Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕС,

прыродны комплекс згуртаванняў лясных раслін і жывёл з пэўным геагр. асяроддзем; адзін з асн. тыпаў расліннага покрыва Зямлі. Узнаўляльны прыродны рэсурс, які забяспечвае ўстойлівасць біясферы. Важны кампанент геагр. ландшафтаў. Складаецца з сукупнасці дрэвавых, кустовых і травяністых раслін, дзе гал. роля належыць дрэвам. Пашыраны на ўсіх кантынентах (акрамя Антарктыды). Займае больш за 27% сушы. Біямаса Л. — 90% наземнай біямасы. Л. вывучае лесазнаўства, лесаводства і інш.

Структура Л. залежыць ад фіз.-геагр. умоў асяроддзя, відавога складу і біял. асаблівасцей раслін (гл. Біягеацэноз). Для Л. характэрна ярусная будова. Звычайна вылучаюць дрэвавыя ярусы (дрэвастой), ярус кустовага падлеску, кусцікавае, паўкусцікавае і травяністае покрыва, ярус імхоў і лішайнікаў, пазаярусныя расліны (ліяны, эпіфітныя расліны на ствалах і ў кронах дрэў). У залежнасці ад складу, умоў і асаблівасцей развіцця вылучаюць вечназялёныя лясы (вільготныя трапічныя, мангравыя, хвойныя; гл. адпаведныя арт.), лістападныя лясы (дробна- і шыракалістыя, мусонныя, саванныя і інш.). Паводле тыпу аднаўлення адрозніваюць насенныя і парасткавыя, паводле паходжання — натуральныя і штучнаствораныя, паводле гісторыі фарміравання — карэнныя і другасныя, па складзе парод — чыстыя і мяшаныя. Л. уздзейнічае на працэсы глебаўтварэння, клімат, кругаварот вільгаці, з’яўляецца адным з планетарных акумулятараў жывога рэчыва ў біясферы; актыўна ўзаемадзейнічае з трапасферай і вызначае ўзровень кіслароднага і вугляроднага абмену. Выконвае водаахоўную, глебаахоўную, рэкрэацыйную і інш. функцыі. Выключная роля Л. ў экалагічнай раўнавазе біясферы, захаванні генет. разнастайнасці раслін і жывёл, як крыніц рэсурсаў для розных галін прам-сці, сельскай гаспадаркі і інш. робяць неабходнымі мерапрыемствы па ахове лясоў, аднаўленні лясоў, лесаразеядзенні.

На Беларусі агульная пл. Л. 8,68 млн. га (1997), лесаўкрытая (без прагалін, высечак, гараў) 7 млн. га, або 35,4% тэр. краіны. Лясістасць асобных раёнаў ад 10 (Нясвіжскі) да 60% (Лельчыцкі). Найб. лясныя масівы на раўнінах (напр., Цэнтральнабярэзінскай) і нізінах (Полацкай, Верхнебярэзінскай, Верхнянёманскай), у Прыпяцкім і Мазырскім Палессі. Растуць 28 абарыгенных відаў дрэў і каля 80 відаў кустоў, паўкустоў і кусцікаў. Асн. лесаўтваральныя пароды — хвоя, елка, дуб чарэшчаты, бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая, ясень, граб, клён вастралісты і ліпа драбналістая. У поймах рэк і на забалочаных глебах участкі таполі белай і чорнай, зараснікі вярбы, бярозы нізкай. Тыповыя Л.: хвойныя (хваёвыя лясы, яловыя лясы), шыракалістыя (грабавыя лясы, дубовыя лясы, ясянёвыя лясы), драбналістыя вытворныя (асінавыя лясы, бярозавыя лясы, шэраальховыя лясы), карэнныя лісцевыя балотныя (пушыстабярозавыя лясы, чорнаальховыя лясы). Пераважаюць хваёвыя Л., яловых менш па Пд (на Палессі трапляюцца рэдка), дубовых — на Пн. У паўн. ч. рэспублікі ўсх.-еўрап. Л. паўднёватаежнага тыпу, у асн. яловыя цемнахвойныя, у паўд. ч. пашыраны шыракалістыя Л. зах.-еўрап. тыпу, у цэнтр. ч. — тыя і другія. Занальнае змяненне Л. пакладзена ў аснову геабатанічнага раянавання.

