму і кубізму, з пач. 1920-х г. імкнулася да спалучэння рыс гэтых стыляў з рэаліст. трактоўкай вобраза (партрэты Ф.​Дзяржынскага, 1925; А.​Цюрупы, 1927). Творам 1920—30-х г. уласцівы востры псіхалагізм, пластычная спецыфіка індывід. аблічча мадэлі і жывапісна-дынамічная трактоўка матэрыялу з захаваннем эцюднай непасрэднасці (партрэты В.​Чкалава, 1936; С.​Міхоэлса, 1939). Аўтар партрэтаў А.​Твардоўскага (1943), У.​Татліна (1943—44), Б.​Пастарнака (1961—63) і інш., серый партрэтных статуэтак («Дзяўчынка з матыльком», 1936), фігурак для фарфору і фаянсу, эцюдаў аголенай натуры і інш.

Літ.:

Сарра Лебедева. М., 1973.

С.Лебедзева. Дзяўчынка з матыльком. 1936.

т. 9, с. 173

Лебедзева Жанна Віктараўна

т. 18, кн. 1, с. 418

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Аляксандр Аляксеевіч) (26.11.1893, г. Паневяжыс, Літва — 15.3.1969),

расійскі фізік. Акад. АН СССР (1943). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1919 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград), адначасова з 1922 у Ленінградскім ун-це. Навук. працы па тэхн., дастасавальнай і электроннай оптыцы. Распрацаваў тэорыю адпалу аптычнага шкла, стварыў (разам з інш.) першы ў СССР электронны мікраскоп, прапанаваў канструкцыю здымачнай камеры для фатаграфавання хуткабежных працэсаў, сканструяваў шэраг прыёмнікаў эл.-магн. выпрамянення. Ленінская прэмія 1959. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1949.

Літ.:

А.​А.​Лебедев. М., 1957.

А.А.Лебедзеў.

т. 9, с. 173

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Валянцін Вітальевіч) (н. 14.4.1942, Масква),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1973, 1982), лётчык-касманаўт СССР (1973), д-р тэхн. н. Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1966). З 1972 у атрадзе касманаўтаў. 18—26.12.1973 з П.І.Клімуком здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-13» (як бортінжынер); 13.5—10.12.1982 з А.М.Беразавым — палёт на касм. караблі «Саюз Т-5» і арбітальнай станцыі «Салют-7» (як бортінжынер); вярнуўся на Зямлю на касм. караблі «Саюз Т-7». У космасе правёў 219,3 сут.

В.Ц.Лебедзеў.

т. 9, с. 173

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Віктар Цімафеевіч) (н. 13.1.1932, г. Арол, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1956 працуе ў Бел. т-ры юнага гледача. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць адметная спалучэннем псіхал. аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будуе на эмацыянальных кантрастах, тонка адчувае жанравыя асаблівасці твора. Сярод роляў: Трахім («Прымакі» Я.​Купалы), Кароль, Самахвальскі («Цудоўная дудка», «Несцерка» В.​Вольскага), Халімон («Подых навальніцы» І.​Мележа), Кароль («Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі), Анатоль, Андрэй («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Круціцкі, Рыспаложанскі («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Банкрут» А.​Астроўскага), Румін («Дачнікі» М.​Горкага), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар («У пошуках радасці» В.​Розава), Пратэй, Мальволіо («Два веронцы», «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Панталоне («Зялёная птушка» К.​Гоцы), Трэлані, Ліўсі («Востраў скарбаў» Р.​Стывенсана), Артур («Авадзень» паводле Э.​Войніч), Юліус («Новыя прыгоды Карлсана» паводле А.​Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

В.​А.​Ракіцкі.

В.Лебедзеў у ролі Трэлані.

т. 9, с. 173

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Герасім Сцяпанавіч) (1749, г. Яраслаўль, Расія — 27.7.1817),

першы расійскі індолаг. У 1785—97 жыў у Мадрасе і Калькуце. Заснавальнік першага інд. т-ра еўрап. тыпу (1795—96). У 1801 выдаў у Лондане граматыку мовы хіндустані, у 1805 у Пецярбургу — кн. «Непрадузяты змест сістэм Усходняй Індыі брамгенаў, свяшчэнных абрадаў і іх народных звычаяў», якая змяшчала звесткі пра культуру, эканоміку, геаграфію Індыі, яе касты і інш. Шэраг рукапісаў (бенгальская граматыка, па інд. арыфметыцы і інш.) не выдадзены і частка іх страчана. Першы з рус. навукоўцаў, які вывучыў асновы санскрыту і адной з дравідскіх моў.

т. 9, с. 174

ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Мікалай Аляксеевіч) (24.10.1897, г. Папасная Луганскай вобл., Украіна — 24.6.1978),

расійскі кіназнавец і педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Д-р мастацтвазнаўства (1963). Скончыў Ін-т чырв. прафесуры (1933). У кіно з 1921. Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі рэв. кінематаграфіі (1924—35). З 1925 сцэнарыст і рэжысёр кінафабрыкі Культурфільм. З 1931 выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі (з 1940 праф., у 1934—36 і 1955—56 дырэктар). У 1937—30 дырэктар Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Аўтар «Нарыса гісторыі кіно СССР» (т. 1 — «Нямое кіно», 1947), сааўт. «Нарысаў гісторыі савецкага кіно» ў 3 т. (т. 1—2, 1956—59) і «Кароткай гісторыі савецкага кіно» (1969).

Тв.:

К вопросу о специфике кино. М., 1935;

Щукин — актер кино. М., 1944;

Внимание — кинематограф! М., 1974;

КПД кинематографа. М., 1978.

т. 9, с. 174