Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕМ ((Lem) Станіслаў) (н. 12.9.1921, г. Львоў, Украіна),

польскі пісьменнік; майстар навук. фантастыкі. Чл. Польскай АН у Кракаве (1994). Вучыўся ў Львоўскім мед. ін-це (1939—41), скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1948). Друкуецца з 1946. У шматлікіх творах у жанры навук.-філас. фантастыкі (раманы «Астранаўты», 1951; «Дзённік, знойдзены ў ваннай», «Салярыс», абодва 1961, апошні экранізаваны ў 1972, рэж. А.​Таркоўскі; «Голас Неба», 1968; «Насмарк», 1976; «Мір на зямлі», «Фіяска», абодва 1987, і інш.) разглядае ролю вынаходніцтваў у лёсе чалавецтва, узнімае праблемы маральнай адказнасці чалавека за вынікі сваіх дзеянняў. Аўтар дэтэктыўнага («Следства», 1959) і аўтабіягр. («Высокі замак», 1966) раманаў, зб-каў навук.-фантаст. апавяданняў «Сезам» (1954), «Зорныя дзённікі» (1957), «Уварванне з Альдэбарана» (1959), «Кніга робатаў» (1961), «Казкі робатаў» (1964), «Кіберыяда», «Паляванне» (абодва 1965), «Апавяданні пра пілота Піркса» (1968), «Бяссонніца» (1971). Яго проза адметная драматызмам калізій, глыбокім псіхалагізмам, багаццем палітры камічнага. Выдаў філас.-сацыялагічныя даследаванні «Дыялогі» (1957), «Сума тэхналогіі» (1964), філас.-літаратуразнаўчыя працы «Філасофія выпадку» (1968), «Фантастыка і футуралогія» (т. 1—2, 1970), літ. нарысы. На бел. мову асобныя творы Л. перакладаў М.​Валошка. Дзярж. прэмія Польшчы 1976.

Тв.:

Бел. пер. — Прыгоды Піркса: Апавяданні. Мн., 1992;

Салярыс. Мн., 1994;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—2. Мн., 1992;

Собр. соч.: В 10 т. Т. 1—5. М., 1992—94.

Літ.:

Bereś S. Rozmowy ze Stanisławem Lemem. Kraków, 1987;

Lem w oczach krytyki światowej. Kraków, 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 9, с. 197

ЛЕ́МА (грэч. lēmma) у матэматыцы, дапаможнае сцвярджэнне, якое ўжываецца пры доказе адной ці некалькіх тэарэм. Уведзена стараж.-грэч. геаметрамі; асабліва часта сустракаецца ў Архімеда.

т. 9, с. 197

ЛЕМА́Н,

франц. назва Жэнеўскага возера.

т. 9, с. 197

ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лілі) (24.11.1848, г. Вюрцбург, Германія — 17.5.1929),

нямецкая спявачка (каларатурнае, пазней драм. сапрана). Вучылася ў маці, опернай спявачкі М.​Т.​Лёў. З 1865 салістка Часовага т-ра ў Празе, з 1869 у Берлінскай прыдворнай оперы. Сябравала з Р.Вагнерам, удзельнічала ў першым поўным выкананні яго тэтралогіі «Пярсцёнак нібелунга» ў Байройце. У 1886—90 гастраліравала ў ЗША. У яе рэпертуары было 170 партый, у т. л.: Ваглінда, Брунгільда, Артруда, Ізольда («Золата Рэйна», «Валькірыя» і «Зігфрыд», «Лаэнгрын», «Трыстан і Ізольда» Вагнера), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Норма («Норма» В.​Беліні), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі). Вядома як вак. педагог; сярод вучняў В.​Урсуляк. Аўтар аўтабіягр. кніг «Маё мастацтва спеваў» (1902), «Мой шлях» (1913) і інш.

т. 9, с. 197

ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лотэ) (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),

нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.​Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.​Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.​Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.​Бетховена). З 1951 выкладала.

т. 9, с. 197

ЛЕМА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (République Lémanique),

дзяржава на тэр. кантона Во ў Швейцарыі (цэнтр — г. Лазана), якая існавала з 24.1 да 12.4.1798. Абвешчана на сходзе прадстаўнікоў гар. і сельскіх камун. 9.2.1798 сход у Лазане прыняў канстытуцыю Л.р. на ўзор франц. канстытуцыі 1795; носьбітам суверэнітэту абвяшчаўся народ, ліквідаваны каставасць і феад. правы, прадастаўлены дэмакр. свабоды. Пасля ўзнікнення Гельветычнай рэспублікі. Л.р. ўвайшла ў яе склад як кантон Леман.

т. 9, с. 197

ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Латвіі (1971). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.​Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв. т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.​Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.​Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.​Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.​Жылінскіса, «У агні» Ю.​Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.​Пуні, Р.​Дрыга, Р.​Глазупа, «Скарамуш» Я.​Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.​Лазарава і інш.

т. 9, с. 197

ЛЕ́МЕНСКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,

доследна-паказальная прац. школа ў в. Лемень Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Існавала ў 1920—24. Засн. бел. педагогамі М.​М.​Лепяшынскім і М.​І.​Кернажыцкім. Працягвала традыцыі Ліцвінавіцкай школы-камуны. Выкладаліся рус. мова і л-ра, франц. мова, гісторыя, грамадазнаўства, палітэканомія, фізіка, хімія, прыродазнаўства, псіхалогія, логіка, гігіена, фіз. культура. У школе спалучалася навучанне з прадукцыйнай с.-г. працай. Прац. навыкі набываліся ў працэсе самаабслугоўвання. Школа мела гаспадарку і майстэрні (сталярная, слясарная, шавецкая, пераплётная і інш.), дзе працавалі навучэнцы, а таксама метэаралагічную станцыю. Было развіта вучнёўскае самакіраванне. Дзейнічалі камісіі: прац., гігіенічная, культ.-масавая, харч., гаспадарчая. Працавалі гурткі — літ., драм., маст. самадзейнасці, с.-г., спартыўныя. Школа выпусціла каля 150 чал. Сярод яе выхаванцаў акад. АН Беларусі П.Ф.Ракіцкі, чл.-кар. АН Беларусі І.В.Гутараў, кампазітар І.І.Любан і інш.

Літ.:

Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993. С. 46—54.

т. 9, с. 197

ЛЕМЕ́Р (Lemaire, Le Maire) Якаб (1585—1616), галандскі купец і мараплавец. У 1615—16 разам з мараплаўцам В.​Схаўтэнам узначальваў экспедыцыю ў Інданезію. Абгінаючы Вогненную Зямлю, адкрылі в-аў Эстадас і мыс Горн; у Ціхім ак. — некалькі атолаў у архіпелагах Туамоту і Тонга, а-вы Хорн, усх. бераг Новай Ірландыі і 5 груп астравоў на ПнУ ад яе, а-вы Схаўтэн каля паўн. ўзбярэжжа Новай Гвінеі; наведалі а-вы Хальмахера і Ява.

т. 9, с. 197

ЛЕМЕСО́С (Lemesos),

грэч. назва г. Лімасол на Кіпры.

т. 9, с. 198