Літ.:

Юркевич И.Д., Гельтман В.С. География, типология и районирование лесной растительности Белоруссии. Мн., 1965;

Морозов Г.Ф. Избр. труды. Т. 1—2. М., 1970—71;

Мелехов И.С. Лесоведение. М., 1980;

Лесная энциклопедия. Т. 1—2. М., 1985—86.

А.В.Пугачэўскі.

т. 9, с. 212

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км2, даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км2. Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км2) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

«ЛЕСАВІ́К»,

ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей. Выдаецца з 1995 у Мінску на бел. мове 1 раз у 2 месяцы (да 1998 выходзіў як экалагічны часопіс-плакат). Асвятляе разнастайныя аспекты жыцця звяроў і птушак Беларусі і інш. рэгіёнаў. Друкуе фотарэпартажы, маст. творы (апавяданні, вершы, казкі), прысвечаныя прыродзе, якія выхоўваюць любоў да прыроды, Бацькаўшчыны. Мае рубрыкі «Рэха турынага рога» (пра звяроў і птушак, што зніклі з абшараў бел. зямлі), «Год-карагод» (апавяданні пра месяцы года), чытацкія рубрыкі «Мы дружбакі», «Зялёная галерэя», «Фотазагадка» і інш. Праводзіць конкурсы чытачоў.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 212

ЛЕСАВО́ДСТВА,

тэорыя і практыка вырошчвання, догляду, павышэння прадукцыйнасці, рацыянальнага выкарыстання і аднаўлення лясоў. Грунтуецца на даных лесазнаўства. Асн. кірункі Л. — распрацоўка эфектыўных сістэм высечак гал. карыстання, догляду, метадаў аднаўлення лесу, павышэнне прадукцыйнасці шляхам біял. і хім. меліярацыі, увядзення найб. прадукц. дрэвавых.парод, у т.л. інтрадуцэнтаў з мэтай аптымізацыі іх складу і павышэння ўстойлівасці да негатыўных антрапагенных і прыродных уздзеянняў. Гл. таксама Лесакарыстанне, Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесаразвядзенне.

Сучаснае Л. на Беларусі развіваецца з 1920-х г. Яно звязана з дзейнасцю лясных факультэтаў ВНУ і лясных доследных станцый, даследаваннямі К.Б.Ласіцкага, І.Д.Юркевіча, Ф.П.Майсеенкі, Б.Дз.Жылкіна, М.І.Касцюкевіча, А.Л.Саўчанкі, А.М.Кажэўнікава, Ю.М.Азніева і інш. Навук.-даследчая работа па Л. вядзецца ў ін-тах лесу, эксперым. батанікі, генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це.

т. 9, с. 212

ЛЕСАВО́З,

судна для перавозкі круглага лесу і піламатэрыялаў. Мае павялічаныя памеры грузавых люкаў, звычайна адну палубу, прыстасаванні для пагрузкі, перамяшчэння і выгрузкі грузаў. Грузавыя памяшканні прыстасаваны для ўкладкі лесаматэрыялаў асобнымі адзінкамі і ў пакетах. Грузападымальнасць да 30 тыс. т.

Да арт. Лесавоз. Лесавоз-пакетавоз.

т. 9, с. 213

ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),

французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.

Тв.:

Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;

Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.

Г.В.Сініла.

т. 9, с. 213

ЛЕСАЗНА́ЎСТВА,

навука пра лес, яго фарміраванне, структуру, экалогію, біялогію, развіццё, сувязь з навакольным асяроддзем; тэарэтычная аснова лесаводства. Уключае лясную тыпалогію. Карыстаецца метадамі глебазнаўства (пры вывучэнні лясных глеб), кліматалогіі (пры вывучэнні фітаклімату ў лесе), фізіялогіі раслін (пры даследаванні фізіял. працэсаў у фітацэнозах), біяхіміі (пры вывучэнні кругавароту рэчываў паміж ляснымі фітацэнозамі і глебай), дэндралогіі, матэм. статыстыкі і інш. навук.

На Беларусі тыпалагічныя даследаванні лясоў праводзілі рас. лесаводы Н.К.Генко у Белавежскай пушчы (1902—03) і А.А.Крудзенер (1909). Асновы Л. як навукі закладзены ў 1920-я г. ў Горацкім с.-г. ін-це і Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (пасля іх аб’яднання — БСГА), на Мінскай, Жорнаўскай і Цэнтр. лясных доследных станцыях (В.І.Пераход, Г.М.Высоцкі, С.П.Мельнік, Д.І.Таўсталес). Вяліся гідралагічныя і тыпалагічныя даследаванні лясоў, вывучэнне сезоннага развіцця дрэвавых і кустовых відаў і інш. У 1930 створаны Бел. НДІ лясной гаспадаркі (з 1993 Ін-т лесу Нац. АН Беларусі) і Бел. лесатэхн. ін-т (з 1993 Бел. тэхнал. ун-т). Даследаванні па Л. праводзяцца таксама ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі, у запаведніках.

Распрацаваны тэарэт. асновы класіфікацыі тыпаў лесу, іх эколага-фітацэнатычная характарыстыка, метады вывучэння тыпаў лесу па цэнаэлементах, вызначана фармавая разнастайнасць лесаўтваральных парод, вывучаны пытанні плоданашэння і прыроднага аднаўлення лесу, прапанаваны класіфікацыя дрэў у насаджэннях і спосабы іх біял. ацэнкі. Даследаваны глебавыя працэсы пад лесам, біял. кругаварот азоту і попельных элементаў у сістэме лес — глеба, экалагічнае і фітакліматычнае асяроддзе ў лесе, уплыў кіслотнасці глебы, вільготнасці і светлавога рэжыму на дрэвавыя пароды. Выяўлены ўздзеянне экалагічных фактараў на фізіял. і біяхім. працэсы, заканамернасці ўплыву рэжыму і балансу грунтавых вод і глебавай вільготнасці на прадукцыйнасць лясных фітацэнозаў, эколага-фізіял. працэсы ўзаемадзеяння раслін у фітацэнозах. Вядзецца комплекснае вывучэнне ўзаемасувязі кампанентаў лясных біягеацэнозаў, вызначэнне і мадэліраванне гал. эколага-фітацэнатычных параметраў, экалагічны і радыялагічны маніторынг лясных біягеацэнозаў і інш.

т. 9, с. 213

ЛЕСАКАРЫСТА́ННЕ,

комплекснае выкарыстанне лясных рэсурсаў для задавальнення патрэб насельніцтва і нар. гаспадаркі; адзін з відаў прыродакарыстання. Парадак, формы і ўмовы Л. ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца лясным заканадаўствам. Яно павінна адпавядаць патрабаванням аховы лясоў і комплекснага выкарыстання багаццяў лесу.

На тэр. дзярж. ляснога фонду могуць ажыццяўляцца асн. (нарыхтоўка драўніны, жывіцы) і другарадных лясных матэрыялаў (пнёў, лубу, кары і інш.), пабочнае Л. (сенакашэнне, выпас жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка соку, збор пладоў, арэхаў, грыбоў, ягад, лек. раслін, тэхн. сыравіны, насення дрэў і кустоў, моху, ляснога подсцілу). Нарыхтоўка драўніны праводзіцца пры высечках гал. карыстання (у спелых дрэвастоях) і прамежкавага (высечкі пры доглядзе лесу і санітарныя, звязаныя з рэканструкцыяй малакаштоўных лясных насаджэнняў і інш.). Забараняюцца ці абмяжоўваюцца некаторыя віды Л. вакол гарадоў і запаведнікаў у інтарэсах пажарнай бяспекі, вядзення арэхапрамысловай, лесапладовай, лесанасеннай або запаведнай гаспадарак.

т. 9, с. 213

ЛЕСАМАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы з драўніны. Захоўваюць яе прыродную структуру і хім. састаў. Бываюць хвойныя (хвоя, елка, піхта, лістоўніца, кедр) і лісцевыя (бяроза, дуб, асіна, граб, бук, ясень і інш.); неапрацаваныя круглыя (бярвенне, жэрдзе, калы і інш.) і апрацаваныя (піламатэрыялы — дошкі, брусы, брускі, рэйкі, шпалы, а таксама колатыя Л., струганая і лушчаная шпона). Да Л. адносяць і пнёва-каранёвыя масы, сучча, кару, пілавінне, трэскі і інш. Перапрацоўваюцца на лесапільных з-дах, выкарыстоўваюцца пры вытв-сці мэблі, буд. дэталей і канструкцый, у цэлюлозна-папяровай і лесахім. вытв-сці.

Круглыя Л. атрымліваюць распілоўкай ствалоў (хлыстоў) на адрэзкі — сартыменты (кароткія да 2,5 м, доўгія 2,5—8 м, даўгамерныя больш за 8 м). Падтаварнік (дыяметр у верхнім водрубе 8—13 см, даўжыня 3—9 м), жэрдзе (адпаведна 3—7 см і 3—9 м), калы (6 см і да 2,85 м) выкарыстоўваюць для абрашоткі ў пакрыццях, агароджах, насцілах і інш. Гл. таксама Лесанарыхтоўчая прамысловасць, Лесанарыхтоўчыя работы.

І.І.Леановіч.

т. 9, с. 213

ЛЕСАНАРЫХТО́ЎЧАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, па нарыхтоўцы, вывазцы і транспартаванні драўніны. Забяспечвае сыравінай і лесаматэрыяламі лесапільную вытв-сць, дрэваапрацоўчую, цэлюлозна-папяровую, гідролізную, гарнарудную, лесахім. прам-сць, буд-ва, аўта- і вагонабудаванне і інш. галіны нар. гаспадаркі (гл. адпаведныя артыкулы). Эксплуатацыйны фонд — пераважна хвоя, бяроза, елка, вольха, дуб, асіна. Драўнінныя матэрыялы выкарыстоўваюць на вытв. і буд. патрэбы (дзелавая драўніна), паліва (дровы), часткова экспартуюцца. Нарыхтоўка драўніны праводзіцца ў час высечак галоўнага, прамежкавага (санітарныя, пры ўпарадкаванні лесу) карыстання і інш. высечак (напр., квартальныя прасекі, трасы каналаў, газа- і нафтаправодаў, дарогі, расчыстка зямельных участкаў пры перадачы іх для мэт, не звязаных з лясной гаспадаркай). Валка лесу ажыццяўляецца бензапіламі, валачна-тралёвачнымі машынамі, тралёўка — трактарамі, абрэзка сукоў — бензапіламі і сукарэзнымі машынамі, пагрузка — сківічнымі пагрузчыкамі і гідраманіпулятарамі, вываз лесу ў хлыстах на ніжнія склады і спажыўцам — лесавозамі. З дробнатаварнай драўніны і адходаў робяць тэхнал. трэскі. Л.п. найб. развіта ў ЗША, Расіі, Канадзе, Швецыі, Фінляндыі, Бразіліі, некаторых краінах трапічнай Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі.

На Беларусі лесанарыхтоўкі вяліся са стараж. часоў, калі драўніна выкарыстоўвалася на паліва, для буд-ва жылля, абарончых збудаванняў, прылад працы, зброі, посуду, пазней — для будавання ваенных і гандл. суднаў. У 14—16 ст. з’явіліся першыя прававыя акты па рэгуляванні лесанарыхтовак. У канцы 19 — пач. 20 ст. пашырэнне лесанарыхтовак было абумоўлена спрыяльным у гандл. адносінах геагр. размяшчэннем Беларусі, з яе зручнымі для сплаву на Пд і 3 рэкамі, сеткай чыгунак. З 1900 да 1913 штогод вывозілася ням. і англ. фірмамі 4,2 млн. м³ драўніны. У Вял. Айч. вайну было высечана больш за 500 тыс. га каштоўных лясных насаджэнняў, лясістасць знізілася да 19,7% (найменшая за ўсю гісторыю). Аб’ёмы лесанарыхтовак у пасляваенныя гады (1945—50) склалі 68,8 млн. м³, у т.л. галоўнага карыстання 73,5%. У 1990-я г. нарыхтоўку драўніны галоўнага карыстання ажыццяўляюць прадпрыемствы канцэрна «Беллеспаперапрам» (57% ад усяго аб’ёму высечак, 18 вытв. аб’яднанняў і 5 леспрамгасаў), Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (20%) і інш. нарыхтоўшчыкі. Аб’ёмы лесанарыхтовак у 1997 склалі: вываз драўніны (тыс. шчыльных м³) — 5686, у т.л. дзелавой драўніны — 4860. У 1998 для патрэб цэлюлозна-папяровай прам-сці адгружана 130 тыс. м³ хвойных балансаў і для патрэб гідролізнай прам-сці — 120 тыс. м³ трэсак і пілавіння.

Буйнейшыя лесанарыхтоўчыя прадпрыемствы: ААТ «Лунінецлес», ЗАТ «Мазырскі леспрамгас», ААТ «Віцебсклес», ААТ «Полацклес», ААТ «Маладзечналес». Прадукцыя Л.п. экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан.

Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.

Да арт. Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Валка лесу ў Барысаўскім леспрамгасе.
Да арт. Лесанарыхтоўчая прамысловасць. Вывазка хлыстоў.

т. 9, с. 213